Ірына Смяян-Семянюк: “Калі б не прадстаўнікі АБСЕ – мяне б проста вытурылі з камісіі…”

2010 2010-12-16T14:44:55+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/smijan-semenuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ірына Смяян-Семянюк (на фота) уключана ў склад участковай выбарчай камісіі №104 Маскоўскага раёна Мінска ад Партыі БНФ. Напэўна, адміністрацыя раёна ўжо ні адзін раз пашкадавала пра сваё рашэнне прапусціць яе “на выбарчую кухню”, бо прынцыповая пазіцыя Ірыны стварыла ім шмат галаўнога болю. Сябра камісіі распавядае пра апошнія падзеі:

“У панядзелак, 13  снежня, адбылося паседжанне камісіі, на якім мы зацвярджалі спісы выбаршчыкаў. Я папрасіла паказаць мне атрыманыя бюлетэні і спытала, калі мы будзем іх падпісваць. Старшыня камісіі Юрый Насонаў мне іх доўга не даваў. Сябры камісіі пайшлі ў пакой, дзе сейф, там зачыняліся, адчыняліся, пасля паказалі два пачкі гэтых бюлетэняў. Я іх нават не глядзела, таму што яны запакаваны ў завадскую ўпакоўку. І пачак -- штук 300-400 распакаваных, яны былі непадпісаныя. Старшыня камісіі паказаў акт на атрыманне 2300 бюлетэняў камісіяй, а ў нас выбаршчыкаў на ўчастку 2290, хаця звычайна даецца на 5 адсоткаў больш бюлетэняў, а тут толькі на 10 штук. Падпісваць бюлетэні страшыня камісіі таксама не даў, сказаў: прыходзьце ў пяць гадзін вечара, і будзем падпісваць. У пяць гадзін прыехалі і прадстаўнікі місіі АБСЕ, але жанчыны з камісіі кажуць, што старшыні няма, ён недзе паехаў. “Прыходзьце заўтра, -- кажуць, -- з 8 да 10 гадзін мы падпісваем бюлетэні”.  Назаўтра я прыйшла, кажу: давайце падпісваць. Старшыня камісіі, спадар Насонаў, выдаў мне толькі сто бюлетэняў падпісаць, далі падпісаць скрыню для датэрміновага галасавання - і я распісалася на ўсіх гэтых пломбах.  Пачалося паседжанне камісіі, на якім былі два пытанні на павестцы дня. Першае – па колькі бюлетэняў мы падпісваем?  У першы дзень датэрміновага галасавання было прынята рашэнне падпісваць па сто бюлетэняў: сто сёння, сто заўтра, сто паслязаўтра... Я задала пытанне: калі мы за гэтыя 4 дні падпісваем 400 бюлетэняў, то 1900 калі будзем падпісваць? Старшыня камісіі адказаў, што я дзяжуру ў суботу, дык прыйду і падпішу ўсе астатнія.

Пасля было другое пытанне: колькі чалавек будуць падпісваць бюлетэні? Я ўнесла прапанову: давайце падпішам усе! Усе дванаццаць сяброў камісіі, навошта абмяжоўваць? Трэба тут адзначыць, што на паседжанні нашай камісіі прысутнічалі старшыня Мінскай гарадской камісіі Карпенка і ягоны намеснік Краўчанка. То на маю прапанову Карпенка сказаў: “Я лічу, што трэба вызначыць двух чалавек, якія будуць падпісваць”. Пасля чаго адбылося галасаванне, і было вырашана, што бюлетэні будуць падпісваць любыя два чалавекі.  15 снежня ў 8 гадзін раніцы я прыйшла да Насонава і папрасіла даць мне падпісаць бюлетэні, але ён адказаў, што падпісваць я не буду. “Падпішаце ў суботу ўсё, што там засталося. Сёння вось дзяжураць два чалавека, яны і будуць падпісваць гэтыя бюлетэні”.

Дадам, што пасля паседжання 13 снежня я падала скаргу ў Мінскую гарадскую камісію і ў пракуратуру Маскоўскага раёну, і 14 снежня мяне  запрасілі на паседжанне Мінскай гарадской камісіі. Спачатку зачыталі маю скаргу, мне далі слова. Пасля гэтага старшыня камісіі пачаў казаць, што я – чалавек, які прыгнятае ўсю камісію, не дае ім працаваць, што я іх душу маральна, што я паўсюль лезу, што я не выконваю Выбарчы кодэкс і законы… Я скардзілася, што старшыня іх не выконвае, а мне сказалі, што не выконваю я!

Дарэчы, на паседжанні Мінскай гарадской камісіі старшыня, спадар Насонаў, сказаў, што пасля таго, як мяне ўключылі ў камісію, яму пачаліся званкі дадому, званкі яго родным, пагрозы, што пагражаюць жыццю, што тэлефануюць і днём, і ноччу, і што ён напісаў скаргу ў міліцыю. На гэта сябра Мінскай гарадской камісіі з “Грамады” спытаў: “Знайшлі чалавека?”. Старшыня адказаў: “Так, знайшлі”.  Але каго -- не сказаў. Карацей, сітуацыя такая, нібыта гэта паседжанне камсамола, на якім разглядалі мае паводзіны --  не маю скаргу, а паводзіны! І слухалі толькі старшыню камісіі. Пры гэтым старшыня Мінскай гарадской камісіі проста крычаў: “Я кажу для ўсіх вас, што старшыня – самы галоўны ў камісіі, што вы не маеце права голасу, члены камісіі”.  Потым прадстаўнік ці то адміністрацыі Маскоўскага раёна, ці то Маскоўскай раённай камісіі (я сама не зразумела) ставіў пытанне аб выключэнні мяне са складу ўчастковай камісіі. Ён сказаў, што, каб усім жылося добра, мяне трэба выключыць, бо я ім перашкаджаю. Орган, які мяне ўключыў у склад камісіі, сказаў ён, мае права мяне выключыць, але гэта пытанне старшыня Мінскай гарадской камісіі прапанаваў пакінуць на сумленні камісіі Маскоўскага раёна. Думаю, што гэта таму, што пры гэтым былі прадстаўнікі АБСЕ -- калі б іх не было, яны б мяне проста вытурылі, і ўсё”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international