Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: тыднёвы аналітычны агляд (29 лістапада – 5 снежня)

2010 2010-12-06T11:06:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

1. 30 лістапада Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) прыняла папраўкі да Метадычных рэкамендацыяў аб арганізацыі працы участковых выбарчых камісій (УВК), прапанаваныя апазіцыйнымі палітычнымі партыямі і некаторымі кандыдатамі ў Прэзідэнты. Гэтыя папраўкі ўводзяць дадатковыя меры па абароне працэсу галасавання ад магчымых фальсіфікацый: заклейванне шчылінаў скрыняў на перыяд, калі не ажыццяўляецца датэрміновае галасаванне, і патрабаванне захоўвання бюлетэняў у апячатаных сейфах.  

2. У той жа самы час ЦВК адмовіла ў магчымасці кругласутачнай прысутнасці назіральнікаў на выбарчых участках падчас датэрміновага галасавання і ў чарговы раз адхіліла прапанову аб растлумачэнні парадку падліку галасоў. Адсутнасць магчымасці назіраць за скрынямі для галасавання кругласутачна, гэтак жа як і існуючая практыка падліку галасоў можа выкарыстоўвацца для фальсіфікацый вынікаў выбараў і з’яўляюцца найбольш зручнымі абставінамі для гэтага.

3. Адмова ЦВК выклікае асаблівую занепакоенасць у кантэксце семінараў-трэнінгаў для сяброў УВК. У якасці ўзорнага падліку прапаноўваецца такі парадак падліку галасоў, пры якім кожны сябар УВК моўчкі лічыць галасы асобна, а назіральнікі не маюць магчымасці наблізіцца да месца падліку галасоў. 

4. Ва ўсіх рэгіёнах краіны працягваецца шырокае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу з мэтай забеспячэння масавага датэрміновага галасавання.

5. Перадвыбарчая агітацыйная кампанія, падчас якой упершыню з 1994 года з’явілася магчымасць тэледэбатаў у прамым эфіры на Першым нацыянальным тэлеканале, праходзіць без значных перашкодаў для кандыдатаў.

6. Прадстаўнікі выканаўчай улады ў складах выбарчых камісіях вядуць падрыхтоўку да арганізаванага процідзеяння незалежнаму назіранню сіламі назіральнікаў ад праўладных грамадскіх аб’яднанняў. Апошнім ставіцца задача перашкаджаць дзейнасці незалежных назіральнікаў і журналістаў, а таксама складаць акты аб правільнасці падліку галасоў у тых выпадках, калі сябры выбарчых камісій, што прадстаўляюць апазіцыйныя партыі, будуць адмаўляцца падпісваць выніковыя пратаколы ці афармляць асаблівыя меркаванні.
    

I. ПАДРЫХТОЎКА ДА ГАЛАСАВАННЯ

30 лістапада Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) разгледзела зварот старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, намесніка старшыні Праваабаронча-асветніцкага аб’яднання «Рух «За свабоду» Віктара Карняенкі і кандыдатаў у Прэзідэнты Рыгора Кастусёва, Аляксея Міхалевіча, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча. У звароце ў ЦВК прапаноўвалася прыняць пастановы, якія б забяпечылі большую празрыстасць выбарчага працэсу і спрыялі мінімізацыі маніпуляцыяў падчас галасавання, асабліва датэрміновага.

Прапановы тычыліся ўрэгулявання наступных пытанняў: падпісання ўсіх выбарчых бюлетэняў, атрыманых участковай выбарчай камісіяй (УВК), аднымі і тымі ж двума сябрамі гэтай камісіі; рэгламентацыі парадку захавання выбарчых скрыняў і бюлетэняў на працягу правядзення датэрміновага галасавання; магчымасці ажыццяўлення назірання на выбарчых ўчастках, ў тым ліку і ў начны час, на працягу ўсяго перыяду датэрміновага галасавання (14–18 снежня).

У выніку разгляду названых прапановаў ЦВК прыняла пастанову № 150 ад 30 лістапада, якая ўносіць змены ў Мэтадычныя рэкамендацыі «Арганізацыйна-прававыя пытанні працы ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 г.» (зацверджаны пастановай № 45 ад 15 верасня).

У Метадычныя рэкамендацыі была ўнесена пазыцыя «Забеспячэнне захаванасці скрыняў для галасавання і дакументаў па выбарах у перыяд датэрміновага галасавання» Згодна з ёй, у кожны дзень датэрміновага галасавання ў 14.00 і 19.00 старшыня УВК ці яго намеснік заклейваюць шчыліну для апускання бюлетэняў у скрыні для галасавання лістом паперы, якую падпісваюць старшыня УВК ці ягоны намеснік і адзін з сяброў УВК. Ускрыццё шчыліны адбываецца перад пачаткам галасавання адпаведна ў 10 і 16 гадзінаў старшынём УВК ці ягоным намеснікам. Пры дадзенай працэдуры маюць права прысутнічаць назіральнікі і прадстаўнікі СМІ.

Акрамя таго, згодна з дапаўненнямі, спісы выбаршчыкаў і бюлетэні для галасавання ў перыяды з 19 да 10 гадзінаў і з 14 да 16 гадзінаў павінны захоўвацца ў сейфах альбо металічных шафах, якія штодня па заканчэнні датэрміновага галасавання ў 19 гадзін апячатваюцца старшынём УВК ці яго намеснікам.

Прапанова аб кругласутачным назіранні не была падтрымана ЦВК. Па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, ахову грамадскаага парадку і выбарчых бюлетэняў у памяшканнях выбарчых ўчасткаў ў начны час будуць ажыццяўляць «бесстаронныя» супрацоўнікі міліцыі. Не падтрымана і прапанова аб падпісанні ўсіх выбарчых бюлетэняў, атрыманых УВК, аднымі і тымі ж двума сябрамі гэтых камісіяў.

Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічаць, што такая працэдура ўскладніла б магчымыя маніпуляцыі з бюлетэнямі. На практыцы, усе атрыманыя УВК бюлетэні падпісваюцца не адной парай сяброў УВК, а ўсімі яе сябрамі (кожная пара падпісвае пэўную колькасць бюлетэняў). 

Асаблівую занепакоенасць выклікае той факт, што ЦВК у чарговы раз адмовілася ад растлумачэння парадку (спосабу) падліку галасоў. На думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», гэта можа прывесці да таго, што асноўны этап выбарчай кампаніі не будзе транспарэнтным. Трэба адзначыць, што ў сваіх рэкамендацыях па выніках назірання за папярэднімі выбарамі АБСЕ неаднаразова ўказвала на неабходнасць дэталізацыі працэдуры падліку галасоў у Выбарчым кодэксе.

Гэтую занепакоенасць ўзмацняе той факт, што падчас семінара-трэнінга для сяброў УВК Маскоўскага раёна г. Мінска, на якім прысутнічала назіральнік ад ГА «БНФ «Адраджэньне» Валянціна Свяцкая, сябры УВК атрымлівалі інструкцыі аб арганізацыі падліку галасоў такім чынам, каб уся працэдура падліку і ўстанаўлення вынікаў галасавання заставалася максімальна закрытай для назіральнікаў. Трэнінг адбыўся 30 лістапада пад кіраўніцтвам намесніка старшыні выбарчай камісіі Маскоўскага р-на г. Мінска Аляксандра Кудзермаева, загадчыка аддзела арганізацыйна-кадравай работы адміністрацыі Маскоўскага р-на г. Мінска. Паводле яго інструкцый, падлік галасоў павінен адбывацца ў поўнай цішыні, кожны сябар камісіі атрымае свой стос бюлетэняў і будзе падлічваць галасы ў бюлетэнех з атрыманага стосу, заносячы дадзеныя на паперку, якую потым павінен перадаць страшыні камісіі. А. Кудзермаеў таксама указаў на неабходнасць «спыняць усе спробы назіральнікаў, якія захочуць падняцца і шчыльна стаць вакол стала. Нават калі будуць казаць «пакажыце кожны бюлетэнь» – усё роўна». Такі парадак падліку галасоў практыкаваўся і на папярэдніх выбарах.

II. ДАТЭРМІНОВАЕ ГАЛАСАВАННЕ

Назіральнікі з рэгіёнаў паведамляюць, што ў дзяржаўных установах і на прадпрыемствах працягваецца ціск адміністрацый на падначаленых супрацоўнікаў, навучэнцаў і студэнтаў з мэтай прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. 

На спецыяльных сходах у выканкамах ідэалагічныя работнікі ўстаноў і арганізацый на гэтым тыдні атрымлівалі ўказанні аб неабходнасці забяспечыць максімальна магчымую яўку менавіта на датэрміновае галасаванне.

На некаторых прадпрыемствах, як напрыклад, на Глыбоцкім малочнакансервавым камбінаце (Віцебская вобл.), кіраўніцтва даводзіць да ведама падначаленых, хто канкрэтна павінен ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні.

На датэрміновыя выбары заклікаюць не толькі адміністрацыі ўстаноў і прадпрыемстваў, але і непасрэдна дзяржаўныя чыноўнікі, робячы гэта прама ў працоўных калектывах, а таксама дэпутаты парламента і мясцовых Саветаў. Агітацыя за ўдзел у датэрміновым галасаванні, як правіла, суправаджаецца агітацыяй за дзеючага Прэзідэнта.

У г. Бабруйску (Магілёўская вобл.) з 3 снежня заклікаюць на датэрміновае галасаванне праз гукавы інфарматар маршрутных аўтобусаў.

Разам з тым, 26 лістапада на онлайн-канферэнцыі ў выданні «Комсомольская правда» в Белоруссии» старшыня ЦВК Л. Ярмошына ў адказ на пытанне пра адказнасць чыноўнікаў за прымус да датэрміновага галасавання падкрэсліла, што пры наяўнасці падобных выпадкаў трэба звяртацца ў пракуратуру з адпаведнай заявай. Л. Ярмошына патлумачыла, што падобныя дзеянні падпадаюць пад агульны састаў адміністрацыйнага правапарушэння (назваўшы пры гэтым яго злачынствам) – «перашкода свабоднаму волевыяўленню грамадзян», за што ў якасці санкцый прадугледжаны штраф.

III. АГІТАЦЫЯ

30 лістапада ЦВК вынесла папярэджанні кандыдатам В. Рымашэўскаму і М. Статкевічу за парушэнне выбарчага заканадаўства пры правядзенні перадвыбарчай акцыі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы г. Мінска.

У выніку абскарджання рашэнняў аб вызначэнні месцаў для правядзення агітацыі, колькасць апошніх у рэгіёнах павялічылася. Напрыклад, Гомельскі гарвыканкам унёс змены ў сваё рашэнне ад 5 лістапада: замест ранейшых 9 пляцовак у нешматлюдных раёнах цяпер агітацыя дазволена на тэрыторыі горада амаль паўсюдна. Разам з тым, назіральнікі адзначаюць, што месцаў на інфармацыйных шчытах для агітацыйнай прадукцыі кандыдатаў у Гомелі не хапае. Зафіксаваны выпадкі пашкоджання і зняцця агітацыйных плакатаў Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўскага.

Сустрэчы кандыдатаў і іх давераных асобаў з выбаршчыкамі адбываліся без істотных перашкодаў, але ва ўмовах абмежаванай інфармацыі аб іх правядзенні. Напрыклад, інфармацыя аб сустрэчы кандыдата Мікалая Статкевіча з жыхарамі г. Баранавічы (Брэсцкая вобл.) з’явілася ў мясцовай газеце «Наш край» (на апошняй старонцы дробным шрыфтам) і на сайце гарвыканкама толькі 2 снежня, у дзень сустрэчы.

Запланаваныя выступленні кандыдатаў па радыё і на тэлебачанні адбываліся згодна с вызначаным графікам. Акрамя таго, 4 снежня ў прамым эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала адбыліся тэледэбаты кандыдатаў (працягласцю ў 1 гадзіну). У дэбатах прынялі удзел 9 з 10 кандыдатаў (за выключэннем дзеючага Прэзідэнта), якія атрымалі дадатковую магчымасць данесці свае думкі і погляды да выбаршчыкаў у параўнанні з выбарамі 2006 года, калі тэледэбаты не праводзіліся.

Тэма прэзідэнцкіх выбараў ў дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ працягвае заставацца маргінальнай. У той жа самы час шырока асвятляецца падрыхтоўка да чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, які адбудзецца 6–7 снежня. Мэтай сходу дэкларуецца падсумаванне вынікаў 2006–2010 гадоў і «планы на наступную пяцігодку»[1], што ўмацоўвае ў грамадскай свядомасці ўпэўненасць у тым, што вынік выбараў перадвызначаны на карысць дзеючага Прэзідэнта.

Тую ж самую мэту маюць публікацыі ў мясцовых дзяржаўных друкаваных СМІ. Напрыклад, газета Баранавіцкага гарвыканкама «Наш край» (№ 142 ад 2 снежня) надрукавала вынікі апытання жыхароў горада пад назвай «За стабільнае і ўпэўненае заўтра». Усе, да каго звяртаўся журналіст газеты, заявілі, што падтрымаюць на выбарах толькі дзеючага Прэзідэнта. Змешчаны ў гэтым жа нумары пад назвай «Палітыка робіцца на плошчах?» артыкул пра кандыдата Андрэя Саннікава носіць падкрэслена крытычны характар.

IV. ПЕРАШКОДЫ НЕЗАЛЕЖНАМУ НАЗІРАННЮ

Па звестках ЦВК [2], па стане на 29 лістапада ў выбарчых камісіях акрэдытаваны 9 587 нацыянальных назіральнкаў, у тым ліку 6 315 назіральнікаў ад праўладных грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ), Беларускага саюза жанчын, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Аб тым, да якога назірання рыхтуюцца назіральнікі ад праўладных грамадскіх арганізацый, стала вядома падчас узгаданага вышэй семінара-трэнінга для сяброў УВК Маскоўскага раёна г. Мінска. А. Кудзермаеў запатрабаваў ад старшыняў камісій забяспечыць прысутнасць «брыгадаў нашых назіральнікаў» колькасцю не менш за 10 чалавек на кожным выбарчым участку, якія павінны быць вылучаныя ад «Белай Русі», БРСМ і Беларускага саюза жанчын, а таксама ад працоўных калектываў і грамадзян. А. Кудзермаеў таксама абвясціў, што 2 снежня будзе праведзены трэнінг для старшых гэтых групп («брыгадзіраў») на тэму «як і што трэба рабіць у выніку ўзнікнення патавай сітуацыі на ўчастку», г. зн. як супрацьдзейнічаць незалежным назіральнікам і журналістам, у якіх могуць узнікнуць пытанні наконт працэсу падліку галасоў, і як хутка складаць акты аб тым, што падлік галасоў быў праведзены правільна (ў выпадку, калі ў сяброў выбарчых камісій ад апазіцыйных партый узнікнуць сумневы наконт правільнасці падліку галасоў, ці яны адмовяцца падпісваць выніковыя пратаколы, ці захочуць аформіць асаблівае меркаванне).    

 

___________________________________________________________________________

Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://belhelcom.org).



[1] http://kp.by/online/news/788745/

[2] http://www.rec.gov.by/pdf/prb2010/sved5.pdf

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international