Алесь Бяляцкі: дзяржава не павінна праводзіць палітыку пугі і перніка

2010 2010-11-19T08:43:46+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiackialies.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадзянская супольнасць Беларусі ў апошні час робіць спробы аб’яднаць намаганні, скіраваныя на кансалідацыю грамадства, дэмакратызацыю грамадскага жыцця, паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека.

14 лістапада прайшла Нацыянальная канферэнцыя па выніках даследванняў Індэкса грамадзянскай супольнасці. Еўракамісар Штэфан Фюле, сустракаючыся 15 лістапада з прадстаўнікамі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый, заклікаў грамадзянскую супольнасць да больш шчыльнага супрацоўніцтва паміж сабой. Аднак, на думку старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, стасункі паміж грамадзянскай супольнасцю і беларускімі ўладамі няпростыя і патрабуюць узважанага і рацыянальнага падыходу.

Больш падрабязна ён распавядае пра гэта ў інтэрвію інтэрнет-газеце Naviny.by.

— 18-19 лістапада ў Берліне праходзіць II форум няўрадавых арганізацый краін “Усходняга партнёрства”. Што Вас як праваабаронцу найбольш цікавіць у гэтым форуме, якія спадзяванні Вы ўскладаеце на ягоную працу?

— Летась адбыўся першы форум няўрадавых арганізацый краін “Усходняга партнёрства”, дзе Беларусь была прадстаўленая больш чым 20-цю няўрадавымі арганізацыямі, якія ўтварылі нацыянальную платформу няўрадавых арганізацый ва “Ўсходнім партнёрстве”. Увогуле гэтая платформа для супрацоўніцтва і перамоваў паміж няўрадавымі арганізацыямі адкрытая, з рознай актыўнасцю ўдзел у ёй бяруць каля 100 беларускіх арганізацый, і яна дастаткова рэпрэзентатыўная, бо прадстаўляе і праваабарончыя, і сацыяльныя, і адукацыйныя, і моладзевыя ды іншыя арганізацыі, якія працуюць у розных накірунках грамадскай актыўнасці.

Але адносіны грамадзянскай супольнасці з уладамі, кантакты з імі зведзеныя да мінімуму, ці нават і цалкам адсутнічаюць. Беларускія ўлады жадалі б самастойна прадстаўляць Беларусь у праграме “Ўсходняга партнёрства” без усялякіх там грамадскіх арганізацый, тым больш, калі яны ім не падкантрольныя і дазваляюць сабе праводзіць самастойную, незалежную дзейнасць. Красамоўным сведчаннем пра гэтыя напружаныя стасункі ёсць тое, што летась запрошаную на форум Тацяну Шапуцьку выключылі з універсітэту за ўдзел у ім. Гэта ў той час, калі нацыянальныя платформы ў краінах-удзельніцах “Усходняга партнёрства”, па ідэі, павінны спрыяць узаемаадносінам паміж няўрадавымі арганізацыямі і ўладамі! У Беларусі сітуацыя за апошнія пятнаццаць гадоў склалася катастрафічная: сотні арганізацый не маюць рэгістрацыі, іншыя працуюць у надта цяжкіх умовах. Улады ўспрымаюць грамадзянскую супольнасць як свайго ідэалагічнага ворага. Таму казаць пра нейкае супрацоўніцтва можна толькі ў вельмі абмежаваных рамках.

Аднак нельга сцвярджаць, што такога супрацоўніцтва ўвогуле няма, бо некаторыя арганізацыі, у першую чаргу грамадскія аб’яднанні дробных прадпрымальнікаў, іншыя арганізацыі эканамічна-грамадскага накірунку, на сённяшні дзень актыўна працуюць і з Міністэрствам эканомікі, і з іншымі ведамствамі, якія займаюцца эканамічным разьвіццём краіны. Гэтага, зразумела, нельга казаць пра грамадска-палітычны сектар, пра павагу і пашану да грамадзянскіх і палітычных правоў у нашай краіне, пра тое, чым займаюцца праваабарончыя арганізацыі. Тут у нас з уладамі палярныя ўяўленні пра далейшае развіццё краіны.

Мы выступаем за ўкараненне і захаванне міжнародных стандартаў у галіне абароны правоў чалавека, за еўрапейскія каштоўнасці ў грамадзкім і палітычным жыцці нашага народу, а ўлады маюць сваё, постсавецкае ўяўленне пра правы чалавека і іхняе месца ў жыцці беларускага грамадства. На сённяшні дзень сітуацыя з праваабарончымі арганізацыямі і ўзаемаадносіны іх з уладамі стабільна кепскія. Значная частка праваабарончых арганізацый у Беларусі не мае рэгістрацыі, і вось свежы факт: 15 лістапада праваабарончая арганізацыі “Брэсцкая Вясна” атрымала шостую адмову ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе. Такім чынам артыкул Крымінальнага Кодэксу 193.1 распаўсюджваецца на працу большасці праваабаронцаў у Беларусі. Гэта рэчаіснасць сённяшняга дня.

Зараз сітуацыя з няўрадавымі арганізацыямі зусім няпростая. Мы ўступілі ў перадвыбарчы перыяд і праз нейкіх пасярэднікаў, не наўпрост, да нас паступаюць сігналы як быццам бы ад уладаў, пра жаданне унармаваць узаемаадносіны з трэцім сектарам, інтэнсіфікаваць і актывізаваць гэтая адносіны. Гэтыя сігналы, асабліва ў апошні час, выклікаюць супярэчлівыя думкі сярод прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый.

Вось, напрыклад, 14 лістапада праходзіла нацыянальная канферэнцыя па выніках даследванняў індэкса грамадзянскай супольнасці, якую праводзіў цэнтр “СКАФ” (кіраўнік Юрый Загумённаў) пры дапамозе офіса АБСЕ. Праца сама па сабе даволі цікавая, але ў той жа час мэты гэтай канферэнцыі былі перафарматаваныя, і нечакана размова пайшла пра стварэнне нацыянальных платформаў, якія б маглі стаць пляцоўкамі для перамоваў з беларускімі ўладамі па тэмах, што цікавяць няўрадавыя арганізацыі. Такая прапанова, сапраўды, выспела ў паветры, такія кантакты для нармальных стасункаў паміж наўрадавымі арганізацыямі і ўладамі проста неабходныя, і таму пэўная колькасць арганізацый жвава адгукнуліся на гэтую прапанову, спадзяючыся, што сапраўды існуюць пэўныя дамоўленасці з уладамі. Але пры бліжэйшым разглядзе стала зразумела, што такіх дамоўленасцяў, на жаль, няма, і з боку ўладаў ўвогуле не было ніякіх сігналаў пра гатоўнасць да перамоваў з трэцім сектарам.

Аднак жа беларускія праваабаронцы і так, без гэтых платформаў, не адзін год працуюць дастаткова зладжана і разам. Фактычна мы маем такую платформу, мы рэгулярна сустракаемся, абменьваемся думкамі, у нас адбыўся свой Праваабарончы форум 25 верасня 2010 году ў Вільні, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі 18 праваабарончых структураў. Намі распрацаваны першы варыянт стратэгіі развіцця праваабарончага руху, над якім мы будзем працаваць у бліжэйшыя месяцы, каб ведаць, як найбольш эфектыўна працаваць у складаных умовах. У нас ёсць супольныя праваабарончыя праекты, такія як “Беларускі Дом правоў чалавека”, дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў, мы праводзім супольныя кампаніі, такія як “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, “Стоп 193.1” і некаторыя іншыя. Канструктыўнае супрацоўніцтва не на словах, а ў дзеянні, — і гэта важна.

Вяртаючыся да канферэнцыі, адзначу, што спадаром Загумённавым было абвешчана, што створана праваабарончая платформа, мабыць віртуальная, бо ня ведаю, якія такія беларускія праваабарончыя арганізацыі туды ўвайшлі. Большасць праваабарончых арганізацый выказалася супраць такога неабачлівага і хуткага падыходу да змушанага аб’яднання з яўнай палітычнай падкладкаю. Усе небяспекі такога паспешлівага падыходу былі выказаныя Загумённаву, але ў адказ мы пачулі ўпартае, накшталт: “Піліце гіру, Шура, яна залатая!”

Праваабарончы цэнтр “Вясна” разам з іншымі арганізацыямі прыняў сумесную заяву, дзе яшчэ раз мы абвесцілі пра намер весці перамовы з беларускімі ўладамі, але на роўных, паважных прынцыпах. Такіх прыкладаў плённых узаемаадносін уладаў з няўрадавымі арганізацыямі ў нашым рэгіёне поўна — у Літве, Польшчы, Малдове і нават Украіне. Нашым уладам ёсць у каго вучыцца, абы было жаданне.

— Еўракамісар Штэфан Фюле падчас свайго візіту ў Менск 14 лістапада сустракаўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Па выніках сустрэчы ў электронных СМІ з’явіліся самыя супярэчлівыя каментары. А якая думка наконт вынікаў гэтай сустрэчы ў праваабаронцаў?

— На гэтай сустрэчы прадстаўнікі розных няўрадавых арганізацый па рознаму ацэньвалі ўзаемаадносіны з беларускімі ўладамі. Па ўсяму бачна, што намячаецца нейкая новая сітуацыя, паглядзім, як яна будзе развівацца далей пасля выбараў. Верагодны і такі варыянт, калі частка няўрадавых арганізацый будзе працаваць з беларускімі ўладамі па нейкіх вузкіх накірунках сваёй працы.

Між тым, мы канстатуем, што ў агуле сітуцыя з правам на свабоду аб’яднанняў у нас, на жаль, не змянілася ні на кроплю. Праблемы з рэгістрацыяй няўрадавых арганізацый застаюцца, артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу застаецца, праблемы з арэндай памяшканняў, з фінансаваннем, з допускам НДА да сваіх мэтавых аўдыторый — застаюцца. Відавочна, што ў першую чаргу беларуская дзяржава павінна разабраць існуючыя завалы, створаныя паміж НДА і ўладамі. Неабходна перастаць бачыць ва няўрадавых арганізацыях ворагаў і непрыяцеляў, якія толькі і робяць, што суюць беларускай дзяржаве палкі ў колы. Са свайго боку, мы гатовыя дапамагаць. Трэці сектар, сапраўды, гатовы да канструктыўных стасункаў з дзяржавай, але на аснове ўзаемапавагі.

— Выходзіць, можа аптымістычна глядзець у будучыню?

У мяне ёсць засцярогі, што нячыстая гульня беларускіх уладаў можа прывесці да расколу трэцяга сектара на прыкарытныя няўрадавыя арганізацыі, якія будуць абмяжоўваць сябе ў дзеяннях і выказваннях, паколькі будуць залежнымі шмат у чым ад дзяржавы. Я заклікаю не быць легкадумнымі і занадта даверлівымі ў стасунках з гэтай уладаю. Занадта шмат яны наламалі дроў. Дзяржава не павінна праводзіць палітыку пугі і перніка ў адносінах да грамадзянскай супольнасці: аднаму пуга, а другому пернік, яна павінна ставіцца да няўрадавых арганізацый як да свайго натуральнага партнёра. Аднак да такой палітыкі, на маю думку, беларускія ўлады сёння не гатовыя. Такое адчуванне, што яны яшчэ ўвогуле ні да чога не гатовыя.

Будзем спадзявацца, што ўрэшце рэшт паварот уладаў да супрацы з НДА адбудзецца, і таму вельмі важна зараз трымацца адпаведных міжнародных стандартаў ва ўзаемаадносінах паміж грамадзянскай супольнасцю і ўрадам і дабівацца, каб гэтыя стандарты рэальна працавалі ў Беларусі. Будзем спадзявацца, што змушаны разварот беларускіх уладаў да Еўропы будзе суправаджацца і большай дэмакратызацыяй у Беларусі.

Паводле naviny.by

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international