БАЖ прапанаваў ПАРЭ правесці слуханні па пытанні свабоды СМІ ў Беларусі

2010 2010-11-19T13:26:20+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Калі ў краіне адбываецца ціск на незалежную прэсу і абмяжоўваецца свабода выказвання, справядлівыя выбары проста немагчымыя». Такую думку выказаў намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Аляксандраў падчас свайго выступу на пасяджэнні Камітэту па палітычных справах Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы 18 лістапада ў Парыжы.

«Адна з задач медыяў — быць платформай для адкрытага грамадскага абмеркавання, для дыскусіі наконт розных шляхоў развіцця краіны, — адзначыў на пасяджэнні прадстаўнік БАЖ. — Менавіта гэтае абмеркаванне і дыскусія і мусяць быць сутнасцю выбарчага працэсу, а не працэдура галасавання, як гэта часта падаюць беларускія ўлады. Таму ў сітуацыі, калі адбываецца ціск на незалежную прэсу, абмяжоўваецца свабода выказвання, калі фактычна адсутнічае магчымасць весці адкрытую грамадскую дыскусію, справядлівыя і свабодныя выбары проста немагчымыя, нягледзячы нават на кропкавыя паляпшэнні ў самой працэдуры».

Абмеркаванне, якое прайшло ў Парыжы, тычылася інфармацыйнай нататкі, падрыхтаванай па выніках візіту ў Беларусь у жніўні гэтага году спецдакладчыцай ПАСЕ па Беларусі Сінікай Хурскайнен. Даволі значная частка дакументу тычыцца сітуацыі са свабодай медыяў. У ёй узгадваюцца праблемы з распаўсюдам недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы, папярэджанні, атрыманыя незалежнымі выданнямі, захады дзяржавы па рэгуляванні інтэрнэту, трагічная смерць сябра БАЖ Алега Бябеніна ды іншыя «балявыя кропкі» беларускай медыясферы.

«Сітуацыя са свабодай прэсы ў Беларусі не толькі не паляпшаецца — у некаторых яе аспектах заўважаецца пагаршэнне. Дагэтуль застаюцца праблемы эканамічнай дыскрымінацыі і адміністратыўнага ціску на незалежныя СМІ, доступу да інфармацыі. У краіне планамерна і мэтанакіравана напрацоўваецца заканадаўчая база, якая пагаршае і без таго складаную сітуацыю са свабодай выказвання і адсоўвае яе ўсё далей ад міжнародных стандартаў», — заявіў Андрэй Аляксандраў.

У той жа час, дзяржаўная прэса не выконвае функцыі пляцоўкі для грамадскага дыялогу. Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць вынікі маніторынгу асвятлення выбараў, які праводзіць БАЖ. Дзяржаўныя медыі не надаюць выбарчай кампаніі вялікага значэння, а з усіх патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка краіны заўважалі пакуль толькі аднаго — дзейнага прэзідэнта.

Дарэчы, з лічбамі БАЖаўскага маніторынгу пагадзіўся і прадстаўнік дзяржаўнага выдання, які таксама выступаў на пасяджэнні, — Андрэй Бабок, спецыяльны карэспандэнт «Народнай газеты». Але высновы ён зрабіў іншыя: маўляў, для грамадзян краіны прагнозы надвор’я, пра якія дзяржаўная прэса піша болей, чым пра выбарчую кампанію, цікавейшыя за выбары; пра Аляксандра Лукашэнку дзяржвыданні пішуць не як пра кандыдата, а як пра дзейнага кіраўніка Беларусі, а пра апазіцыю згадваюць мала, бо яна чытачам «нецікавая».

З боку ўладаў у пасяджэнні браў удзел Яўген Смірноў, страшыня камісіі Рады Рэспублікі Нацыянальнага Сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што ў Беларусі магчыма адмена смяротнага пакарання, а таксама артыкулу 193–1 Крымінальнага кодэксу, якая прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый. Акрамя таго, спадар Смірноў ахарактарызаваў як «адкрытую і празрыстую» бягучую выбарчую кампанію. Хаця з гэткімі ацэнкамі сітуацыі не пагадзіўся Віталь Рымашэўскі — адзін з апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

«Мы выказваем рознае стаўленне да сітуацыі ў нашай краіне, але абсалютна сыходзімся ў адным — у выказванні жадання бачыць Беларусь у еўрапейскай сям’і, у складзе Рады Еўропы, — падсумаваў пасяджэнне намеснік старшыні БАЖ. — Але для сапраўднага прагрэсу нам патрэбны дыялог унутры краіны паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю».

Андрэй Аляксандраў ад імя ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прапанаваў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы правесці адмысловыя слуханні па сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі, а таксама заклікаў ПАРЕ зрабіць аналіз выканання беларускімі ўладамі папярэдніх рэзалюцый і рэкамендацый парламентароў Рады Еўропы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international