viasna on patreon

Дэмакратычнага актывіста выключылі са складу выбарчай камісіі

2010 2010-12-17T15:15:21+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Рашэнне пра выключэнне прадстаўніка Партыі БНФ са складу ВК № 4  прыняў чыноўнік Ленінскага райвыканкама горада Мінска.

У пастанове гаворыцца, што “рашэннем Адміністрацыі Ленінскага  раёна № 1389 ад 17 снежня 2010 года спынены паўнамоцтвы  Шпака-Рыжкава Юрася, як сябра участковай выбарчай камісіі № 4 Ленінскага раёна г. Мінска па выбарам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за парушэнне артыкула 36 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь”. Дакумент падпісаў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы В.В. Піскуноў.

Згодна з Выбарчым кодэксам, паўнамоцтвы сябра камісіі  перапыняюцца органам, які яе стварыў, пры парушэнні сябрам камісіі патрабаванняў Выбарчага кодэксу альбо сістэматычным невыкананнем ім сваіх абавязкаў. Рашэнне пра выключэнне са складу камісіі можа быць абскарджана ў судзе у трохдзённы тэрмін. Магчыма, менавіта таму чыноўнікі райвыканкама цягнулі з выключэннем да сённяшняга дня, каб суд меў законныя падставы не паспець аднавіць Юрася Шпака-Рыжкава ў складзе камісіі да дня асноўнага галасавання 19 снежня.

Прычынай рэпрэсіўных мераў з боку ўладаў, як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", стала дакументальнае фіксаванне Шпак-Рыжкавым фактаў фальсіфікацый выбараў. Апошняй кропляй стала тое, што ён змог сфатаграфаваць вялізныя "дзіркі" ў скрынях для бюлетэняў, праз якія лёгка ўкінуць новыя бюлетэні з "правільнымі" вынікамі галасавання, распавядае Шпак-Рыжкоў. У дадатак, актывіст пабачыў, што ў скрынях адсоўваюцца накрыўкі, а лічбы прагаласаваўшых датэрмінова выбарцаў завышаюцца. Але найбольш абурыла ўлады тое, што з гэтымі парушэннямі сябра камісіі азнаёміў міжнародных назіральнікаў з місіі АБСЕ.

Дарэчы, на выбарчым участку № 4 Ленінскага раёна зарэгістраваныя ў якасці назіральнікаў два прадстаўнікі Руху "За Свабоду". Зладжаная праца дэмакратычных актывістаў дазволіла эфектыўна выяўляць парушэнні, з чым не змаглі мірыцца мясцовыя ўлады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства