АБСЕ заклікалі да больш шчыльнага супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю розных краінаў

2010 2010-11-29T15:07:54+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/img9274.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28-29 лістапада ў Астане (Казахстан) праходзіць Паралельная канферэнцыя Грамадзянскай супольнасцыі АБСЕ, у якой бяруць удзел больш за 200 сяброў няўрадавых арганізацыяў з 26 краінаў-сябраў АБСЕ.

Канферэнцыя з’яўляецца незалежным мерапрыемствам і праводзіцца з ініцыятывы саміх няўрадавых арганізацыяў напярэдадні Саміта-2010, запланаванага ў Астане на 1-2 сьнежня 2010 году.

У арганізацыйны камітэт па правядзеньні Паралельнай канферэнцыі ўваходзіць Праваабарончы цэнтр “Вясна”. У працы Паралельнай канферэнцыі таксама ўдзельнічаюць іншыя беларускія праваабарончыя арганізацыі: Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, Цэнтр прававой трансфармацыі.

Мэта Паралельнай канферэнцыі палягае ў тым, каб прыцягнуць увагу і кіраўніцтва краінаў-сябраў АБСЕ, і грамадзянскіх супольнасьцяў да таго, што ў многіх краінах-сябрах АБСЕ не выконваюцца тыя абавязкі па правах чалавека, якія ўзялі на сябе гэтыя краіны ў рамках падпісаных міжнародных пагадненьняў.

Няўрадавыя арганізацыі запатрабавалі ад кіраўніцтва краінаў-сябраў АБСЕ выкананьня ўзятых на сябе абавязкаў.  Асаблівая ўвага надзялялася чалавечаму вымярэньню: свабодзе выказваньня думкі, свабодзе асацыяцыяў і сходаў, свабодзе перасоўваньня, абароне праваабаронцаў, назіраньню за выбарамі. Па тэме абароны праваабаронцаў выступаў старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

У сваёй прамове А. Бяляцкі заклікаў кіраўніцтва краінаў-сябраў АБСЕ “струсіць пыл з падпісаных пагадненьняў” у галіне чалавечага вымярэньня, а АБСЕ – больш актыўна працаваць з грамадзянскай супольнасьцю.

Удзельнікі канферэнцыі заклікалі краіны-удзельніцы АБСЕ ўзмацніць магчымасьці АБСЕ ў захаваньні дэмакратыі і правоў чалавека ў краінах АБСЕ.

Падчас канферэнцыі быў зроблены сімвалічны мур салідарнасьці, на якім размесьцілі фатаздымкі ды інфармацыю пра палітычных вязьняў з розных краінаў. Побач з партрэтамі палітычных зьняволеных з Кіргізіі, Грузіі, Азербайджана, Расіі, Узбекістана, вісеў фотаздымак беларускага зьняволенага Мікалая Аўтуховіча, які быў асуджаны беларускімі ўладамі з палітычных матываў.

Выніковы дакумент Паралельнай канферэнцыі Грамадзянскай супольнасці АБСЕ будзе перададзены ўсім афіцыйным дэлегацыям Саміту.

Варта нагадаць, што наступнай краінай, да якой пераходзіць старшынства ў АБСЕ становіцца суседка Беларусі – Літва.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international