Асуджаны да сьмяротнага пакараньня Алег Грышкаўцоў зьвярнуўся ў Камітэт па правах чалавека
6 снежня у Камітэт па правах чалавека ААН года было пададзенае індывідуальнае паведамленьне Алега Грышкаўцова, які 14 траўня 2010 года быў прыгавораны да сьмяротнага пакараньня. Ён скардзіцца на тое, што былі парушаныя ягоныя правы, прадугледжаныя міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, найперш – права на справядлівае судовае разбіральніцтва. У паведамленьні таксама ўтрымліваецца просьба прымяніць меры часовай абароны, і не прыводзіць прысуд у выкананьне, пакуль справа не будзе ўсебакова разгледжаная у Камітэце па правах чалавека ААН.
Гэтае паведамленне была зарэгістраванае Камітэтам пад нумарам 2013/2010 і у той жа дзень інфармацыя была накіраваная праз МЗС Беларусі кампетэнтным органам. Камітэт у сваім паведамленьні настойвае на прымяненьні да Алега Грышкаўцова мераў прамежкавай абароны.
Праваабаронца Раман Кісьляк, які непасрэдна дапамагаў падаваць скаргу, паведаміў, што "Алег Грышкаўцоў скардзіўся найперш на тое, што крымінальная справа разлядалася не безстароннім судом і гэта выразна праяўлялася ў перадузятых выказваньнях суддзяў пад час працэсу. Таксама была парушаная прэзумцыя невінаватасьці, паколькі яшчэ да вынясеньня прысуду зафіксаваныя факты перадузятага стаўленьня з боку ўдзельнікаў працэсу.
Грышкаўцоў таксама сцвярджае аб тым, што яму не была прадстаўленая магчымасьць для паўнацэннай абароны ў судзе, у прыватнасьці, абмяжоўваліся кантакты з адвакатам. Частка працэсуальных дзеяньняў і некаторыя экспертызы былі прызначаныя ў яго адсутнасьць, не было магчымасьці заяўляць хадайніцтвы, агучваць дадатковыя пытаньні. Толькі ў дзень суду яму прадставілі магчымасьць азнаёміцца з вынікамі экспертызаў. У скарзе ён прыводзіць факты неаднаразовага збіцьця і гвалту ў дачыненьні да сябе пад час следства, Напрыклад, пад час праходу па калідоры на допыт, яго моцна ўдарылі галавой аб сцяну. Да Грышкаўцова некалькі разоў выклікалі хуткую дапамогу, паколькі яму было вельмі дрэнна. Нават у прыбіральню супрацоўнікі ізалятару насілі яго ў кайданках, і гэта пдцверджана медыцынскім заключэньнем.
Такім чынам, ёсьць падставы меркаваць, што ягонае прызнаньне атрыманае з дапамогай жорсткага абыходжання і катаваньняў. І паколькі суд дапусціў працэсуальныя парушэньні пры вынясеньні сьмяротнага прысуду, гэта сведчыць аб парушэньні права на жыцьцё, замацаванага ў артыкуле 6 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах."
Нагадаем, што 14 траўня 2010 года Алег Грашкаўцоў і Андрэй Бурдыка былі асуджаныя да смяротнага пакарання праз расстрэл за злачынствы, якія былі здзейсненыя пад час узброенага нападу на кватэру ў Гародні ў кастрычніку 2009 года.