viasna on patreon

“Правабаронцы за свабодныя выбары”: Выклікае занепакоенасць непрапісанасць працэдуры захоўвання бюлетэняў падчас датэрміновага галасавання

2010 2010-12-19T21:32:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pzv-19-12-2010.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя “Правабаронцаў за свабодныя выбары” 19 снежня 2010 года

Прэс-канферэнцыя “Правабаронцаў за свабодныя выбары” 19 снежня 2010 года

Датэрміновае галасаванне і праблемы на выбарчых участках сталі тэмай праведзенай 19 снежня прэс-канферэнцыі кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары”. Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Алег Гулак і намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч канстатавалі: невялікая палёгка ў плане дэмакратыі ёсць, але ў цэлым выбарчы працэс выклікае пэўны недавер.

Як адзначыў А.Гулак, палёгка дэмакратыі, калі казаць справядліва, назіраецца ў тым, што, у адрозненне ад мінулых выбараў прэзідэнта, няма масавых прэвентыўных затрыманняў і арыштаў прадстаўнікоў апазіцыі. Аднак на сярэдзіну дня 19 снежня па Беларусі ёсць паведамленні аб амаль трох дзесятках затрыманых. Большасць з іх была адпушчана пасля высвятлення асобы і папярэджання аб недапушчальнасці ўдзелу ў мітынгу. Некалькі чалавек працягваюць знаходзіцца пад вартай, супраць некалькіх з іх узбуджаны крымінальныя справы.

Што ж датычыцца датэрміновага галасавання, то, як падкрэсліў В.Стэфановіч, выклікае занепакоенасць непрапісанасць працэдуры захоўвання бюлетэняў падчас яго. Таму на розных участках узнікаюць розныя прачытанні закону і практычныя дзеянні. “Цэнтрвыбаркам не ўрэгуляваў і не апісаў працэдуру захавання бюлетэняў ў час датэрміновага галасавання, - сказаў правабаронца. – У некаторых выпадках памяшканне з скрынямі для галасавання апячатваецца, у некаторых – не. Супрацоўнікі міліцыі недзе знаходзяцца каля будынка, дзе ідзе галасаванне, недзе – у будынку, а ў некаторых выпадках іх пакідаюць проста ўнутры памяшканнях са скрынямі”. Няма пэўнай нормы ў заканадаўстве і пра месцазнаходжанне сяброў камісій падчас перапынка ў іх працы і пасля галасавання. А паколькі, згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэксу, назіральнікі маюць права назіраць за выбарчым працэсам толькі падчас галасавання, то яны не бачаць, што адбываецца ў перапынках і пасля сканчэння волевыяўлення.

В.Стэфановіч звярнуў таксама ўвагу на тое, што прымус да датэрміновага галасавання, на якое масава скардзяцца правабаронцам грамадзяне, фактычна прызнаны ЦВК. Так, сакратар ЦВК спадар Лазавік сказаў: студэнтаў ніхто не прымушаў галасаваць датэрмінова, іх проста папрасілі. Але такія “просьбы” – адкрытае выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, кажа юрыст. Бо выбары ў нашай краіне з’яўляюцца справай добраахвотнай – чалавек мае права не галасаваць зусім альбо галасаваць у выбраны дзень.

“Мы назіраем тэндэнцыю росту прымусу да датэрміновага галасавання на дзяржпрадпрыемствах, асабліва ў малых гарадах”, - паведаміў правабаронца.

Алег Гулак узняў сярод іншага тэму становішча незалежных назіральнікаў на ўчастках. Назіральнікі маглі прысутнічаць на ўчастках, сказаў ён, але ім было вельмі цяжка атрымліваць дадзеныя аб колькасці выбаршчыкаў. Альбо гэтыя звесткі былі недакладныя. Мелі месца папярэджанні назіральнікаў, ціск на іх, у выніку чаго многія аказваліся перад дылемай: пісаць скаргі на ўскрытыя парушэнні і быць выгнанымі з участкаў – альбо паводзіць сябе ціха і менш прыкметна, але “захаваць сваю прысутнасць на ўчастку да канца”? Тым не менш, “асноўныя праблемы не на ўчастках, а ў агульнай атмасферы стаўлення да выбараў”, дадае старшыня БХК. Напрыклад, тое, што ЦВК не даў дазволу на кругласутачную прысутнасць незалежных назіральнікаў на ўчастках, зуісм не падвышае даверу да выбараў. “Ва ўмовах, калі так шмат пытанняў адносна адкрытасці галасавання, Цэнтрвыбаркам мог бы быць і больш адкрытым”, - мяркуе ён. Па словах А.Гулака, пакуль цяжка абагульнена казаць пра нейкую сістэму, гэта будзе вядома пазней, але ж ёсць дадзеныя, якія насцярожваюць. Скажам, назіраецца розніца ў разы ў колькасці прагаласаваўшых на ўчастках з незалежнымі назіральнікамі і без іх. Акрамя таго, частка назіральнікаў кажа пра перашкоды пры намеры прысутнічаць пры галасаванні на даму. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства