viasna on patreon

Мастакі выступілі ў абарону Алеся Пушкіна

2010 2010-12-14T18:45:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be
З нагоды арышту мастака Алеся Пушкіна.
Сябры творчай суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоўдужа занепакоены сітуацыяй, якая склалася вакол нашага калегі, вядомага мастака Алеся Пушкіна. 8 снежня мастак быў арыштаваны, і Крупскі раённы суд прысудзіў яму 13 сутак адсідкі нібыта за злоснае хуліганства. Толькі за тое, што мастак выправадзіў з двара ўласнага дома нязванага госця, які да таго ж быў у нецвярозым стане. Мы не маем намеру ціснуць на правасуддзе, але выклікае вялікі сумнеў тое, што Алесь Пушкін учыніў злоснае хуліганства, ударыўшы незнаёмца. У экстрэмальных умовах, у якіх не раз быў мастак, такога за ім не заўважалася. За ўсё сваё жыццё ён ні разу нікога не ўдарыў. Помніцца яго першы перформанс, які ён наладзіў, будучы студэнтам Акадэміі мастацтваў. Тады на яго накінуліся міліцыянты і пачалі жорстка збіваць. Адзін з іх моцна ўдарыў мастака па левай шчацэ. Алесь, схамянуўшыся, тут жа падставіў яму правую. Міліцыянта пасля такіх паводзін студэнта-мастака "паралізавала". Такое ён бачыў упершыню.

Нешта падобнае адбылося некалькі гадоў таму ў вёсцы Бобр, дзе пражывае мастак. На аўтобусным прыпынку быў учынены напад на Пушкіна толькі за тое, што ён са сваім знаёмым размаўляў на беларускай мове. Алесь бараніўся ад хуліганаў словам. Аднак быў жорстка збіты. Дарэчы, сярод гэтых нелюдзяў быў курсант школы міліцыі. Пра напад на мастака тады было заяўлена ў міліцыю. Але Алесь Пушкін як сапраўдны хрысціянін дараваў бандытам пры ўмове, што яны прыйдуць у мясцовую царкву і пакаюцца ў сваім граху. Што яны і зрабілі.

На наш погляд, і сёння дзеянні сілавых структур, сексотаў, у выпадку арышту мастака, якраз накіраваны на зачыстку тэрыторыі перад прэзідэнцкімі выбарамі. Ведаючы вольналюбівую натуру творцы, які наладжваў мастацкія перформансы супраць ціску і фальшу мясцовых улад, іхняга гаспадарчага бяздзеяння, а перадусім -- глухаты да гістарычнай мінуўшчыны, варожасці да беларускай мовы, якраз спатрэбілася такая правакацыя. Неабходна сказаць, што падобны сцэнарый быў рэалізаваны яшчэ ў 2006 годзе перад тагачаснымі прэзідэнцкімі выбарамі.

Мы заклікаем праваабарончую арганізацыю "Вясна", прадстаўнікоў АБСЕ даць належную ацэнку дзеянням сілавых структур Крупскага раёна. Правесці незалежнае расследаванне па факце апошняга арышту мастака Алеся Пушкіна. У сваю чаргу мастакі творчай суполкі "Пагоня" заяўляюць пратэст супраць неправамерных дзеянняў улад і абвяшчаюць мастака Алеся Пушкіна вязнем сумлення.

А.МАРАЧКІН, старшыня творчай суполкі "Пагоня"

І.ДРАЗДОЎ, М.КУПАВА, А.ЦЫРКУНОЎ, сябры суполкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства