3 снежня - Міжнародны дзень інвалідаў

2010 2010-12-03T14:14:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сьвята было ўстаноўлена ААН у 1992 годзе на завяршэньне Дэкады інвалідаў. Гэты дзень быў устаноўлены для спрыяньня інтэграцыі ў грамадзтва людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Ацэньваецца, што ва ўсім сьвеце жыве каля 650 мільёнаў інвалідаў, што складвае каля 10% чалавецтва. Амаль 390 мільёнаў зь іх не працуюць. У разьвіваючыхся краінах ажно 80-90% інвалідаў – гэта беспрацоўныя, а ў разьвітых краінах гэта каля 50-70%.

У Польшчы ў 2009 годзе жыло каля 3,5 мільёнаў інвалідаў. Гэтая лічба складвае больш за 11% палякаў. У мінулым годзе працавала толькі 16%. Гэта зьвесткі Галоўнага статыстычнага ведамства Польшчы.

Аднак згодна зь інфармацыяй Таварыства сяброў інтэграцыі, працуе большая колькасьць палякаў з абмежаванымі магчымасьцямі. Кажа старшыня таварыства Пётр Паўлоўскі.

П. Паўлоўскі: У Польшчы колькасьць людзей зь інваліднасьцю, якія знайшлі працу, значна павялічылася. На жаль, у большай ступені гэта тычыцца людзей зь лёгкай інваліднасьцю, даўней гэта называлі ІІІ інваліднай групай. Гэтая група прычынілася да таго, што агулам колькасьць працаўладкаваных інвалідаў у Польшчы вырасла да 20%. На гэта ўплывае некалькі чыньнікаў: лепшая эканамічная сытуацыя, грамадзкая сьвядомасьць, жаданьне інвалідаў весьці актыўны лад жыцьця, а таксама адкрытасьць працадаўцаў. Усе гэтыя чыньнікі ўплываюць на сталае паляпшэньне сытуацыі. Людзей зь інваліднасьцю, якія атрымліваюць з кожным разам лепшую адукацыю, відаць на рынку працы значна больш, чым раней.

У Польшчы існуюць адмысловыя месцы працы, якія маюць статус ахоўваных. Яны атрымліваюць дадатковыя льготы ўзамен за працаўладкаваньне інвалідаў. Аднак апошнім часам гэтыя льготы былі скарочаныя, а зьмены ідуць у такім напрамку, каб інваліды знаходзілі працу на свабодным рынку працы. Прадпрыемствы са статусам ахоўваных будуць працаўладкоўваць толькі інвалідаў з найцяжэйшымі групамі, якім у месцы працы патрэбная адмысловая апека.

Пётр Паўлоўскі зазначае, што зьмены ў Польшчы накіраваныя менавіта на свабодны рынак працы. Пры гэтым ён шчыра прызнае, што сытуацыя інвалідаў зь вялікіх гарадоў кардынальна адрозьніваецца ад жыхароў малых мясцовасьцяў і вёсак, дзе інвалідам нашмат цяжэй працаўладкавацца.

Старшыня Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў у Беларусі Сяргей Драздоўскі адзначае, што ў Беларусі праблема працаўладкаваньня інвалідаў застаецца вельмі актуальнай і складанай, як ва ўсім сьвеце. На думку нашага суразмоўцы, у Беларусі прымаюцца недастатковыя меры для вырашэньня гэтай проблемы. Беспрацоўе сярод інвалідаў І і ІІ групаў у Беларусі сягае 80%.

С. Драздоўскі: Праграмы ў нашых законах маюць калектыўны характар. Працадаўца людзей зь інваліднасьцю атрымлівае прэфэрэнцыі з боку дзяржавы толькі пры калектыўным найме. Калі нехта хоча ўзяць на працу аднаго чалавека, то дзяржава ніяк не дапамагае. І гэта вялікая праблема. У іншых краінах прэфэрэнцыі замацаваныя за кожным чалавекам зь інваліднасьцю. Прыходзячы на працоўнае месца, ён прыносіць долю прэфэрэнцый і гэта робіць для наемцы цікавым працаўладкаваньне людзей зь інваліднасьцю.

У нас таксама захавалася яшчэ савецкая сыстэма працаўладкаваньня для людзей з дрэнным зрокам ці сьляпых, а таксама для глухіх. Вось прыклад: на адным з прадпрыемстваў Таварыства інвалідаў па зроку на самай простай мэханазборачнай працы працуе больш за 40 чалавек з чырвонымі дыплёмамі вышэйшай адукацыі.

Чым цяжэйшая інваліднасьць, тым складаней працаўладкавацца. Гэта амаль немагчыма. Калі казаць пра Менск, то пэўныя магчымасьці ёсьць, напрыклад, дыстанцыйная праца, IT-тэхналёгіі. Аднак калі казаць пра рэгіёны, то гэта нерэальна.

Паводле афіцыйных дадзеных, на 1 лістапада 2010 году на ўліку ў ворганах працы й сацабароны стаяла 502,9 тысяч інвалідаў. У гэтым ліку 72,4 тысячы інвалідаў І групы, 269 тысяч  - ІІ групы, 136 тысяч – ІІІ групы, а таксама 25,5 тысяч дзяцей-інвалідаў ва ўзросьце да 18 гадоў. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international