14 сакавiка ў Брэсце адбыліся затрыманнi актывiстаў гарадскога штабу кандыдата ў прэзiдэнты А. Мiлiнкевiча. Арыштавана 16 чалавек.

2006 2006-03-15T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ранiцай 14 сакавiка каля сядзiбы мясцовай газеты "Брэсцкi кур’ер" быў спынены за быццам бы няправiльную паркоўку аўтамабiля i затрыманы за супрацiўленне праваахоўным органам кiраўнiк Брэсцкага аддзялення Аб’яднанай грамадзянскай партыi i давераная асоба А. Мiлiнкевiча Сцяпан Навасельчан. Па словах самаго спадара Навасельчана, машыны ў гэтым месцы ўжо даўно паркуюцца няправiльна, аднак гэта нiколi не ставалася прычынай затрымання кiроўцаў. Самае цiкавае, што акурат машына даверанай асобы Мiлiнкевiча была прыпаркавана па ўсiх правiлах, што пацвярджаюць фотаздымкi. На прапанову супрацоўнiкаў мiлiцыi прайсцi з iмi для далейшага высвятлення абставiн Сцяпан Навасельчан адказаў адмовай, пасля чаго быў прымусова затрыманы i змешчаны ў Ленiнскi РАУС г. Брэста.
А 15-й гадзiне па гэтай справе адбыўся суд. Спадар Навасельчан быў абвiнавачаны ў дробным хулiганстве i непадпарадкаваннi законным дзеянням мiлiцыi. Суд прызнаў С. Навасельчана вiнаватым i прысудзiў яму 10 сутак арышту.
У 12.40 яшчэ адзiн прэцэдэнт з удзелам актывiстаў штабу Мiлiнкевiча адбыўся на скрыжаваннi пр-та Машэрава i бульвара Касманаўтаў, дзе сябры штабу Андрэй Васiлевiч i Канстанцiн Турчаняк прывязвалi да машын стужкi сiняга колеру i раздавалi агiтацыйныя ўлёткi А. Мiлiнкевiча. Да стэндаў з плакатамi, што знаходзiлiся крыху ўбаку, падышоў незнаёмы мужчына ў штацкiм i пачаў размалёўваць iх маркерам, пасля чаго апракiнуў стэнд, пачаў таптаць яго нагамi i вырываць з рук агiтатараў матэрыялы.
Выклiканай па тэлефоне 02 мiлiцыi хлопцы так i не дачакалiся, не аказалася нiводнага мiлiцэйскага патруля i побач. Здзiўленне выклiкае той факт, што звычайна ў гэтым месцы знаходзiцца адразу некалькi патрулёў, бо гэта самы цэнтр горада. Выпадкова знойдзены i прыведзены мiнакамi супрацоўнiк мiлiцыi затрымаў мужчыну. Актывiсты штабу таксама накiравалiся ў апорны пункт мiлiцыi, дзе правялi паўтары гадзiны, так i не даведаўшыся нi прозвiшча i iмя парушальнiка парадку, нi падставаў, на якiх яго затрымалi.
Андрэй Васiлевiч i Канстанцiн Турчаняк не адмаўляюць таго, што гэта магла быць правакацыя. Гэта пацвярджаецца тым фактам, што пасля з’яўлення супрацоўнiка мiлiцыi "выпадкова знайшлiся" два БРСМ-аўцы, якiя "засведчылi" факт збiцця актывiстамi штабу незнаёмага мужчыны ў штацкiм, чаго не пацвердзiлi, аднак, мiнакi.
Каля 14.00 на супрацьлеглым баку, на скрыжаваннi пр-та Машэрава i бульвара Шаўчэнкi, на падставе агiтацыi ў недазволеным месцы супрацоўнiкi мiлiцыi затрымалi яшчэ дваiх актывiстаў штабу Ігара Дземiдовiча i Андрэя Шарэнду.
Па словах хлопцаў, мiлiцыю выклiкаў нейкi пракурор горада, якi праязджаў мiма i заўвыжыў агiтатараў. Супрацоўнiкi праваахоўных органаў прапанавалi актывiстам сысцi, што тыя i зрабiлi. Аднак праз некалькi дзесяткаў метраў тыя ж мiлiцыянты дагналi хлопцаў i затрымалi на падставе агiтацыi ў недазволеным месцы. І. Дземiдовiча i А. Шарэнду пратрымалi ў Ленiнскiм РАЎС 3 гадзiны 50 хвiлiн, на iх быў складзены пратакол адмiнiстратыўнага правапарушэння, нягледзячы на неаднаразовыя спасылкi актывiстаў на рашэнне Брэсцкага гарвыканкаму, дзе пералiчаны дазволеныя месцы агiтацыi. Месца, дзе ажыццяўлялася агiтацыя, уваходзiла ў пералiк месцаў, змешчаны ў рашэннi. Андрэй Шарэнда быў выклiканы да старшынi Ленiнскага РАУС, дзе той пагражаў хлопцу тым, што даб’ецца яго выключэння з унiверсiтэту. У вынiку супрацоўнiкi мiлiцыi паведамiлi, што перадаваць у суд пратакол яны не будуць, аднак скiруюць яго ў ЦВК.
Каля 18.00 у памяшканнi Брэсцкага гарадскога выбарчага штабу А. Мiлiнкевiча быў затрыманы кiраўнiк штабу Дзмiтрый Шыманскi. Яму было паведамлена, што ён падазраецца ў арганiзацыi несанкцыянаванага сходу i прапанавана праехаць у Маскоўскi РАУС для дачы тлумачэнняў i далейшага разбiральнiцтва, дзе Д. Шыманскаму былi прад’яўлены абвiнавачваннi ў арганiзацыi несанкцыянаванага сходу. На момант з’яўлення супрацоўнiкаў мiлiцыi каля памяшкання штабу, там знаходзiлася каля 15 чалавек, большасць з якiх былi сябрамi iнiцыятыўнай групы А. Мiлiнкевiча. Яны запрашалiся ў гарадскi штаб сябрам iнiцыятыўнай групы Аленай Дземiдзюк для атрымання афiцыйна зарэгiстраванай агiтацыйнай прадукцыi А. Мiлiнкевiча (праграмы) на розны час з 16.00 да 20.00. Скапленне людзей Д. Шыманскi патлумачыў тым, што людзi вярталiся з працы i вучобы, i прамежак часу з 17.00 да 18.00 быў для iх найбольш зручны. Супрацоўнiкi мiлiцыi забаранiлi тым, хто знаходзiўся ў памяшканнi штабу, сыходзiць. У iх былi перапiсаныя пашпартныя дадзеныя. У некаторых актывiстаў тлумачэннi былi ўзятыя на месцы (вялася здымка дачы тлумачэнняў), амаль да ўсiх астатнiх супрацоўнiкi мiлiцыi ўвечары прыйшлi па тлумачэннi дадому. Супрацоўнiкаў мiлiцыi цiкавiла iнфармацыя аб тым, праз каго людзi трапiлi ў штаб, што абмяркоўвалася падчас "несанкцыянаванага сходу".
Сённяшнюю ноч Дзмiтрый Шыманскi правядзе ў Маскоўскiм РАУС г. Брэста, заўтра па яго справе адбудзецца паседжанне суда. Кiраўнiку штабу пагражае 15 сутак арышту. Прашэнне Д. Шыманскага аб тым, каб яго адпусцiлi начаваць дадому, абгрунтаванае тым, што ён мае малое дзiця, i пацверджанае абяцаннем абавязковага з’яўлення ў суд, задаволена не было.
Кiраўнiк штабу адмаўляе свой удзел у арганiзацыi несанкцыянаванага сходу i лiчыць дзеяннi як у адносiнах да яго, так i ў адносiнах да iншых актывiстаў штабу А. Мiлiнкевiча незаконнымi.
А 19.00 сакратару гарадскога штаба А.Мiлiнкевiча - Ул.Тарноўскаму патэлефанаваў сакратар абласнога штаба А.Мiлiнкевiча - Рыгор Бакiевiч, якi па тэлефоне паведамiў, што на вулiцы на яго напаў невядомы яму п’яны чалавек. У вынiку чаго Р.Бакiевiч апынуўся ў Ленiнскiм РАЎСе. Праваабаронца Уладзiмiр Вялiчкiн паведамiў, што Р.Бакiевiча абвiнавачваюць у хулiганстве.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international