Пяць кандыдатаў у прэзідэнты атрымалі папярэджанні Генпракуратуры

2010 2010-12-10T08:05:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Генеральная пракуратура вынесла пяці кандыдатам у прэзідэнты Беларусі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Паводле звестак БелаПАН, папярэджанні атрымалі Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Яраслаў Раманчук і Андрэй Саннікаў.

Нагодай для гэтага сталі заклікі апазіцыйных кандыдатаў да правядзення несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ў дзень выбараў, 19 снежня.

Варта адзначыць, што Статкевіч і Рымашэўкі папярэджаны паўторна: першы раз Генпракуратура папярэджвала іх за заклік да выбаршчыкаў узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада.

Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Някляева Юлія Рымашэўская, сёння на мабільны тэлефон кандыдата патэлефанаваў «нейкі чалавек з Генпракуратуры». Ён паведаміў, што ў выпадку правядзення незаконнай акцыі 19 снежня ў дачыненні да Некляева будзе распачата крымінальная справа. «Той чалавек запэўніў, што заўтра ж паведамленне прыйдзе па дамашнім адрасе ў паштовую скрыню», — сказала Рымашэўская.

Уладзімір Някляеў пракаментаваў гэта так:

«Запалохванне пераследам — турмой, крыміналам. Нічога новага наш рэжым не прыдумаў. І чым бліжэй да галасавання, калі будзе вырашацца лёс рэжыму, тым меншай будзе яго дэманстратыўная дэмакратыя. Яна заканчваецца. А пачынаецца звычайнае».

Аналагічнае тэлефанаванне з Генпракуратуры паступіла Мікалаю Статкевічу. «Я адказаў, што галоўнае парушэнне заканадаўства — гэта забойства і знікненне апанентаў улады. А масавая акцыя 19 снежня — гэта рэалізацыя канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду сходаў. І калі пракуратура не збіраецца захоўваць Канстытуцыю, мы будзем рабіць гэта самі», — заявіў Статкевіч.

Паводле слоў Яраслава Раманчука, яму на мабільны патэлефанаваў начальнік упраўлення па наглядзе за захаваннем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў. Ён паведаміў, што кандыдату вынесена папярэджанне, якое ў пісьмовым выглядзе будзе даслана на дамашні адрас. Раманчук заявіў у адказ, што плошча — гэта частка яго кампаніі як кандыдата ў прэзідэнты. «Гэта будзе зусім мірны сход,

мы прыйдзем паслухаць, што нам скажа старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паводле вынікаў галасавання.

Нічога супрацьзаконнага ці злачыннага ў гэтым я не бачу, так робіцца ва ўсіх цывілізаваных краінах свету», — падкрэсліў Раманчук.

У штабах Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўскага пакуль не ведаюць пра папярэджанне Генпракуратуры.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international