“Праваабаронцы за свабодныя выбары”: Не назіраецца ніякіх зменаў да лепшага ў найважнейшых рэчах

2010 2010-11-19T22:02:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pres-vybary-19.11.2010.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня БХК А.Гулак і намеснік старшыні ПЦ “Вясна” В.Стэфановіч на прэс-канферэнцыі па выніках этапу збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты

Старшыня БХК А.Гулак і намеснік старшыні ПЦ “Вясна” В.Стэфановіч на прэс-канферэнцыі па выніках этапу збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты

19 лістапада прадстаўнікі кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” - старшыня БХК Алег Гулак і намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч - на прэс-канферэнцыі па выніках назіранняў за этапам збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты канстатавалі, што вынікі дадзенага этапу выглядаюць неадназначна.

З аднаго боку, можна пагадзіцца з прадстаўнікамі Цэнтрвыбаркама ў тым, што збор і праверка подпісаў прайшлі больш ліберальна, чым гэта адбывалася раней. З іншага – не назіраецца ніякіх зменаў да лепшага ў такіх найважнейшых рэчах, як выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, стварэнне больш спрыяльных умоў для працы ініцыятыўнай групы дзеючага прэзідэнта, дыскрымінацыйныя падыходы да разгляду скаргаў грамадзян у камісіі. Стаўленне да незалежных назіральнікаў шмат дзе лібералізавалася ў параўнанні з мінулымі выбарамі, але ў цэлым выбарчы працэс не стаў дастаткова адкрытым і празрыстым.

Па словах Валянціна Стэфановіча, мясцовыя ўлады, акрамя сталічных, з самага пачатку забаранілі збор подпісаў у самых наведваемых месцах рэгіянальных гарадоў. Але пазней на працягу прыкладна тыдня шмат у якіх рэгіёнах улады перагледзелі свае рашэнні і ўнеслі ў іх змены, дазволіўшы пікетаванне ў больш зручных месцах. Цікава, што, адказваючы на пытанні журналістаў аб надыходзячым этапе агітавання, правабаронца зазначыў, што сітуацыя з месцамі, дазволенымі для сустрэч з выбаршчыкамі, нагадвае яму першапачатковую карціну з месцамі для збору подпісаў. Найбольш ліберальнымі пры вызначэнні месцаў для агітацыі, як раней, аказаліся ўлады сталіцы, не апраўдаўшы апасенняў правабаронцаў, што для сустрэч кандыдатаў будзе вылучана толькі традыцыйная для масавых акцый у Менску плошча Бангалор. У кожным раёне сталіцы можна будзе праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы ў некалькіх дзясятках месцаў. Затое ў некаторых гарадах выбаршчыкаў адпраўляюць знаёміцца з кандыдатамі на далёкія ўскраіны, рамантуемыя аб’екты і нават на стрэльбішча. Верагодна, кажуць правабаронцы, улады ў рэгіёнах, як і на папярэднім этапе, таксама перагледзяць свае рашэнні ў бок некаторай іх лібералізацыі.

Дарэчы, з 51 скаргі, якія паступілі ў ЦВК на парушэнне працэдуры збору подпісаў, задаволеныя толькі тры, і ўсе яны датычацца менавіта вызначэння месцаў для збору подпісаў. На жаль, іншыя скаргі – у прыватнасці, на нядопуск сяброў ініцыятыўных груп у інтэрнаты, на прадпрыемствы і г.д, а таксама на збор подпісаў за вылучэне А.Лукашэнкі не сябрамі яго ініцыятыўнай групы – засталіся не задаволены. Напрыклад, па выпадку, калі ў Ленінскім раёне Мінска педагагічныя работнікі збіралі подпісы за дзеючага прэзідэнта па графіку, распрацаваным прадстаўніком раённага ўпраўлення адукацыі, было прызнана: так, адміністрацыя перавысіла свае паўнамоцтвы, але парушэння артыкулу 61 Выбарчага кодэксу не было – маўляў, чыноўніца на той час знаходзілася ў адпачынку. Па словах праваабаронцы, ЦВК “вельмі вольна трактавала артыкул 61 Выбарчага кодэкса”, зрабіўшы ў метадычных рэкамендацыях шэраг агаворак, што дазволілі выкарыстоўваць адміністратыўны рэсурс. Валянцін Стэфановіч агучыў выснову правабаронцаў пра тое, што пры разглядзе скаргаў меў месца “дыферэнцыраваны падыход”. Ён нагадаў, як ЦВК адразу задаволіла скаргу на ініцыятыўную групу У.Някляева. У той жа час пастановай за нумарам 47 “быў фактычна легалізаваны збор подпісаў не сябрамі ініцыятыўнай групы”, чым напоўніцу скарысталіся зборшчыкі подпісаў за дзеючага кіраўніка дзяржавы.

“Мне незразумела, якім чынам раённыя камісіі правяралі подпісы, - заявіў В.Стэфановіч. – Артыкул 61 Выбарчага кодэкса, які забараняе збор подпісаў не сябрамі ініцыятыўных груп, ніхто не адмяняў”.

Алег Гулак адзначыў, што нягледзячы на ўвесь лібералізм падчас збору подпісаў, застаецца шмат пытанняў. “Відавочна, улады дзейнічалі па прынцыпе: мы вас не чапаем, вы нам не перашкаджайце, у тым ліку не перашкаджайце выкарыстоўваць адміністратыўны рэсурс”, - сказаў ён. Па яго словах, на фоне мінулай прэзідэнцкай кампаніі, калі нагняталася атмасфера страху, цяпер збор подпісаў і праверка яго вынікаў выглядалі добра. “Але ці былі выкананы ўсе працэдуры?” – пытаецца правабаронца. Праверка подпісаў у камісіях праводзілася ў закрытым рэжыме, тлумачыць старшыня БХК. І тым не менш, калі раней прадстаўнікі дэмсілаў не дапускаліся да праверкі подпісаў зусім, то на гэты раз “асобныя элементы” гэтага працэсу ўдалося пракантраляваць. Наколькі ж суцяшальныя вынікі гэтага кантролю? Як патлумачыў Алег Гулак, для праверкі павінна брацца пэўная выбарка подпісаў, якія мусяць быць выпадковымі, але як раз у выпадковасці ўзятых камісіямі з гэтай мэтай подпісаў ёсць сумневы. А таму “пакуль няма падставы сказаць, што мы давяраем гэтым вынікам. Так, вынікі добрыя. Але давайце пераходзіць да прынцыпаў прававой дзяржавы”, - прапанаваў правабаронца.

Алег Гулак паведаміў таксама, што ў апошнія дні ўзмацніўся ціск на дэмакратычных актывістаў выбарчай кампаніі, шэраг дэмакратычных інстытутаў грамадства, у тым ліку незалежных сацыёлагаў і правабаронцаў. Адной з падзей гэтага шэрагу ён назваў і зацікаўленне падатковай інспекцыі яго калегам В.Стэфановічам.

Адказваючы на пытанні, старшыня БХК адзначыў скупасць асвятлення выбарчага працэсу дзяржаўнымі СМІ, якія больш увагі надаюць вылучэнню кандыдатаў на Усебеларускі сход. Правабаронцы назвалі гэта “свядомым адцягненнем увагі ад выбараў” і “дэпалітызацыяй грамадства” напярэдадні галоўнай падзеі года. Дайшло да таго, згадалі правабаронцы, што дзяржаўныя тэлеканалы нават не пералічылі прозвішчы зарэгістравных ЦВК кандыдатаў у прэзідэнты. “Мне здаецца, - падзяліўся меркаваннем Алег Гулак, - вашым калегам з дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі зараз прыходзіцца займацца нейкай эквілібрыстыкай. Прыдумляць, як і пра падзею напісаць, і нічога не сказаць”. Рабіць свядомы выбар грамадзянам становіцца ўсё цяжэй.

Гэтая выбарчая кампанія ў сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве прынясе новыя ўмовы працы, кажуць правабаронцы. Мяркуючы па ўсім, адбудуцца тэледэбаты ў прамым эфіры, якіх не было з выбараў 1994 года, нагадаў В.Стэфановіч. Іншае новаўвядзенне – стварэнне выбарчага фонду кандыдатаў, памер якога яны не маюць права пераўзыходзіць. За ўсім гэтым правабаронцы будуць сачыць, працуючы строга ў рамках дзеючага заканадаўства.   

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international