Праваабаронцы: выбары могуць адбыцца да 19 сьнежня

2010 2010-12-14T09:50:49+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня пачынаецца датэрміновае галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Беларусі, якое працягнецца 5 дзён. Альтэрнатыўныя кандыдаты заклікаюць у ім ня ўдзельнічаць, а галасаваць у дзень выбараў.

Паводле праваабаронцаў, дзеяньні ўладаў сёлета дазваляюць прагназаваць, што выбары могуць адбыцца ўжо падчас датэрміновага галасаваньня, да 19 сьнежня. І калі на яго загоняць 40% выбарцаў, то гэта будзе "гвалт над грамадзтвам". Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч адзначае, што такога не было нават у 2006 годзе.
"Раней гэта ахоплівала толькі інтэрнаты. А зараз заводы, прадпрыемствы — фактычна ўжо цэлымі гарадамі людзі будуць цалкам галасаваць датэрмінова. Калі ўлады чыняць такі гвалт над грамадзтвам, прымушаюць да датэрміновага галасаваньня, то толькі з адной мэтай — фальсыфікацыі выбараў".
У адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам, прымус да ўдзелу ў выбарах, у тым ліку з выкарыстаньнем службовага становішча, можа быць прадметам крымінальнага перасьледу. Уладзімер Лабковіч распавядае, як можна абараніць сябе ад загону на датэрміновае галасаваньне.
"Мы раім зьвяртацца да нас, праваабаронцаў, і адначасова людзі могуць пісаць скаргі ў пракуратуру. Няхай яны робяць фота і відэа, аўдыёзапісы падобных фактаў прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, перадаюць нам. І таксама мы вельмі ім раім самім не баяцца і зьвяртацца ў органы пракуратуры са скаргамі. Бо падобныя дзеяньні могуць быць кваліфікаваныя як крымінальнае злачынства".
Кандыдаты ў прэзыдэнты ад апазыцыі заклікаюць галасаваць не датэрмінова, а менавіта ў дзень выбараў. Рыгор Кастусёў адзначыў:
"Датэрміновае галасаваньне — гэта падарунак рэжыму. Гэта магчымасьць усе гэтыя бюлетэні скрасьці і вынікі датэрміновага галасаваньня зрабіць такімі, якія неабходныя для ўмоўнай перамогі Лукашэнкі. І ўсе галасы будуць аддадзеныя яму".
Паводле Ўладзімера Някляева, падчас онлайн-канфэрэнцый да яго зьвярталіся студэнты і рабочыя са скаргамі, што іх прымушаюць галасаваць датэрмінова.
"Мая пазыцыя ад пачатку была адназначная. Я заклінаў, чытаў малітву: не хадзіце на датэрміновае галасаваньне, бо гэта інструмэнт фальсыфікацый. Не давайце Лукашэнку рабіць тое, што ён хоча проста нахабна "заваяваць" сабе элегантную перамогу. Але, як паказвае практыка, людзі ня хочуць, але іх гоняць".
Мікола Статкевіч, кажа, што кожны па сабе, па сваёй сытуацыі, абставінах і сумленьні вырашае ісьці ці ня йсьці.
"Людзі павінны разумець, што калі іх загоняць на гэтае папярэдняе галасаваньне, то гэта азначае, што яны двума галасамі прагаласуюць за ўладу. Бо ня тое, што там бюлетэні мяняюць, там яшчэ ўдвая дадаюць".
Віталь Рымашэўскі адзначае, што прымушаюць галасаваць студэнтаў і вайскоўцаў. Але тыя, хто мае розум і сьмеласьць, ня пойдуць галасаваць датэрмінова:
"Некалі славуты наш паэт казаў (на жаль, сто год прайшло, а ўсё па-ранейшаму): нам трэба адстаяць сваё права людзьмі звацца! Мы людзі свабодныя, мы ня быдла, таму на датэрміновае галасаваньне мы ня йдзем".
На прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе за пяць дзён датэрмінова прагаласавала 31,3% выбарцаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international