Фікусы і пальмы засланяюць істотнае

2010 2010-11-24T21:54:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Stefanovich

Stefanovich

Да такой высновы прыводзіць аналіз Пастановы Цэнтральнай камісіі № 99 ад 5 лістапада 2010г. “Аб правядзенні трэнінга для сябраў участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе”. Дарэчы, гэта Пастанова не была апублікаваная на сайце камісіі.

Гэтым дакументам зацверджаны Прыкладны сцэнар трэнінга для сябраў участковых камісій, які тэрытарыяльныя выбаркамы будуць праводзіць па ўсёй краіне да 8 снежня.

Эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч, прааналізаваўшы тэкст дакумента, у якасці станоўчага моманту адзначае, той факт, што “пры правядзенні трэнінга маюць права прысутнічаць назіральнікі, прадстаўнікі СМІ”.

Некаторыя сітуацыі, прапісаныя ў сцэнары трэнінга, з’яўляюцца адказам на прапановы і заўвагі ЦВК з боку незалежных назіральнікаў і палітычных суб’ектаў, адзначае праваабаронца.

Напрыклад, на апошнія прапановы ЦВК ад кампаніі “За справядлівыя выбары” - наконт магчымасці распісацца назіральніку на паперцы, якой заклеена шчыліна ў скрыні для датэрміновага галасавання, а таксама аб магчымасці прысутнічаць на ўчастку ўначы – адказам з’яўляецца Сітуацыя 5. “Як павінен адрэагаваць на такія прапановы старшыня камісіі?” – ставіцца пытанне перад сябрамі УВК. І тут жа падаецца “правільны адказ”, што, “подпісы на паперцы ставяць старшыня ці намеснік старшыні і сябра камісіі”, а “ахова памяшкання для галасавання ... ускладаецца на супрацоўніка міліцыі”.

Аднак некаторыя “правільныя адказы” скіраваныя на задавальненне намераў і просьбаў назіральнікаў. У якасці яскравага прыклада гэтаму Валянцін Стэфановіч з гумарам адзначае опус ЦВК “пра фікусы і пальмы”, выкладзены ў Сітуацыі 6. Не палянуемся працытаваць: “Камісія намагалася стварыць святочную абстаноўку  ў памяшканні для галасавання, яскрава і маляўніча аформіла інфармацыйны стэнд, скрыні для галасавання, падабрала прыгожую мэблю, упрыгожыла інтэр’ер фікусамі і пакаёвымі пальмамі. Назіральнік папрасіў старшыню адсунуць фікусы і пальмы ўбок, паколькі яны перашкаджаюць яму назіраць за працэсам галасавання, засланяюць скрыню для галасавання”.

- Вельмі важная задача для ўчастковых камісій ставіцца ў Сітуацыі 6, - іранічна заўважае В.Стэфановіч. – Мы заўсёды казалі пра тое, што назіральнікаў на выбарчых участках адсажваюць вельмі далёка ад сталоў, і яны сядзяць за фікусамі і пальмамі. Таму, я так разумею, Цэнтральная камісія вырашыла гэты недахоп выправіць”.

Ужо без іроніі праваабаронца выказвае занепакоенасць тым, што ў частцы пра падлік галасоў і ўстанаўленне вынікаў галасавання ЦВК ніякім чынам не прапісала спосаб падліку галасоў.

 - Хаця Ярмошына неаднаразова казала, што кожная камісія сама вырашае, якім чынам яна будзе праводзіць падлік галасоў, мы тут бачым, што камісіям не прапаноўваецца вызначыць гэты спосаб, то бок правесці паседжанне, вырашыць, якім чынам яны гэта будуць рабіць. Проста напісана, што старшыня камісіі абвяшчае пра заканчэнне галасавання і камісія прыступае да падліку галасоў. Як яна гэта будзе рабіць – не сказана. І мне не зразумела, як сябры ўчастковых выбаркамаў будуць лічыць галасы. Калі як заўсёды – супольна і адначасова кожны свой стос - то мы зноў, на жаль, не зможам убачыць працэдуры падліку галасоў, - перасцерагае В.Стэфановіч.    

Праваабаронцы шматразова заяўлялі пра вельмі істотны недахоп выбарчага заканадаўства – працэдура падліку галасоў не прапісана ні ў Метадычных рэкамендацыях, ні ў пастановах ЦВК, ні ў Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь.    

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international