viasna on patreon

Выбары на Гомельшчыне: Рэгіянальны зрэз

2010 2010-12-25T01:14:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gomelskajavoblasc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пры адлюстраванні ходу выбарчай кампаніі ў Гомельскай вобласці крыніцамі інфармацыі былі афіцыйныя сайты Гомельскага аблвыканкама і гарвыканкама, райвыканкамаў, матэрыялы сайтаў раённых газет. Варта заўважыць, што як на сайтах гар- і райвыканкамаў, так і абласной газеты «Гомельская праўда» і раённых выданняў, інфармацыя пра выбарчую кампанію падавалася коратка і афіцыйна – у асноўным з выкарыстаннем паведамленняў ЦВК пра розныя этапы – збор подпісаў, агітацыю і г.д. Пераважная большасць газетнай плошчы аддавалася дзеючаму кіраўніку дзяржавы, кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Лукашэнка і дасягненням беларускай улады. У шэрагу раённых газет былі створаны адмысловыя рубрыкі: «Ад выбараў да выбараў», «Вынікі пяцігодкі», у якіх падавалася інфармацыя выключна пра пазітыўныя моманты працы ўладных структур за мінулыя гады. Падчас падрыхтоўкі і правядзення Усебеларускага сходу матэрыялы абласной і раённых газет былі прысвечаны ў пераважнай ступені менавіта гэтай падзеі, а не выбарчаму працэсу. Дзевяць альтэрнатыўных кандыдатаў у дзяржаўнай прэсе Гомельскай вобласці не персаналізаваліся, а падаваліся як адзіны калектыў, штучна стваралася ўражанне, якое падмацоўвалася «меркаваннямі простых грамадзян», што ўсе кандыдаты – на адзін твар, маюць адзіную праграму. Пры чым нават у такіх матэрыялах прозвішчы кандыдатаў не называліся.

На этапе збору подпісаў раённыя газеты асвятлялі гэты працэс практычна толькі праз рэпартажы пра збор подпісаў членамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. У адной толькі газеце - «Петрыкаўскія навіны» адзін раз былі прыведзены нейтральна два прозвішчы кандыдатаў – Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага.

Найбольш актыўна падчас збору подпісаў у рэгіёне працавалі ініцыятыўныя групы Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава. Прычым на этапе збору подпісаў улады амаль не чынілі перашкод. Былі праблемы з доступам членаў ініцыятыўных груп у студэнцкія інтэрнаты. Нягледзячы на тое, што намеснік старшыні Гомельскай абласной камісіі Аляксандр Усаў прызнаў, што перашкоды пры зборы подпісаў у інтэрнатах штучна створаныя, і сябрам ініцыятыўных груп дазволена гэта рабіць, усё роўна ў інтэрнаты трапіць было немагчыма. Тым часам сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі збіралі подпісы з парушэннем Выбарчага кодэксу: на працоўных месцах, у працоўны час. Напрыклад, прарэктар БелДУТ Галіна Чаянкова збірала подпісы ў ВНУ. На скаргі праваабаронцаў з ЦВК і Генеральнай пракуратуры быў дадзены адказ, што на той час прарэктар была ў адпачынку, значыць, не магла ўплываць на студэнтаў, і адміністрацыйны рэсурс не выкарыстоўваўся. Не адрэагавалі ўлады, у прыватнасці, ЦВК і абласная камісія і на тое, што адміністрацыя БелДУТ склала адмысловы план мерапрыемстваў, звязаных з выбарамі, згодна якому ўся адміністрацыя ВНУ і выкладчыкі па сутнасці павінны былі працаваць на аднаго кандыдата – Аляксандра Лукашэнку.

На этапе агітацыі ў давераных асобаў кандыдатаў узнікалі спрэчныя моманты з уладамі. Напрыклад, Юрыю Клімовічу, даверанай асобе Віталя Рымашэўскага, не дазволілі правесці сустрэчу з выбаршчыкамі ў Гомельскім абласным доме творчасці, дырэктар якога сказаў, што «нагі тут не будзе ніякіх кандыдатаў». Валерыю Сляпухіну, даверанай асобе кандыдата Уладзіміра Някляева, гарвыканкам не дазволіў правесці сустрэчу з выбаршчыкамі на стадыёне «Цэнтральны», прычым было адмоўлена ў гэтым нават пры ўмове аплаты арэнды.

У Гомелі ў час агітацыі прайшлі сустрэчы выбаршчыкаў амаль з усімі кандыдатамі ў прэзідэнты, апрача Аляксандра Лукашэнкі і Алеся Міхалевіча. За дзеючага кіраўніка дзяржавы з электаратам сустракаліся яго давераныя асобы – старшыня аблвыканкама Аляксандр Якабсон, гарвыканкама – Віктар Піліпец, генеральны дырэктар «Гомсельмаш» Валерый Жмайлік. Дадзеныя асобы сустрэчы з выбаршчыкамі праводзілі ў працоўны час, напоўніцу выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, прыцягваючы да гэтага кіраўнікоў райвыканкамаў, прадпрыемстваў, ВНУ, іншых навучальных устаноў.

У Гомельскай вобласці маніторынг выбараў праводзілі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», «За справядлівыя выбары», а таксама незалежныя назіральнікі з ліку сябраў Руху «За свабоду» і каманд кандыдатаў.

У Гомельскай вобласці назіральнікі кампаніі «За справядлівыя выбары» працавалі на 39 участках, з якіх 17 – у абласным цэнтры. Былі задзейнічаны ў назіранні 160 чалавек, паведаміў гомельскі каардынатар кампаніі Васіль Палякоў. На ўсіх 39 участках назіральнікі зрабілі камісіям прапанову кругласутачна назіраць за урнай у мэтах яе захаванасці. Але ўчастковыя камісіі адказалі адмовай. Таксама назіральнікі ўсіх участкаў зрабілі прапанову, звязаную з парадкам падлікаў галасоў: прасілі членаў камісіі, каб яны ўголас агучвалі змест кожнага бюлетэня, і раскладвалі іх па стопках за кожнага кандыдата. Таксама прасілі даць магчымасць пералічыць стопкі, але на ўсе свае прапановы атрымалі адмову.

На участку №22 Цэнтральнага раёна Гомеля быў пазбаўлены акрэдытацыі назіральнік Уладзімір Анфілаў, які спрабаваў сфатаграфаваць пячатку на урне. Пасля пададзенай скаргі ЦВК парэкамендавала ўчастковай камісіі вярнуць назіральніку акрэдытацыю, але гэтага зроблена не было. Дадзены ўчастак, размешчаны ў ГДУ ім.Ф.Скарыны, падаў, напэўна, самую высокую яўку выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасавання. За пяць дзён тут прагаласавалі 70%. І не выпадкова: галасуюць на ўчастку ў асноўным студэнты, а старшынёй камісіі з'яўляўся прарэктар універсітэта Сяргей Ханеня. Таксама ў склад камісіі ўвайшлі дэкан філалагічнага факультэта і выкладчыкі ВНУ.

У пракуратуру была пададзена заява аб тым, што на участку №28 Савецкага раёна дадзеныя камісій аб колькасці прагаласаваўшых выбарцаў у першы дзень датэрміновага галасавання значна разыходзіліся з падлікамі назіральнікаў: 26 чалавек супраць лічбы 52, абвешчанай камісіяй. Адказ на скаргу так і не быў атрыманы.

У ЦВК была пададзена скарга аб значных разыходжаннях прагаласаваўшых. Асабліва вялікія разыходжанні зафіксавалі назіральнікі на ўчастках №№ 13, 14, 28, 46, 47, 49 Савецкага раёна, №44 Цэнтральнага раёна, №19 Навабеліцкага раёна. У сярэднім, згодна з падлікамі назіральнікаў на гэтых участках, прагаласавалі каля 60% выбаршчыкаў, а па афіцыйных дадзеных участковых камісій – каля 90%.

У Гомельскай вобласці 31 дэмакратычны актывіст быў уключаны ў склад участковых камісій. З іх ні адзін не меў магчымасць пералічыць усе бюлетэні на сваім участку, як падчас, так і пасля асноўнага падліку.

На пераважнай большасці ўчасткаў назіральнікі не мелі рэальнай магчымасці назіраць за падлікам галасоў, бо немагчыма гэта было зрабіць з адлегласці 5-15 метраў. На ўчастку №22 Цэнтральнага раёна назіральнікам дазволілі быць на адлегласці 2 метраў ад стала, дзе лічылі бюлетэні, але аб'ектыўна яны таксама не маглі сачыць за працэсам і за тым, за каго выбаршчыкі аддалі свае галасы.

На ўчастку №20 у Цэнтральным раёне камісія праводзіла паседжанне ў адным памяшканні, а назіральнікаў адправілі ў іншае памяшканне, прычым уваход у памяшканне, дзе была камісія, заставілі крэсламі. Пры галасаванні на даму назіральнікам не дазвалялася ісці разам з сябрамі ўчастковай камісіі. На большасці кантралюемых участкаў парушаўся артыкул 55 Выбарчага кодэксу, участковыя камісіі не лічылі галасы, аддадзеныя ў час датэрміновага галасавання і асноўны дзень асобна, а ўсе бюлетэні лічыліся разам. На заўвагі і скаргі назіральнікаў члены ўчастковых камісій не рэагавалі, а наадварот – пагражалі назіральнікам пазбаўленнем акрэдытацыі, што было і зроблена ў Петрыкаве і Добрушы.

Праваабаронцам паступалі скаргі ад грамадзян на тое, што ў спісах выбаршчыкаў ёсць нябожчыкі, але, напрыклад, Савецкая раённая камісія (Гомель) не адрэагавала на скаргу выбаршчыка, а наадварот, абвінаваціла яго ў тым, што ён перашкаджае працы камісіі.

18 снежня гомельскія ўлады раскруцілі махавік рэпрэсій: вечарам 18 снежня на вуліцы Кожара ў Гомелі быў затрыманы Юрый Клімовіч, давераная асоба кандыдата Віталя Рымашэўскага. Яго прафесійна скруцілі чатыры міліцыянеры ў цывільным, завезлі ў Цэнтральны РАУС, склалі пратакол за лаянку, і ў той жа вечар завезлі ў ІЧУ. Раніцай 19 снежня каля чыгуначнага вакзала ў Гомелі быў затрыманы міліцыяй Юрый Захаранка, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Абвінаваціўшы актывіста ў лаянцы ў грамадскім месцы, яго таксама завезлі ў ІЧУ. Каля 14.00 19 снежня быў затрыманы міліцыяй Валерый Сляпухін, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева. Яго таксама абвінавацілі ў лаянцы ў грамадскім месцы і завезлі ў ІЧУ. Раніцай 20 снежня ў судзе Савецкага раёна Юрый Захаранка атрымаў 12 сутак арышту, суд Цэнтральнага раёна пакараў Валерыя Сляпухіна 12 суткамі, а Юрыя Клімовіча – 15 суткамі арышту. Прычым рашэнні выносіліся за закрытымі дзвярыма – журналістаў і праваабаронцаў не пусцілі ў будынак суда Цэнтральнага раёна па загаду суддзі Марыны Домненка. Варта заўважыць, што менавіта суддзя Марына Домненка стала, кожны год выносіць рашэнні па адміністратыўных правапарушэннях у адносінах апазіцыянераў і грамадскіх актывістаў – ад буйных штрафаў да арыштаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства