viasna on patreon

Выбары ў Мазыры: Рэгіянальны зрэз

2010 2010-12-28T23:28:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mazyr-agit-stend-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Фарміраванне камісій

У Мазырскім раёне амаль нязменным з мінулых выбараў застаўся склад раённай выбарчай камісіі. У яе склад увайшлі 13 чалавек, старшыня камісіі – Пашынскі Міхал Мікалаевіч, кіруючы справамі  Мазырскага райвыканкама, намеснік старшыні –  Прыходзька Юлія Міхайлаўна, дырэктар Мазырскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, сакратар камісіі – Байкова Вераніка Анатольеўна, начальнік арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама. Астатнія сябры камісіі – кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў.

У Мазырскі райвыканкам і прэзідыум Мазырскага райсавета паступіла ўсяго 17 заяваў, пратаколаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад раённай выбарчай камісіі: 6 заяваў ад грамадзян шляхам збору подпісаў, 5 пратаколаў сходаў грамадскіх аб’яднанняў, 2 пратаколы ад кіруючых органаў палітычных партый – Мазырскай раённый арганізацыі КПБ і партыі “Справедлівы свет”, 4 пратаколы  сходаў працоўных калектываў. Сярод грамадскіх аб’яднанняў “традыцыйна” праявілі актыўнасць прадзяржаўныя – арганізацыя ветэранаў, БРСМ, “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, прафсаюзы. Адзіны дэмакратычны прадстаўнік ад апазіцыйнай партыі “Справедлівы свет” юрыст Бокава Е. Ю. аказалася непажаданай для працы ў камісіі і не была ўключана ў яе склад. Няўдалай аказалася і спроба вылучыць ў склад Мазырскай раённай выбарчай камісіі дэмакратычнага прадстаўніка ад групы грамадзян: 25 верасня зранку Рыгор Крывіцкі прынёс у райвыканкам рэгістраваць заяву, але яна не была прынятая.

У мясцовым друку так і не з’явіўся ў семідзённы тэрмін поўны спіс раённай выбарчай камісіі, як таго патрабуе Выбарчы кодэкс (артыкул 34, частка 6).

2 лістапада адбылося паседжанне райвыканкама па ўтварэнні ўчастковых выбарчых камісій у Мазырскім раёне. На ўключэнне ў камісіі ўсяго прэтэндавалі 1 275 чалавек: 377 вылучаліся ад грамадзян шляхам падачы заявы, 475 – ад працоўных калектываў, 423 – ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Разглядала кандыдатуры створаная пры райвыканкаме “працоўная група”.  Усяго ў 81 участковую выбарчую камісію было ўключана 807 чалавек, з іх 226 – вылучаныя заявамі ад грамадзян; 301 – ад працоўных калектываў; 280 – ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Ад апазіцыйных партый у іх трапілі ўсяго 4 прадстаўнікі: 1 з 4-х прэтэндэнтаў ад “Справедлівага свету” і 3 з 10 ад АГП.

Праваабаронца Уладзімір Целяпун распачаў доўгую перапіску з раённай выбарчай камісіяй, пракуратурай, аблваканкамам і ЦВК наконт неадпаведнасці Выбарчаму кодэксу РБ некаторых функцый гэтак званай “працоўнай групы”. У выніку высветлілася, што “працоўная група” не мела паўнамоцтваў рыхтаваць рашэнне аб прызначэнні людзей ва ўчастковыя камісіі. А Гомельскі аблвыканкам, пакрываючы незаконнасць дзеянняў “працоўнай групы” у пытанні ўтварэння ўчастковых камісій, на зварот праваабаронцы ўжо паведаміў, што рашэнне аб іх утварэнні рыхтавала “спецыяльная камісія”, створаная райвыканкамам. Аднак, па словах праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна, ранейшыя адказы (іх было два) з Мазырскага райвыканкама ўвогуле не ўзгадвалі пра камісію, а апраўдвалі дзейнасць "працоўнай групы".

Збор і праверка подпісаў

У Мазырскім раёне найбольш заўважнымі былі прадстаўнікі ініцыятыўных груп Андрэя Саннікава, Віталя Рымашэўскага, Уладзіміра Някляева і Яраслава Раманчука. Адначсова фіксаваліся выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за дзеючага прэзідэнта. Так, прадстаўнікі праўладнага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” збіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку ў дзіцячых садках і школах у працоўны час. Такі факт зафіксаваў каардынатар арганізацыйнага камітэту па стварэнні партыі БХД па Мазырскаму рэгіёну Алесь Кавальчук.

Падчас праверкі подпісаў назіральніку Уладзіміру Целяпуну было адмоўлена азнаёміцца з подпісамі, сабранымі ў Мазыры за Цярэшчанку і Міхалевіча. Пры праглядзе подпісаў за вылучэнне А. Лукашэнкі былі заўважаны запоўненыя аркушы цалкам адной рукой і не почыркам члена ініцыятыўнай групы. Пры спробе высветліць гэтыя акалічнасці спісы былі забраныя без усялякіх тлумачэнняў.

На паседжанні раённай выбарчай камісіі па зацвярджэнні подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдатаў, па прапанове старшыні камісіі Пашынскага М.М. былі зацверджаныя ўсе, нягледзячы на тое, што ў членаў камісіі былі заўвагі.

Перадвыбарная агітацыя

Мазырскі райвыканкам не на ўсіх тэрыторыях выбарчых участкаў вылучыў недастткова месцаў для размяшчэння друкаваных агітацыйных матэрыялаў. На гэты конт давераныя асобы кандыдатаў у прэзідэнты і праваабаронцы накіроўвалі скаргі ў райвыканкам, аблвыканкам, пракуратуру, ГРАУС, ЦВК.

Так, кіраўнік перадвыбарчага штабу А. Саннікава па Мазырскаму раёну Рыгор Крывіцкі палічыў, што рашэнне Мазырскага райвыканкама аб вызначэнні месцаў для правядзення кандыдатамі ў прэзідэнты, іх даверанымі асобамі агітацыйных мерапрыемстваў не ў поўнай ступені ўлічвае патрабаванні Выбарчага кодэкса РБ. Напрыклад, у мікрараёне "Чыгуначны", у Баравіках, у Целепунах, па вул. Савецкай у накірунку Новікаў  не былі вызначаны месцы для размяшчэння друкаваных матэрыялаў. Праблематычна было  размясціць плакаты кандыдатаў на наяўных у горадзе інфармацыйных стэндах: яны паўсюдна былі залеплены афішамі кінатэатраў і Дамоў культуры.

Мазырскім райвыканкамам так і не былі даведзены да ладу некаторыя месцы для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў: стэнд для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў мікрараёна «Маладзёжны», дошка аб’яў у раёне крамы «Родная сторона» ААТ «Универсам «Центральный» і інш. У выніку падачы скаргаў праваабаронцамі і даверанымі асобамі кандыдатаў 30 лістапада Мазырскі райвыканкам значна пашырыў колькасць месцаў для правядзення перадвыбарнай агітацыі.

Шэраг давераных асоб А. Лукашэнкі напоўніцу выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс падчас агітацыі. Так, падчас канцэрта “За моцную і квітнеючую “Беларусь”, які праходзіў 4 снежня на плошчы Леніна ў Мазыры (месца не было ў шэрагу дазволеных для агітацыі), выступіў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Пятро Кірычэнка. Ён заклікаў жыхароў горада падтрымаць курс улады і галасаваць за цяперашняга прэзідэнта, “зрабіць правільны выбар і тым самым забяспечыць годную будучыню дзецям і ўнукам”. Па факту незаконнай агітацыі мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун накіраваў скаргі ў раённую выбарчую камісію, райвыканкам і пракуратуру.

На выбарчых участках Мазырскага раёна адсутнічалі інфармацыйныя матэрыялы пра кандыдатаў, акрамя аднаго - А.Лукашэнкі. Даверанай асобай кандыдата В. Рымашэўскага А. Кавальчуком былі напісаны скаргі па адмове размяшчаць падобныя матэрыялы за гэтага кандыдата на выбарчых участках, установах, указаных у рашэнні Мазырскага райвыканкама.

Ход галасавання 

Напярэдадні датэрміновага галасавання давераная асоба Рымашэўскага па Мазырскім раёне Аляксандр Кавальчук, незалежны назіральнік Рыгор Крывіцкі і іншыя дэмакратычныя актывісты прапанавалі ўчастковым камісіям раёна вызначыць дакладную працэдуру падліку галасоў выбаршчыкаў, аднак іх прапановы не былі падтрыманы.

Датэрміновае галасаванне ў Мазырскім раёне выявіла шмат траблем. На шмат якіх выбарчых участках скрыні мелі вяікія шчыліны, а побач усе 5 дзён і начэй знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі.

Старшыня ўчастковай камісіі №17 Макушынскі А.У. выдзяляў службовы транспарт для дастаўкі на ўчастак і назад дамоў выбаршчыкаў для датэрміновага галасавання.

У дзень галасавання на выбарчых участках №№17, 18, 37, 25 і іншых скрыні для галасавання знаходзіліся па-за полем зроку назіральнікаў і членаў выбарчых камісій. Пры падачы акта назіральнікам У. Целяпуном старшыні камісіі А. Макушынскаму з патрабаваннем неадкладна ўхіліць парушэнне, у падзеі ўмяшаўся дзяжурны міліцыянер Канопліч, які пагражаў выдаліць назіральніка “за спробу ствараць перашкоды працы камісіі”.

Падчас галасавання былі выпадкі галасавання адной асобы па розных пашпартах (Іван Шэшка), галасаванне на двух участках (на №17 па пенсійным пасведчанні, на №18 - па пашпарту Гапоненка М.). Былі выпадкі, калі грамадзяне прыходзілі галасаваць (Будовіч М.) на ўчастак, а высвятлялася, што яны ўжо прагаласавалі. Былі заўважаны разыходжанні прагаласаваўшых па падліках назіральнікаў і пратаколамі УВК (выбарчыя ўчасткі №17, 25, 37 і інш.)

Пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў была ўтвораная група з нячленаў выбарчай камісіі - з двух маладых людзей (сябраў БРСМ), для якіх выпісваліся прозвішчы выбаршчыкаў аддаленых вуліц (Бумажкова, завулкі Заслонава). Яны выязджалі туды, абыходзілі дамы і прасілі людзей галасаваць, хаця жыхары з такой прапановай не звярталіся. Па працы гэтай групы была скарга ў райвыканкам ад абураных жыхароў гэтых вуліц.

Пры падліку галасоў назіральнікі знаходзіліся на адлегласці 3-5 метраў ад стала, дзе ён праводзіўся. Падпісваць копіі пратаколаў назіральнікам члены камісіі адмаўляліся.

Усяго за перыяд выбараў мазырчукамі было накіравана каля 20 скаргаў у розныя інстанцыі, па некаторых з якіх дагэтуль не атрыманыя адказы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства