Аляксандар Смалянчук: Ціск працягваецца ўжо некалькі гадоў

2010 2010-12-15T21:16:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/smalianchuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Доктар гістарычных навук, прафесар ЕГУ, дырэктар інстытута гістарычных даследаванняў ЕГУ, а таксама адзін з арганізатараў і кіраўнікоў дасьледчага (крыніцазнаўчага) праекту «Гарадзенскі палімпсест» (2008—2009) Аляксандр Смалянчук прыводзіць факты аказання псіхалагічнага ціску на ўдзельнікаў навуковай гістарычнай канферэнцыі. Друкуем дасланы ліст цалкам:

Пра “бдительных администраторов” або як у Гарадзенскім універсітэце злавілі “тэрарыстаў”…

На мінулым тыдні на факультэце гісторыі і сацыялогіі Гарадзенскага Дзяржаўнага універсітэту адміністрацыя разбірала паводзіны двух выкладчыкаў, якія, паводле інфармацыі прарэктара па вучэбнай і выхаваўчай працы Святланы Агіевец, удзельнічалі ў “трэнінгу па арганізацыі дзяржаўнага перавароту”. “Тэрарыстамі” аказаліся вядомыя гісторыкі Сяргей Токць і Іна Соркіна. “Прафілактычныя гутаркі” праводзілі дэкан факультэту Эдмунд Ярмусік і загадчыца кафедры гісторыі Беларусі Святлана Марозава.

Падчас іх высветлілася, што “трэнінгам” аказалася навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест[1]: дзяржаўныя і сацыяльныя структуры горада”, якая праводзілася 6 лістапада гэтага году. У гэты дзень ужо ў трэці раз пры падтрымцы Руху “За свабоду” навукоўцамі з Мінску, Гародні і Аполе абмяркоўвалася дзейнасць дзяржаўных установаў і сацыяльная гісторыя горада ў XV – XX ст. Варта дадаць, што на канферэнцыю актыўна запрашаліся выкладчыкі і студэнты факультэта гісторыі і сацыялогіі. Як высветлілася, запрашаліся дарэмна. Большасць першых і другіх гісторыяй нашага горада не цікавяцца.

Правядзенне “прафілактычных размоваў” з “тэрарыстамі” можна расцаніць як анекдот, які высвятліў маральны і інтэлектуальны ўзровень названых прадстаўнікоў адміністрацыі Універсітэту. Можна пасмеяцца і забыць. Але, як падаецца, справа значна больш сур’ёзная. Між іншым яна прымушае задумацца над тым, што наогул адбываецца з інтэлігенцыяй слаўнага гораду над Нёманам.  Дзеля гэтага варта зрабіць маленькі экскурс у зусім блізкую гісторыю…

Ад пачатку гэтак званай “рэканструкцыі” гістарычнага цэнтра гарадзенская інтэлігенцыя выразна падзялілася. Меншая частка, занепакоеная планамі былога абласнога начальніка Саўчанкі і колішняга “мэра” Антоненкі, паспрабавала распачаць дыялог з чыноўнікамі. Пры гэтым звярталася ўвага на неабходнасць абмеркавання планаў “рэканструкцыі” з мастацтвазнаўцамі і спецыялістамі ў галіне аховы помнікаў, а не толькі з прарабамі стройтрэстаў і архітэктарамі Грамадзянпраекту, зацікаўленымі ў маштабнасці рэмонтна-будаўнічых працаў. Уздымаліся праблемы парушэння нормаў заканадаўства ў галіне аховы гістарычнай спадчыны, асуджалася экскаватарная археалогія, якая амаль што знішчыла “культурны слой” на Савецкай плошчы і г.д.

А вось большая частка мясцовай “тожэ інтэлігенцыі” зрабіла выгляд, што асабіста яе лёс Савецкай плошчы, Старога замку, “Новага свету”, жылой забудовы гістарычнага цэнтра не датычыць. Нават тыя з выкладчыкаў факультэту гісторыі і сацыялогіі Універсітэту імя Я.Купалы, хто гадамі  казаў пра неабходнасць развіцця турызма ў горадзе і бегаў па высокіх начальніках з ідэямі прыцягнення гасцей з-за мяжы, спачатку схаваліся, а потым пачалі актыўна падтрымліваць “еўрарамонт” гістарычнай Горадні.

Дастаткова прыгадаць ганебны “круглы стол”, арганізаваны на факультэце гісторыі і сацыялогіі ў кастрычніку 2008 г., на які не дапусцілі тых, хто найбольш актыўна абараняў гістарычную і культурную адметнасць нашага гораду. Гэтае “застолле”, якое адбылося пад надзейнай аховай міліцыі і БРСМ, падтрымала УСЕ “рэканструкцыйныя”

фантазіі Саўчанкі. У іх падтрымку актыўна выступілі ўжо згаданы Эдмунд Ярмусік, Таццяна Бадзюкова, Святлана Куль-Сяльверстава, Аляксандр Нечухрын ды інш.

Аднак, ці то фінансавы крызіс, ці то проблескі здаровага сэнсу ў галавах чыноўнікаў паспрыялі таму, што тэмпы “рэканструкцыі” замарудзіліся. Адстаўка Саўчанкі, здавалася, дала шанс для перасэнсавання наробленага чыноўнікамі і прарабамі ў гістарычным цэнтры. Тым больш, што “рэканструктары” падабраліся ўжо да галоўнай духоўнай і гістарычнай святыні горада – Барысаглебскай (Каложскай) царквы. Мэта іх дзейнасці адлюстравалася ў шчырым выказванні аднаго з праваслаўных іерархаў, які прызнаўся, што ім не патрэбная “імітацыя ХІІ ст.”, а патрэбны храм ХХІ ст. Тут наогул каментары непатрэбныя…

Але замест гэтага пераасэнсавання адбываецца нават узмацненне ціску на тых людзей, што захавалі чалавечую і прафесійную годнасць, не ахвяравалі сумленнем за месца ў карыта высокіх зарплатаў і ласку высокага начальніка.

Згаданыя вышэй “разборкі” прапаную ацэньваць як псіхалагічны пераслед... Гэта зусім не смешна, калі начальнік падазрае падначаленага ў тэрарыстычных намерах і дзеяннях. І нельга ўсё спісаць толькі на перадвыбарчую істэрыю, што захапіла праўладныя колы…

Гэты ціск працягваецца ўжо некалькі гадоў і датычыць не толькі названых вышэй гісторыкаў, працамі якіх, дарэчы, факультэт можа ганарыцца.

Наогул, узнікаюць розныя пытанні. Напрыклад, чаму ў кампаніі па абароне гістарычнай спадчыны амаль не ўдзельнічаюць тыя, хто працуе на факультэце гісторыі і сацыялогіі і лічыць сябе гісторыкам? Чаму на грамадскіх слуханнях па праблеме “рэканструкцыі” Каложскай царквы, якія ў верасні гэтага году сабралі болей 100 чалавек, практычна, не было студэнтаў і выкладчыкаў гэтага факультэту? Можа таму, што факультэт здаўна рыхтуе не гісторыкаў і нават не людзей, якія любяць і шануюць спадчыну і культуру Беларусі, а баязлівых і не здольных на ўчынкі педагогаў або цалкам адданых уладзе ідэолагаў… Адказнасць за гэта нясе не толькі сённяшняя адміністрацыя, але і тыя выкладчыкі, якія згаджаюцца і падтрымліваюць гэтую атмасферу, якім нават не прыходзіць у галаву бараніць гістарычную адметнасць горада і шанаваць людзей, што ратуюць наш агульны скарб, нашую Горадню…

Міхаіл Булгакаў у сваім самым вядомым рамане напісаў, што “трусость – самый страшный порок”. Якраз гэта прыгадваецца, калі спрабую зразумець пазіцыю большасці мясцовай “тожэ інтэлігенцыі”…

…Навуковы праект “Гарадзенскі палімпсест: дзяржаўныя і сацыяльныя структуры горада” будзе працягнуты, і ў лістападзе 2011 г. адбудзецца чарговая навуковая канферэнцыя. Карыстаючыся з нагоды, хачу запрасіць на яе адміністратараў і ідэолагаў з ГрДУ. Абяцаю някепскі трэнінг… па арганізацыі навуковых даследаванняў у галіне гістарычнай урбаністыкі і сацыяльнай гісторыі, а таксама добры ўрок па гісторыі роднага горада.    


[1] Магчыма, у паважанага прарэктара падазрэнне выклікала слова “палімпсест”. Сапраўды, слова замежнае, гучыць пагрозліва… Хачу супакоіць. Гэты тэрмін датычыць не антыдзяржаўнай дзейнасці, а гісторыі кнігі. Палімпсест – гэта кніга на пергаменце, напісаная паверх знішчанага тэксту. Апошняе было нярэдкай з’явай, абумоўленай высокім коштам пергамента. Тэрмін “палімпсест” падаецца адпаведным гісторыі нашага гораду, калі амаль усе новыя ўлады спрабавалі перапісаць яго гісторыю і традыцыю. Нешта падобнае адбываецца і сёння адносна людзей Горадні і падзеяў яе гісторыі першага пяцігоддзя беларускай незалежнасці.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international