viasna on patreon

Выбары ў Барысаве: Рэгіянальны зрэз

2010 2010-12-28T22:47:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barysauski-rajvykankam.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барысаўскі райвыканкам

Барысаўскі райвыканкам

Двойчы пад час перадвыбарчай кампаніі апазіцыянеры звярталіся ў Барысаўскі суд. І абодва разы ў сувязі з прадузятым стаўленнем да сваіх прадстаўнікоў пры фармаванні камісій. Першы пазоў датычыўся неўключэння ў склад ТВК прадстаўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Рэгіны Вільтоўскай. Суддзя Барысаўскага раённага суду Наталля Хіравец прызнала неўключэнне апазіцыянеркі ў склад раённай камісіі правамерным.

Другі пазоў падавала гарадская першасная арганізацыя прафсаюза РЭП у сувязі з тым, што дзевяць прадстаўнікоў арганізацыі не былі ўключаныя ў склад участковых камісій. Суддзя Барысаўскага раённага суду Алена Самцэвіч прызнала неўключэнне прадстаўнікоў РЭП у склад сябраў участковых выбаркамаў не парушаючым заканадаўства. Заўважым, што ў камісіі не ўключылі яшчэ і больш дваццаці прадстаўнікоў АГП.

У выніку, ні ў тэрытарыяльнай, ні ў адной з участковых камісій не было прадстаўнікоў ад апазіцыі. А вялі падлік галасоў сябры ФПБ, «Белай Русі», БРСМ, Саюза афіцэраў, савета ветэранаў, КПБ і нават «Чырвонага Крыжа». Дарэчы, у пераважнай большасці камісіі больш чым напалову складаліся з людзей, якія на працягу апошніх гадоў ўдзельнічалі ў працы выбаркамаў.

Звароты ў ТВК з просьбай дазволіць прысутнасць пры абмеркаванні кандыдатур ва ўчастковыя камісіі назіральнікаў, зарэгістраваных у Барысаўскай раённай камісіі, Марыны Статкевіч і Алега Мацкевіча, станоўчага адказу таксама не мелі. Не дапамагла нават скарга ў ЦВК і ў Мінскую абласную камісію. Адтуль прыйшлі адказы аб правамоцнасці забароны.

Наогул, ЦВК ігнаравала барысаўскіх заяўнікаў. Заяву праваабаронцы Алега Мацкевіча з канкрэтнымі прапановамі па ўдасканаленні працэдуры падліку галасоў ЦВК адхіліла; метады працы Барысаўскай ТВК без назіральнікаў падчас «працоўных момантаў» ЦВК назвала працэсам праверкі подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты і «апраўдала»; Цэнтральная камісія прызнала не парушаючым выбарчага заканадаўства сустрэчу з выбаршчыкамі ў працоўны час даверанай асобы кандыдата Лукашэнкі. Правамоцным прызнала ЦВК распаўсюд агітацыйных паштовак за кандыдата Лукашэнка службовымі асобамі ў працоўны час, на якое скардзіўся праваабаронца Алег Мацкевіч.

Адзіны раз, калі ЦВК пагадзілася з заяўнікам (даверанай асобай кандыдата Някляева Міхаілам Васільевым), датычыўся недастатковасці месцаў для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў па-за памяшканнямі. Тады ЦВК звярнулася ў Мінаблвыканкам з просьбай рэкамендаваць барысаўскім уладам павялічыць колькасць такіх месцаў.

Паказчыкам выбарчай «празрыстасці» у Барысаве стаў падлік галасоў 19 снежня. Падчас падліку галасоў на ўчастку № 38 старшыня ўчастковай камісіі Уладзімір Шкаруба нават выдаліў незалежных назіральнікаў. Назіральнікі з сямі участкаў Барысава вымушаны былі напісаць скаргі, паколькі замест працэсу падліку галасоў маглі бачыць толькі спіны сябраў камісій.

Ужо ў аўторак, 20 снежня, Барысаўская ТВК агучыла папярэднія вынікі выбараў у Барысаўскім раёне. Агульная колькасць выбаршчыкаў па Барысаўскаму рэгіёну - 140304 чалавек. Прынялі ўдзел у галасаванні - 121 780 чалавек. За Рыгора Кастусёва прагаласавала 2986 выбаршчыкаў (2,5%), за Аляксандра Лукашэнку - 97983 выбаршчыка (80,5%), за Аляксея Міхалевіча - 1489 выбаршчыкаў (1,2%), за Уладзіміра Някляева - 2109 выбаршчыкаў (1,7 %), за Яраслава Раманчука - 1218 выбаршчыкаў (1%), за Віталя Рымашэўскага - 1146 выбаршчыкаў (0,9%), за Андрэя Саннікава - 3561 выбаршчыкаў (2,9%), за Мікалая Статкевіча - 1430 выбаршчыкаў (1,2 %), за Віктара Цярэшчанка - 1259 выбаршчыкаў (1,03%), за Дзмітрыя Уса - 1276 выбаршчыкаў (1,05%), паведаміў сайт выканкамаўскай газеты.

Пацвердзіць або абвергнуць гэтыя лічбы назіральнікі і прадстаўнікі апазіцыі проста не могуць. Падводзячы вынік перадвыбарчай кампаніі, можна толькі канстатаваць: празрыстасць яе ў Барысаве хутчэй уяўная, чым рэальная.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства