Першы крок: Апытанне кандыдатаў у прэзідэнты

2010 2010-12-10T16:10:56+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/humanrights.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння – Міжнародны дзень правоў чалавека, праз дзевяць дзён – выбары прэзідэнта. Для нас, праваабаронцаў, цікава, што плануюць зрабіць сённяшнія кандыдаты дзеля выпраўлення сітуацыі з правамі чалавека, калі зоймуць прэзідэнцкае крэсла.

Дзевяць кандыдатаў у прэзідэнты адказалі на пытанне праваабаронцаў : “Калі вас абяруць прэзідэнтам, якім будзе ваш першы крок (дзеянне) па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?

 

Уладзімір Някляеў:

Першы крок – рэформа ўлады. Палітычная, дзяржаўная рэформа – адзіны шлях. Без гэтага можна ўсё што заўгодна напісаць на паперы. Калі не будзе разгалінавання ўлады, выбарнасці суддзяў, выбарнасці мясцовай улады хаця б на ўзроўні мэрыі, пра якія правы чалавека можна гаварыць? Зараз людзі не маюць уплыву на тых, ад каго залежаць іхнія правы. Гэта патрэбна кардынальна змяніць”.

 

Андрэй Саннікаў:

Аднаўленне законнасці – гэта адзінае, што можа нам дапамагчы. Гэта ўключае ў сябе вельмі шмат. Самае галоўнае -- вяртанне прынцыпа падзелу ўладаў, незалежны суд, свабода прэсы. Магчымасці для дзейнасці недзяржаўных арганізацый такія, як у Еўропе.

 

Віталь Рымашэўскі:

Перш за ўсё афіцыйна зарэгіструем “Вясну” і іншыя праваабарончыя арганізацыі, якія дзейнічаюць у межах закона. Вельмі надзённае пытанне, якое патрабуе вырашэння, — судовая рэформа: стварэнне незалежнай адвакатуры і пракуратуры, якаснай сістэмы судоў.

 

Яраслаў Раманчук:

Калі прэзідэнт краіны будзе дэмакратам, то зразумела, адпаведным будзе і заканадаўства. Перш за ўсё трэба будзе дзяржаўную сістэму адаптаваць у суадноснасці з нормамі АБСЕ і Савета Еўропы. Будуць таксама адменены тыя нормы і акты, якія дыскрымініруюць правы чалавека.

Я ўпэўнены, што праваабарончыя арганізацыі дапамогуць сфармуляваць прынцыпы і стандарты, якія засведчаць, што Беларусь з’яўляецца такой жа дэмакратычнай краінай, як і іншыя нашы еўрапейскія суседзі.

 

Рыгор Кастусёў:

Правы чалавека ў Беларусі павінны быць абаронены. Зараз наша краіна — адна з нямногіх у Еўропе дзяржаў, жыхары якой не могуць скардзіцца на сваіх чыноўнікаў. Калі чалавек, скажам, хоча выступіць супраць якога-небудзь дзяржаўнага дзеяча раённага масштаба і звяртаецца ў суд, скарга ўрэшце вяртаецца да той жа асобы, да якой маюцца прэтэнзіі. Такая сітуацыя, калі выканаўчая ўлада кіруе судовай, існуе толькі ў Беларусі, і гэта трэба мяняць. Павінна быць раздзяленне ўладаў, каб беларусы маглі адстойваць свае правы як унутры краіны, так і за яе межамі, у еўрапейскіх судах.

 

Мікалай Статкевіч:

Калі ў нас сапраўды будуць праходзіць выбары, а не кампанія з назвай “выбары прэзідэнта”, я адкажу на ваша пытанне. Гэтую кампанію я скарыстоўваю і ўдзельнічаю ў ёй, каб усё ж дамагчыся таго, каб выбары сталі свабоднымі і сапраўднымі. А пакуль я не бачу ніякіх падстаў для шчырага выбарчага працэсу і планавання.

 

Алесь Міхалевіч:

Па-першае, прыму захады для адмены крымінальнага артыкула “Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Па-другое, правяду цэлы комплекс мерапрыемстваў па абароне правоў прафсаюзаў і працоўных (маю на ўвазе найперш адмену рабскай кантрактнай сістэмы). Па-трэцяе, прыму набор мераў па свабодзе слова, стымуляванню незалежнай прэсы, стварэнню аднолькавых умоваў існавання для СМІ, прыватызацыі большасці дзяржаўных газет. А таксама ініцыяваў бы перагляд крымінальных справаў тых, хто можа лічыцца палітзняволеным, а таксама тых, хто сядзіць па эканамічных злачынствах.    

 

Дзмітрый Ус:

Калі зробім выбары дэмакратычнымі, то гэта і будзе першы крок. Калі не выканаўчая ўлада абірае, а людзі. Што вы ад мяне хочаце пачуць – што мы адменім смяротную кару? Давайце спачатку зробім, каб правы чалавека існавалі. На сённяшні дзень у нас правы чалавека парушаюцца на выбарчых участках. Давайце з імі разбярэмся, а потым – па меры паступлення інфармацыі. “Если бы» ды «кабы» -- гэта атрымліваецца несур’ёна.

 

Віктар Цярэшчанка:

Будзе зацверджана і легалізавана пасада чалавека пры Камітэце па правах чалавека. Цяпер, на мой погляд, гэты службовец не выконвае сваіх абавязанняў. Хутчэй, нават трэба стварыць офіс па правах чалавека, як у Расіі, супрацоўнікі якога маглі б прымаць грамадзян з іх скаргамі, узяўшы на сябе функцыю абароны людзей ад самаўства і прыгнёту мясцовых чыноўнікаў на месцах. Бо многія пытанні можна вырашыць у дасудовым парадку, што значна зменшыць колькасць разглядаў у судзе. Гэта будуць бясплатныя граматныя юрыдычныя кансультацыі, якія стануць аказваць людзі, якія разумеюць, для чаго яны займаюць свае пасады і ўсведамляць ступень адказнасці. Прычым такі орган павінен быць абавязкова аформлены заканадаўча і пры ўдзеле грамадскіх арганізацый, а не праз нейкі ўказ.

 

Мы не сталі пытацца пра крокі дзеючага прэзідэнта і кандыдата Аляксандра Лукашэнкі ў накірунку выпраўлення сітуацыі з правамі чалавека, паколькі за гады свайго кіраўніцтва ён прадэманстраваў сваё стаўленне да гэтай сучаснай сістэмы каштоўнасцяў. За гады ягонага кіраўніцтва Беларусь нязменна знаходзіцца сярод краінаў свету, дзе сітуацыя з правамі чалавека выклікае трывогу ў сусветнай супольнасці.

 

Праваабаронцы на працягу бягучай прэзідэнцкай кампаніі ўжо звярталіся да тады яшчэ прэтэндэнтаў у кандыдаты, каб даведацца іх меркаванні па важных пытаннях, датычных правоў чалавека:

Правы чалавека ў развагах і праграмах прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду

Амаль усе патэнцыйныя кандыдаты выступаюць супраць смяротнага пакарання

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international