viasna on patreon

ЦВК: Аўтапрабег “Мы за Бацьку!” быў незаконны, але ніхто не вінаваты

2010 2010-12-07T17:58:04+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ermoshina-cik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Правабаронца Валянцін Стэфановіч атрымаў адказ Цэнтрвыбаркама на сваю скаргу, у якой прасіў прыцягнуць да адказнасці ўдзельнікаў аўтапрабегу “Мы за бацьку!”. Як паведамлялася раней, гэты аўтапрабег стартаваў у г. Санкт-Пецярбургу і быў арганізаваны расійскімі грамадскімі аб’яднаннямі “Браты славяне” і “Аўтарадыёклуб”. Грамадзяне Расійскай Федэрацыі праехалі па 24 населеных пунктах Беларусі. Удзельнікі аўтапрабега рухаліся калонай, упрыгожанай сцягамі і лозунгамі ў падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы на будучых выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Валянцін Стэфановіч праінфармаваў ЦВК, што замежныя грамадзяне таксама праводзяць у беларускіх гарадах і мястэчках мітынгі на тэму выбараў. “Фотаздымкі і інтэрв’ю з адным з арганізатараў аўтапрабегу “Мы за бацьку!”, грамадзянінам Расійскай Федэрацыі, кіраўніком расійскага грамадскага аб’яднання “Браты славяне” і дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Сяргеем Харланцьевым былі змешчаныя на сайце “Мой Слонім”. Як вынікае з інтэрвью, мэта аўтапрабегу – падтрымка палітыкі А.Г. Лукашэнкі”,- паведаміў В.Стэфановіч у Цэнтральную выбарчую камісію. Ён падкрэсліў, што “ч. 4 арт.45 Выбарчага кодэкса наўпрост забараняе замежным грамадзянам прымаць удзел у правядзенні агітацыі”.

У панядзелак, 6 снежня В.Стэфановіч атрымаў адказ ЦВК за подпісам асабіста Лідзіі Ярмошынай, датаваны 1-м снежня. “Ваш зварот, у якім паведамляецца аб правядзенні грамадзянамі Расійскай Федэрацыі аўтапрабега “Мы за Бацьку”, разгледжана ў рамках кампетэнцыі Цэнтральнай камісіі, - гаворыцца ў адказе. – Паколькі Ваш зварот паступіў у Цэнтральную камісію пасля сканчэння названага мерапрыемства, прыняць захады па спыненню агітацыйнай дзейнасці замежных грамадзян не ўяўляецца магчымым”. У той жа час ЦВК “звярнула ўвагу ніжэйстаячых камісій” на тое, што ўдзел замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў перадвыбарчай агітацыі забаронены, і гэтага трэба прытрымлівацца. 

Тым не менш, ЦВК падкрэсліла, што ні кандыдат у прэзідэнты А.Лукашэнка, ні яго штаб у парушэнні ч.4 артыкула 45 Выбарчага кодэксу не вінаватыя. “Лічым неабходным таксама праінфармаваць, што ў ходзе разгляду Вашага звароту ўстаноўлена, што ніхто з давераных асобаў кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі не прымаў ніякага ўдзелу ў арганізацыі згаданага Вамі аўтапрабегу”, - заключае Цэнтрвыбаркам.   

Як заявіў Валянцін Стэфановіч, адказам на сваю скаргу ён не задаволены.

“Канечне, гэта добра, што ЦВК прызнае незаконнасць гэтай акцыі, добра, што звяртае ўвагу ніжэйстаячых камісій. Але дзе мясцовая ўлада, дзе самі ніжэйстаячыя камісіі? Яны самі павінны ведаць выбарчае заканадаўства, а не чакаць, пакуль нехта напіша ліст і нагадае пра яго”, -- мяркуе правабаронца. Акрамя таго, працягвае юрыст, у звароце да ЦВК ён спасылаўся на канкрэтныя крыніцы інфармацыі – інтэрнэт-сайт газеты “Беларуская ніва” і сайт “Мой Слонім”. Застаецца незразумелым, чаму на публікацыі ў мясцовых СМІ і нават рэспубліканскай прэсе не было ніякай рэакцыі ні адпаведных выканкамаў, ні органаў пракуратуры. “Вядома, позна караць парушальнікаў, калі яны ўжо з’ехалі, - кажа В.Стэфановіч. – Але варта згадаць, што ў нас за падобнае парушэнне прадугледжваецца адміністратыўная адказнасць, і грамадзяне Расійскай Федэрацыі на нашай тэрыторыі нясуць яе нараўне з грамадзянамі Беларусі”.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства