viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, лістапад 2010 году

2010 2010-12-08T23:53:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo-ahliad-hronika1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

У лістападзе завяршыўся этап збору подпісаў за вылучэньне прэтэндэнтаў у кандадаты на Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 18 лістапада адбылося паседжаньне ЦВК па рэгістрацыі кандыдатаў. З 17 прэтэндэнтаў, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы, 11 заявілі аб здачы як мінімум 100 000 подпісаў у сваю падтрымку; яшчэ 6 прэтэндэнтаў вырашылі добраахвотна спыніць свой удзел ў выбарах. Уладзімір Правальскі не быў зарэгістраваны за-за таго, што, па меркаваньні ЦВК, здаў толькі 118 сапраўдных подпісаў. Заўвагі да астатніх 9 прэтэндэнтаў, сабраўшых больш за 100 000 подпісаў – Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса і Віктара Цярэшчанкі –  тычыліся як парушэньняў пры зборы подпісаў, так і неадпаведнасьці зьвестак аб маёмасьці і прыбытках. ЦВК палічыла гэтыя парушэньні не перашкаджаючымі рэгістрацыі і зарэгістравала іх кандыдатамі ў Прэзідэнты. Толькі адзін прэтэндэнт не меў ніякіх заўвагаў з боку ЦВК – Аляксандр Лукашэнка, за якога было пададзена 1 100 000 подпісаў.

19 лістапада арганізатары грамадскай ініцыятывы "Праваабаронцы за свабодныя выбары" правялі прэс-канферэнцыю, падчас якой падсумавалі вынікі наступнага этапу выбарчай кампаніі. Нягледзячы на больш спрыяльныя чым раней умовы, назіральнікі адзначылі цэлы шэраг парушэньняў выбарчага заканадаўства. Так, ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў працавалі ў няроўных умовах параўнальна з ініцыятыўнай групай дзейнага кіраўніка дзяржавы. Падчас збору подпісаў моцна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, а актывістам каманд іншых прэтэндэнтаў забаранялася ўваходзіць у інтэрнаты, на тэрыторыю прадпрыемстваў і ўстановаў. Цэнтрвыбаркам таксама не зьвярнуў увагу на той факт, што подпісы за А. Лукашэнку зьбіралі людзі, якія не зьяўляліся сябрамі яго ініцыятыўнай групы. Што тычыцца рэгістрацыі кандыдатаў, то яна адбывалася без значных абмежаваньняў права кандыдатаў быць абранымі. У той жа час закрытасьць працэдуры праверкі сапраўднасьці подпісаў не выключае маніпуляцыяў з боку выбарчых камісіяў і дае падставы для стаўленьня да вынікаў рэгістрацыі як да палітычна, а не юрыдычна матываваных. Па дадзеных назіральнікаў значная частка прэтэндэнтаў не сабрала неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў, але тым ня менш была зарэгістраваная ЦВК.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі даслаў звароты на імя Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча і ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Да іх праваабаронца далучыў афіцыйную заяву FIDH, прынятую міжнароднай арганізацыяй у сувязі з ціскам сілавых структураў на групы грамадзянаў, што прадстаўляюць анархісцкі і антыфашысцкі моладзевыя рухі ў краіне. Ён заклікаў спыніць супрацьпраўныя дзеяньні і не дапускаць парушэньняў правоў чалавека пры правядзеньні сьледзтва.

30 лістапада Міністэрства фінансаў ЗША ў чарговы раз працягнула рашэньне аб зьмякчэньні санкцыяў у дачыненьні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім» — «Лакафарба» і «Полацак-Шкловалакно». Дзейнасьць санкцыяў прыпынена да 31 траўня 2011 году. Яны былі ўведзены тры гады таму – у лістападзе 2007 году ў сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. 5 верасьня 2008 году Мінфін ЗША на паўгады зьмякчыў санкцыі і з таго часу штораз працягвае гэтае рашэньне.

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

10 лістапада ўступіла ў сілу рашэньне Гаспадарчага суду Менска аб ліквідацыі ўстановы «Рух наперад». Апеляцыйная калегія суда адмовіла ў задавальненьні скаргі прадстаўнікоў установы на рашэньне гэтага ж суда аб ліквідацыі ўстановы. Афіцыйная падстава ліквідацыі – несапраўднасьць дамовы з арэндадаўцам і, адпаведна, адсутнасьць юрыдычнага адрасу. Між тым, менавіта ўстанова «Рух наперад» зьяўлялася афіцыйным ініцыятарам кампаніі «Гавары праўду», лідэрам якой зьяўляецца У. Някляеў – адзін з кандыдатау ў Прэзідэнты.

16 лістапада Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргу праваабарончай арганізацыі “Берасьцейская вясна” на нерэгістрацыю аб’яднаньня. Матывіроўка адмовы: на час прыняцьця рашэньня фактычна існавала несупадзеньне паміж пададзеным адрасам аднаго з заснавальнікаў і тым, які быў у базе дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

4 лістапада быў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА жыхар сталіцы Максім Веткін. Яму прад’яўлена абінавачваньне ў нападзе на амбасаду Расеі 30 жніўня і нападзе на будынак “Беларусбанку” ў ноч з 30 красавіка на 1 траўня. М. Веткін прызнаў сваю датычнасьць да гэтых нападаў, аднак сябры актывіста ўпэўненыя, што прызнаньне ён зрабіў пад ціскам міліцыі. М.Веткін стаў трэцім абвінавачаным па справе хуліганскіх нападаў, зьдзейсьненых на працягу году ў розных месцах Менску, Салігорску і Бабруйску. Усе гэтыя эпізоды з нападамі былі аб’яднаныя ў адну крымінальную справу аб хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК). Па ёй таксама праходзяць Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч, якія з верасьня ўтрымліваюцца за кратамі. 10 лістапада стала вядома, што сьледства працягнутае да 6 месяцаў, у сувязі з чым тэрмін утрыманьня пад вартай працягнуты.

16 лістапада студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту абвесьціла пра пачатак бестэрміновай акцыі ў падтрымку зьняволенага Мікалая Дзядка, паколькі за час правядзеньня сьледства неаднаразова было груба парушана крымінальна-працэсуальнае заканадаўства. На першым этапе плануецца сабраць і даслаць зьняволенаму некалькі соцень лістоў у знак салідарнасьці. У звароце, распаўсюджаным студэнтамі ЕГУ адзначаецца: “16 лістапада, у Дзень Салідарнасці з ахвярамі палітычнага рэжыму ў Беларусі, мы патрабуем ад сілавых структур Беларусі альбо вызваліць М.Дзядка з-пад варты з-за адсутнасьці доказаў ягонай датычнасьці да якіх бы там ні было правапарушэньняў і злачынстваў, альбо правесьці адкрыты і справядлівы суд па матэрыялах справы”. Таксама студэнты заклікалі ўсіх неабыякавых людзей далучацца да кампаніі салідарнасьці і пісаць лісты М.Дзядку.

5 лістапада з Івацэвіцкай калоніі ўмоўна-датэрмінова вызвалены Уладзімір Асіпенка, асуджаны па так званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Да заканчэньня тэрміну пакараньня яму заставалася ўсяго 3 месяцы і 4 дні.

Крымінальная справа супраць незалежных журналістак Натальлі Радзінай, Ірыны Халіп, Марыны Коктыш і Сьвятланы Калінкінай перададзена ў пракратуру. Па словах старэйшага дазнаўцы Упраўленьня ўнутраных справаў Гомеля Аляксандра Пусева, справа па артыкуле «паклёп» была раней прыпыненая згодна п.1 ч.1 арт. 246 КПК РБ («з-за невыяўленьня асобы, якая падлягае абвінавачваньню») і знаходзілася ў архіве, але прыкладна месяц таму яе запатрабавала кіраўніцтва Менскай гарадской пракуратуры. Пры гэтым канфіскаваная ў журналістак тэхніка дагэтуль знаходзіцца ў сьпецыяльным сховішчы для рэчдоказаў і рашэньне пра яе вяртаньне не прынятае. “Нагадаю, што ў пракуратуры Менска знаходзіцца таксама яшчэ адна крымінальная справа супраць сайта, узбуджаная за каментары чытачоў. Уся гэтая сітуацыя наглядна дэманструе характар прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якая ідзе ў краіне – яе ўжо сёньня можна назваць несвабоднай і недэмакратычнай», - пракаментавала сітуацыю каардынатарка Хартыі’97 Натальля Радзіна.

18 лістапада Гарадзенская пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне па крымінальным артыкуле 193.1 (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) намесьніку старшыні “Маладога Фронту" Алесю Кіркевічу. Гэта адбылося на падставе заявы, якую пад прымусам супрацоўнікаў сьпецслужбаў напісала маці аднаго з актывістаў гарадзенскага аддзяленьня арганізацыі.

30 лістапада Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Міхася Башуры на прысуд, вынесены Савецкім райсудом сталіцы 19 кастрычніка. Адначасова судзьдзі не задаволілі пратэст пракуратуры на той самы прысуд. Па словах М.Башуры, разгляд прайшоў вельмі хутка і з парушэньнем юрыдычнай працэдуры.

  1. Перасьлед грамадзкіх актывістаў

11 лістапада салігорскага маладафронтаўца і актывіста кампаніі “Гавары праўду”Андруся Тычыну, які быў затрыманы на акцыі 7-га лістапада і ў той жа дзень дастаўлены ў ваенкамат, накіравалі ў псіхіятрычную бальніцу ў Навінках (Менск) на абсьледваньне.  Па словах А. Тычыны, ён ніякім чынам не ўхіляўся ад прызыву, а паводзіны ўладаў і ваеннага камісарыяту зьвязвае з удзелам ў выбарчай кампаніі.

Пры перасячэньні мяжы прадстаўнікі апазіцыі пачалі прыцягваць асаблівую ўвагу ў памежных службаў. Так, 2 лістапада ў Гомелі на чыгуначным вакзале ў цягніку Кіеў — Санкт-Пецярбург мытнікі правялі паўторны дагляд 4 магілеўскіх актывістаў кампаніі «Гавары праўду». Дагляд быў зроблены пасьля таго, як актывісты прайшлі мытны кантроль на станцыі «Цяруха» пры перасячэньні беларускай мяжы.

Пад асабісты дагляд трапілі на чыгуначным вакзале ў Горадні і праваабаронцы Уладзімер Хільмановіча і Віктар Сазонаў. 4 лістапада яны вярталіся з Польшчы і былі затрыманыя на дзьве гадзіны.

  1. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

12 лістапада на менскім аўтавакзале «Ўсходні» міліцэйскія і цывільныя машыны заблакавалі мікрааўтобус, які перавозіў наклад новага нумару незалежнай газэты «Новы час». Супрацоўнікі ДАІ забралі дакументы ў кіроўцы мікрааўтобусу і загадалі яму прыехаць у Ленінскі РУУС, дзе падчас разбору зьявіўся невядомы ў цывільным і загадаў адпусьціць распаўсюднікаў.

30 лістапада Кастрычніцкі райсуд Віцебску пакараў Сяргея Кандакова штрафам у памеры 20 б.в. (700 тыс.руб.) за распаўсюд незалежнай газеты «Витебский курьер», якая зарэгістраваная як расійскае перыядычнае выданьне і друкуецца ў Смаленску. Выдавацца на радзіме газета ня мае магчымасьці. Акрамя таго «Витебский курьер»  пазбаўлены ліцэнзіі на продаж і ня можа трапіць у падпісны каталог.

24 лістапада Крычаўскі раённы суд не задаволіў іск выдаўца незалежнай газеты «Вольны горад» Уладзімера Кудраўцава, які дамагаўся кампенсацыі маральнай шкоды ад раённай міліцыі ў памеры пяці мільёнаў рублёў. Нагодай для суду сталася канфіскацыя міліцыянтамі трох накладаў выданьня. Галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул «НТВ зьнішчыла рэпутацыю прэзідэнта Лукашэнкі» з каментаром Паўла Шарамета пра скандальны фільм «Хросны Бацька». Судзьдзя Антаніна Качанава палічыла, што прэтэнзіі журналіста да міліцыянтаў беспадстаўныя. Пастанова суду абскарджана ў вышэйстаячай інстанцыі.

Міністэрства гандлю вынесла папярэджаньне лунінецкай незалежнай газеце "Информ-прогулка" за разьмяшчэньне ў некалькіх травеньскіх выпусках рэкламы незалежнага тэлеканала «Белсат TV» «без указаньня найменьня, уліковага нумару плацельшчыка замежнага рэкламадаўца», чым парушыла п. 4 арт. 10 закона «Аб рэкламе». А паколькі за згаданае правапарушэньне прадугледжана таксама адміністрацыйная адказнасьць, прадстаўніка рэдакцыі выклікалі ў Мінгандлю для складаньня пратаколу.

  1. Парушэньне права на свободу мірных сходаў

Менгарвыканкам адмовіў прадстаўнікам моладзевай кааліцыі "Новае Пакаленьне" правесьці на плошчы Незалежнасьці 7 лістапада пікет са зборам подпісаў за перайменаваньне станцыі метро "Плошча Леніна" у “Плошчу Незалежнасьці”. Прычына – забарона праводзіць пікеты бліжэй чым за 200 метраў ад пераходаў мэтрапалітэну. Арганізатары не сталі праводзіць несанкцыянаванае мерапрыемства, а распачалі збор подпісаў паблізу плошчы Незалежнасьці: моладзевыя актывісты расьцягнуліся ад Чырвонага касьцёла да будынку чыгуначнага вакзалу. Акцыя прайшла без затрыманьняў, але пашпартныя дадзеныя некаторых зборшчыкаў супрацоўнікі Маскоўскага РУУС ўсё ж перапісалі.

У канцы лістапада гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны накіравалі заяўку на правядзеньне ў горадзе 10 сьнежня, у Дзень правоў чалавека, пікета. На мэце правядзеньня масавага мерапрыемства таксама ставілася інфармаваньне жыхароў горада аб праве не ісьці на датэрміновае галасаваньне. Гарвыканкам адмовіў праваабаронцам на той падставе, што заяўнікі не аплацілі паслугі міліцыі, «хуткай дапамогі» і камунальных службаў, а таксама месцам правядзеньня акцыі вызначылі плошчу Паўстаньня, у той час як для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца не па ініцыятыве ўлады, дазволена толькі адна пляцоўка – каля ДК Беларускага таварыства глухіх.

  1. Адміністрацыйныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

6 лістапада больш за чатыры гадзіны правёў у пастарунку Ленінскага раёну Магілёва актывіст “Маладога Фронту” Валянцін Лабачоў. Яго затрымалі людзі ў цывільным каля Палацу гімнастыкі, які адкрываў А.Лукашэнка. Пры асабістым даглядзе ў рэчах маладафронтаўца міліцыянты знайшлі паветраныя шарыкі і бел-чырвона-белыя сьцягі.

7 лістапада ў Салігорску каля помніка Леніну, дзе мелася адбыцца ўрачыстае ўскладаньне кветак, былі затрыманыя актывісты "Маладога Фронту" Іван Шыла і Андрусь Тычына. На галоўнай плошчы гораду яны разгарнулі плакат "7 лістапада - дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій". У пастарунку супрацоўнікі міліцыі склалі на затрыманых пратаколы па арт. 23.34 КаАП за арганізацыю несанкцыянаванага пікетаваньня. Між тым, па словах А. Тычыны, маладафронтаўцы прымалі ўдзел у дазволенай акцыі, хоць і прытрымліваліся іншага меркаваньня.

Уначы 12 лістапада ў Першамайскім раёне Менску за распаўсюд налепак “Сыходзь!” быў затрыманы 24-гадовы актывіст БХД Антось Котаў. У пастарунку міліцыянты склалі пратакол па ч. 2 арт. 21.14 КаАП “Парушэнне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў”, пасьля чаго актывіста адпусцілі. Акцыя "Сыходзь!", ініцыяваная БХД і Маладым фронтам, прайшла 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

16 лістапада ў Менску быў затрыманы актывіст «Маладога Фронту» Эдуард Лобаў. Ён распаўсюджваў інфармацыйныя матэрыялы кампаніі «Сыходзь!», а таксама ўлёткі з заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 24 лістапада. У пастарунку Савецкага раёну на маладафронтаўца быў складзены адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП (Парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства).

24 лістапада адміністрацыйная камісіія Маскоўскага раёну Менску пакарала штрафам на 3 б.в. (105 тыс. руб.) маладафронтаўца Эдуарда Лобава, які 9 кастрычніка быў затрыманы ў Бабруйску за расклейваньне налепак на інфармацыйных шчытах ля пад'ездаў. Паводле пастановы, Э. Лобаў такім чынам парушыў правілы дабраўпарадкаваньня тэрыторыі, што з’яўляецца парушэньнем ч.2 арт.21.14 КаАП. Актывіст лічыць вынесенае рашэньне цалкам неабгрунтаваным, паколькі інфармацыйныя шчыты прадугледжаны менавіта для абвестак.

22 лістапада ў Віцебску за несанкцыянаванае пікетаваньне з заклікам да байкоту прэзідэнцкіх выбараў былі затрыманыя грамадзскі актывіст Ян Дзяржаўцаў і распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда. Яны выйшлі ў цэнтр горада з плакатамі “Толькі байкот” і  “Удзел у выбарчым фарсе – гэта здрада Радзіме”. У пастарунку на іх склалі пратаколы і адвезьлі ў суд. Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебску Алена Цыганкова пакарала Я. Дзяржаўцава штрафам у памеры 10 б.в., а Б. Хамайду – 5-цю суткамі арышту, бо ён ужо неаднаразова затрымліваўся за парушэньне арт. 23.34 КаАП. Аднак арыштаваны знаходзіўся пад вартай толькі адны суткі з пяці, бо абласная пракуратура па ўласнай ініцыятыве аспрэчыла судовае рашэньне. Абласны суд, у сваю чаргу, прызнаў пакараньне, вынесенае Хамайду, неадпавядальным складу зьдзейсьненага правапарушэньня. Як адзначана ў пастанове, суд кіраваўся "прынцыпамі гуманізму і справядлівасьці”, таму з улікам асобы вядомага апазіцыянера, чалавека ўжо пенсійнага ўзросту, пяцёра сутак было заменена на адны суткі. 

  1. Сьмяротнае пакараньне

Брэстаўчанка Сьняжана Неўдах атрымала адказы з Адміністрацыі Прэзідэнта і Нацыянальнага Цэнтра заканадаўства і прававых дасьледаваньняў РБ на свой зварот ад 28 кастрычніка, у якім прасіла, каб маці расстралянага Андрэя Жука паведамілі пра месца пахаваньня сына. У лісьце з адміністрацыі паведамляецца, што пытаньне вывучаецца ў Нацыянальным Цэнтры заканадаўства і прававых дасьледаваньняў. У другім адказе паведамляецца, што прапанова С.Неўдах аб унясеньні зьменаў у Крымінальна-выканаўчы кодэкс будзе разгледжана рабочай групай Цэнтра ў рамках падрыхтоўкі праекта Закона РБ "Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Крымінальна-выканаўчы кодэкс РБ", распрацоўка якога прадугледжана праектам плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2011 год.

30 лістапада актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”, правялі ў Менску акцыю «Гарады за жыцьцё – гарады супраць сьмяротнага пакараньня». Дзесяткі зьнічоў надвячоркам запалілі актывісты каля сьцен Чырвонага касцёлу (Сымона і Алены).

  1. Парушэньні выбарчых правоў грамадзянаў

З 85 скаргаў на неўключэньне 413 чалавек у склад участковых выбарчых камісіяў (УВК), суды адмовілі ва ўсіх 85 выпадках, праігнараваўшы довады аб дыскрымінацыйным падыходзе выканкамаў да прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў. Свае адмовы суды абгрунтавалі тым, што фармальныя працэдуры стварэньня УВК былі выкананыя.

Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун атрымаў адказ з ЦВК на зварот аб законнасьці рашэньня Мазырскага райвыканкама па ўтварэньні “працоўнай групы”, якая фактычна прызначыла ўсіх людзей ва ўчастковыя камісіі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прызнала, што не ўсе палажэньні дакумента ў поўнай меры стасуюцца з выбарчым заканадаўствам, аднак пры гэтым яна ўказала, што ў назіральніка няма права назіраць за гэтай групай.

26 лістапада 13 магілёўскіх дэмакратычных актывістаў, сярод якіх былі давераныя асобы кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Рыгора Кастусёва, Аляксея Міхалевіча, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава і Дзьмітрыя Уса, а таксама праваабаронцы Барыс Бухель і Сяргей Фамін, зьвярнуліся з заявай у Ленінскі райсуд з просьбай абавязаць выбарчую камісію Ленінскага раёну пашырыць колькасьць месцаў для вядзеньня агітацыйнай кампаніі. Старшыня Ленінскага райсуду Галіна Кужалева прыняла рашэньне адмовіць ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы на той падставе, што падобныя справы суду не падсудныя.

  1. Умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня

24 лістапада Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай, у якой выказаў занепакоенасьць сітуацыяй з асуджаным прадпрымальнікам сябрам АГП Андрэем Бандарэнкам, які адбывае  пакараньне ў бабруйскай калоніі. У заяве адзначаецца, што ў дачыненьні да А.Бандарэнкі неаднаразова ўжываўся ціск з боку адміністрацыі папраўчай установы, ёсьць інфармацыя, што яму нават пагражалі “выпадковай сьмерцю”. Гэтыя факты сьведчаць аб выкарыстаньні ў дачыненьні да А. Бандарэнкі жорсткіх, бесчалавечных, прыніжаючых чалавечую годнасьць  відаў абыходжаньня, якія прыраўніваюцца да катаваньняў. Праваабаронцы не выключаюць палітычнага матыву перасьледу асуджанага і патрабуюць забясьпечыць яму належныя ўмовы адбыцьця пакараньня.

  1. Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычных матывах

У лістападзе звольнілі з працы аўтара відэароліка пра бабулін пашпарт і прэзідэнцкую выбарчую кампанію Яўгенія Шапчыца і аднаго з актораў Паўла Бандзіча. Абодвум кіраўніцтва прапанавала напісаць заявы “па згодзе бакоў”.  Студэнт-завочнік Акадэміі мастацтваў Я.Шапчыц працаваў інжынерам відэамантажу Белтэлерадыёкампаніі, П. Бандзіч – у Міжнародным экалагічным універсітэце імя Сахарава кіраўніком тэатральнай студыі.

Ролік «Бабуля-2010» з’явіўся на YouТube 8 лістапада. Калі колькасьць праглядаў набліжалася да 30 тысяч, відэа нечакана стала недаступным. Адміністрацыя парталу зьмясьціла тлумачэньне, што «ролік мае непрымальны зьмест». Праўда, неўзабаве ён быў зноў загружаны на YouTube. Ціск на вытворцаў аказаўся дадатковай рэкламай, і на цяперашні цяпер колькасьць праглядаў відэароліку значна вырасла.

Праваабаронца з Маладэчна Алесь Капуцкі, які з’яўляецца доўгатэрміновым назіральнікам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, з 1 сьнежня застаўся без працы. Кіраўніцтва прыватнага прадпрыемства, на якім ён працаваў, нічога не патлумачыўшы, не падоўжыла з ім кантракт. Аналагічная сітуацыя з ім ўжо здаралася ў 2008 годзе, калі пачыналася парламенцкая выбарчая кампанія, і А. Капуцкі быў каардынатарам доўгатэрміновых назіральнікаў у сваім рэгіёне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства