viasna on patreon

Салігорск: Агітматэрыялы апазіцыі знішчаюцца

2010 2010-12-09T21:40:31+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saligorsk-agit-mat-saps.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Найбольшыя цяжкасці салігорскіх штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў звязаны са змяшчэннем агітацыйных матэрыялаў на інфармацыйных стэндах прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Пераадолеўшы дзеля гэтага часам шматгадзінныя адміністрацыйныя бар'еры, на наступны дзень валанцёры са здзіўленнем выяўляюць адсутнасць на вызначаных месцах плакатаў у падтрымку кандыдатаў. Найбольшыя скаргі ідуць ад каманд Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева, якія актыўна распаўсюджваюць агітацыйную прадукцыю ў сувязі са сваімі плануемымі прыездамі.

У салігорскім аддзяленні “Белаграпрамбанку” па вуліцы Казлова прадстаўнікам Мікалая Статкевіча ў катэгарычнай форме адмовілі ў размяшчэнні агітацыйных матэрыялаў на інфармацыйным стэндзе ў сувязі з адсутнасцю на ім вольнага месца. Прапановы знайсці альтэрнатыўнае месца адхіляліся адказнымі супрацоўнікамі банку. На аўтазаправачнай станцыі “Газпрамнафта” па вуліцы Заслонава размясціць перадвыбарчую праграму кандыдата Статкевіча таксама не дазволілі, сказаўшы “без начальства нам забараняецца”, аднак кантактаваць з начальствам супрацоўнікі запраўкі не сталі. У пункце продажу мабільных тэлефонаў “Еўрасетка” на праспекце Міра актывісты штаба Статкевіча дазволу на размяшчэнне агітацыйнай прадукцыі не атрымалі нават пасля адмысловых кансультацый супрацоўнікаў з мінскім кіраўніцтвам усёй гандлёвай сеткі. У галоўным будынку ААТ “Беларуськалій” каб змясціць плакат кандыдата на інфармацыйным стэндзе прадстаўніку М.Статкевіча прыйшлося выдаткаваць больш за 40 хвілін на яго ўзгадненне з ідэалагічнымі службамі прадпрыемства. У буйной краме “Будмаркет” адміністрацыя ўвогуле вывесіла агітацыйны плакат апазіцыйнага кандыдата толькі на другія суткі пасля прыходу валанцёраў. Перадвыбарчы плакат Мікалая Статкевіча ў ААТ “Купалінка” размясцілі на інфармацыйным стэндзе, які знаходзіцца ў нябачным месцы. Агітацыйную прадукцыю, змешчаную на ўваходзе ў прадпрыемства, па словах саміх супрацоўнікаў, зрывае асабіста дырэктар. У краме “Вясёлка” па вуліцы Паркавай пасля доўгіх перамоваў агітацыйнай прадукцыя ў падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата была змешчана, але адразу пасля сыходу валанцёра плакат таямнічым чынам знік. У “Доме быта” па праспекце Міра змясціць праграму Статкевіча з інфармацыяй пра сустрэчу з кандыдатам на бачным месцы побач з афіцыйнай інфармацыяй пра дату правядзення выбараў агітатару не дазволіла загадчыца.

Аналагічныя парушэнні закону нязменна выяўляе і выбарчы штаб Уладзіміра Някляева. Так, у краме “Юбілейная” па вуліцы Леніна валанцёру не дазволілі размясціць агітацыйны плакат кандыдата, а на заўвагу аб наяўнасці іншай перадвыбарчай інфармацыйнай прадукцыі супрацоўнікі крамы яе таксама сарвалі. У “Сталовой” па вуліцы Заслонава размясціць плакат Някляева адмовіліся са словамі: “Мы будзем галасаваць за Лукашэнку, таму ваш плакат не будзем вешаць”. Адмовіліся размясціць агітацыйны плакат і інфармацыю пра сустрэчу з кандыдатам Уладзімірам Някляевым у краме “Гермес” (падраздзяленне ААТ “Будтрэст №3”). У цэнтральным будынку самога ААТ “Будтрэст №3” пасля гадзінных перамоваў праграма Някляева была змешчана, але ўжо увечары яе зноў не стала. Яшчэ праз дзень, пасля абяцання валанцёра выклікаць прадстаўнікоў АБСЕ, плакат зноў з'явіўся на сваім месцы. Былі прыбраныя “невядомымі” агітацыйныя матэрыялы У.Някляева таксама ў “Доме быту” па вуліцы Леніна і ў галоўным будынку ААТ “Беларуськалій”.

- Прыходзіцца ўвесь час насіць з сабой копію рашэння выканкаму, дзе афіцыйна месцамі для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў пазначаны інфармацыйныя стэнды ўсіх арганізацый раёна. Але ж далёка не заўсёды гэтая паперка дапамагае. Таму мы нават зрабілі раздрукоўкі з Выбарчага кодэкса тых месцаў, дзе ідзе размова пра адказнасць за супрацьдзеянне вядзенню перадвыбарчай агітацыі. Але маштабы парушэння заканадаўства проста жахлівыя. Найбольш абурае тое, што Салігорская выбарчая камісія не прыкладае абсалютна аніякіх намаганняў, каб змяніць сітуацыю. Нават наадварот, калі мы тэлефануем у камісію, яна ахвотней ідзе насустрач тым, хто заканадаўства парушае, - сцвярджае актывіст Уладзімір Шыла.

Варта адзначыць, што агітацыйныя плакаты і газетныя раздрукоўкі перадвыбарчай праграмы кандыдата Аляксандра Лукашэнкі з інфармацыйных стэндаў арганізацый і прадпрыемстваў раёну нікуды не знікаюць. Таксама незалежныя назіральнікі не атрымалі ніводнай скаргі ад каманды Лукашэнкі аб цяжкасцях і адміністрацыйных перашкодах пры размяшчэнні агітацыйных матэрыялаў у падтрымку кандыдата.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства