viasna on patreon

Салігорск: Праблемы пры абскарджанні вынікаў выбараў

2010 2010-12-22T18:54:59+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nasanovichlarysa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Насановіч

Ларыса Насановіч

Салігорская раённая камісіі і пракуратура не пажадалі прымаць заявы ў прадстаўнікоў Яраслава Раманчука па абскарджанні вынікаў выбараў на некаторых участках горада.

Распавядае давераная асоба кандыдата Раманчука ў Салігорску Ларыса Насановіч (на здымку):

- Як давераная асоба кандыдата я прысутнічала пад час падліку бюлетэняў на ўчастку №25. Працэс падліку адбываўся з відавочнымі парушэннямі. Тыя падлічаныя і раскладзеныя за кандыдатаў стосы бюлетэняў, якія я асабіста мела магчымасць назіраць, не адпавядалі лічбам, агучаным у выніковым пратаколе. Натуральна, мы падрыхтавалі з гэтай нагоды адпаведныя скаргі ў тэрытарыяльную выбарчую камісію і  пракуратуру.

Аналагічная сітуацыя была на 24-м участку ў назіральніка ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Цацуры:

- У мяне была магчымасць бачыць падлік у непасрэднай блізасці ад стала. Я адмыслова сачыў за стосам з падлічанымі бюлетэнямі за Лукашэнку. Гэты стос быў меншы за стосы бюлетэняў у падтрымку Някляева і Раманчука. Гэта заўважыў старшыня камісіі, падбег да стосаў, пачаў іх перакладаць туды-сюды. Потым схапіў, аднёс ужо на свой стол і расклаў наноў. Мая просьба пераправерыць наноў раскладзеныя бюлетэні была катэгарычна адхілена. У канчатковым пратаколе лічбы не адпавядалі таму, што я бачыў на ўласныя вочы.

Улічваючы гэтыя абставіны,  Л.Насановіч, А.Цацура, а таксама назіральнік Малочка з 15-га ўчастка падрыхтавалі заявы з патрабаваннем правесці падлік бюлетэняў на гэтых участках наноў. 21 снежня каля 12:00 прадстаўнікі Яраслава Раманчука накіраваліся ў Салігорскую выбарчую камісію, праца якой, аднак, была ўжо спынена і адпаведная шыльда з дзвярэй была прыбраная. У будынку выканкаму, дзе месціцца камісія, была выпадкова сустрэтая сакратарка камісіі Радзюк, якая заявіла, што "камісія ўжо закрытая" і адмовілася прымаць скаргі.

- Мы адразу накіраваліся ў пракуратуру. Аднак і там скаргі ў нас прымаць катэгарычна адмовіліся. Што праўда, прадстаўнікі пракуратуры зрабілі званок у камісію і патлумачылі ім іх абавязкі, у якія ўваходзіць і разгляд заяваў па абскарджанні вынікаў. Пасля гэтага у Салігорскім выбаркаме нашы скаргі ўсё ж былі прынятыя. Тым не менш, сама пракуратура іх прымаць адмовілася. Прышлося даслаць іх ім праз пошту, - паведаміла Ларыса Насановіч.

На дадзены момант аб выніках разгляду скаргаў і праверкі пракуратуры прадстаўнікам Яраслава Раманчука не паведамлялася. Варта адзначыць, што аб выніках разгляду скаргаў доўгатэрміновага назіральніка Л.Мархоткі па выяўленых фактах значнага завышэння колькасці датэрмінова прагаласаваўшых на адным з участкаў Салігорска і па іншых парушэннях, накіраваных ім у пракуратуру ў дзень выбраў, прадстаўнікамі пракуратуры таксама дагэтуль нічога не паведамляецца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства