Пакрыўджаныя ў судах жанчыны дамагліся сустрэчы з Макеем

2010 2010-12-07T09:28:20+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Актывісткі ініцыятывы «Жанчыны супроць беззаконьня ў судох і пракуратуры» правялі вулічную акцыю і дамагліся, што ў Палацы рэспублікі зь імі 5 хвілін размаўляў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта.
Сустрэча жанчын з Уладзімерам Макеем адбывалася ў вэстыбюлі аднаго з уваходаў у Палац Рэспублікі і доўжылася літаральна 5 хвілін. Вынік размовы — некалькім актывісткам абяцаная сустрэча ў пятніцу, 10 сьнежня. Ці дапаможа размова з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта, ніхто ня ведае, але жанчыны спадзяюцца: гэта лепш, чым нічога, кажа юрыст Тамара Сяргей, якая аказвае дапамогу незарэгістраванай арганізацыі «Жанчыны супроць беззаконьня ў судах і пракуратуры».
«Гэтак мы ходзім па замкнёным коле, як на іпадроме. Гэтак ходзіць гэтак званы народ. Чыноўнікі, відаць, нас і за народ ня маюць. Яны лічаць, што народ — гэта тыя, хто зараз засядае ва Ўсебеларускім сходзе. А мы быццам і не народ. Але мы таксама заяўляем пра свае правы».
Жанчыны змагаюцца за перагляд судовых спраў супроць сваякоў, якія лічаць незаконнымі, а таксама дамагаюцца пакараньня сьледчых, якія сфальшавалі, на іх думку, незаконныя справы. Некаторыя актывісткі беспасьпяхова ходзяць па кабінэтах чыноўнікаў са скаргамі па 5 і болей гадоў. Толькі да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы жанчыны зьвярталіся 15 разоў, шмат разоў у адміністрацыю прэзыдэнта, у тым ліку да кіраўніка адміністрацыі Ўладзімера Макея.
Сёньня — першы выпадак, калі кіраўнік адміністрацыі пагаварыў з пакрыўджанымі жанчынамі. Адбылося гэта пасьля рашучых дзеяньняў з боку жанчын. Спачатку яны правялі несанкцыянаваны пікет на плошчы Свабоды.
Адным зь лёзунгаў пікету быў такі: «Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — надзейная абарона беззаконьня ў краіне». Пасьля пікету актывісткі аднесьлі ў генэральную пракуратуру скаргу на гарадзкія ўлады за тое, што ім забаранілі праводзіць пікет.
З пракуратуры актывісткі панесьлі зварот у Палац Рэспублікі да ўдзельнікаў Усебеларускага сходу. Каля паўгадзіны жанчыны стаялі на вуліцы на марозе, чакаючы, каб іх прапусьцілі альбо каб да іх выйшаў нехта з арганізатараў сходу. «Альбо прэм’ер Сяргей Сідорскі, альбо кіраўнік адміністрацыі Ўладзімер Макей», — патрабавалі жанчыны і ў выніку свайго дамагліся.
Сустрэча з Уладзімерам Макеем адбылася празь некалькі хвілін пасьля заканчэньня Ўсебеларускага сходу, у вэстыбюлі пад’езду Палаца Рэспублікі, які выходзіць на музэй Айчыннай вайны. Уладзімера Макея суправаджалі шматлікія ахоўнікі і міліцыянты ў цывільным. Карэспандэнта «Свабоды», які з дазволу жанчын здымаў на відэа ўсе падзеі акцыі, ахоўнікі кіраўніка адміністрацыі выдалілі з вэстыбюлю гвалтам, назваўшы «лазутчыкам».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international