viasna on patreon

Афіцыйныя вынікі праверкі подпісаў выклікаюць сумнеў

2010 2010-11-17T16:46:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siamdzianava_halina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галіна Сямдзянава

Галіна Сямдзянава

На сайце Мінгарвыканкама ў інфармацыі за 12 лістапада паведамлялася, што сябры Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прынялі рашэнне пра дакладнасць звестак пра падтрымку грамадзянамі кандыдатур для ўдзелу ў выбарах Прэзідэнта. Аднак зараз высвятляецца, што аднагалоснасці ў гэтым пытанні сярод сябраў гарадской камісіі не было.  

11 лістапада адбылося пасяджэнне Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі. Цікава, што дзяржаўныя СМІ паспелі аператыўна растыражыраваць паведамленне агентцтва “Мінск-навіны” з інфармацыяй пра паседжанне мінскай ТВК, што прайшло “канструктыўна, у дзелавой абстаноўцы”, са спасылкай на намесніцу загадчыка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінгарвыканкама Таццяну Ждановіч. 12 лістапада інфармацыя пра гэта ўжо была на сайце гарадскога органа ўлады. Чыноўніца падкрэслівае, што ў склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі розных партыяў і грамадскіх арганізацый, але намёк на плюралізм меркаванняў не перашкодзіў гэтыя меркаванні крыху замаўчаць – прынамсі, пра іх не згадваецца.  А дарма. Дзякуючы настойлівасці сябраў камісіі Г.Сямдзянавай (азнаёмілася з падпіснымі лістамі за Лукашенку і Саннікава) і А.Сігаева (азнаёміўся з падпіснымі лістамі за Някляева і Уса) і Ю.Хадыкі ўдалося пераканаць сяброў камісіі у тым, што у Фрунзенскім і Цэнтральным раёнах сталіцы акты “Аб колькасці подпісаў, якія не падлягаюць праверцы і ўліку”  складзены не па форме, зацверджанай ЦВК. У выніку апынулася, што ў  кожнага кандыдата была пазначана колькасць подпісаў, меншая за здадзеную. Прыйшлося камісіям перарабляць акты і пратаколы, а гарадской камісіі - пераносіць свае пасяджэнне.

Невядома, як адбываўся падлік колькасці сабраных подпісаў у раённых камісіях. Акты аб гэтым не складаліся, назіральнікі на пасяджэнне не дапускаліся. Не было пры гэтым сябраў ініцыятыўных групаў і зацікаўленых асобаў. Хаця ў  першыя дні праверкі колькасць сабраных у Мінску подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, па словах Г.Сямдзянавай, ужо з’явілася на сайце Цэнтрвыбаркама, гарадская камісія атрымала гэтыя звесткі ад ЦВК, а не наадварот.

Дакументы аб праверцы подпісаў раённымі камісіямі, перададзеныя ў гарадскую камісію, прымалі толькі намеснік яе старшыні ды ўжо знаёмая нам па СМІ прадстаўніца Мінгарвыканкаму Т.Ждановіч, якая сябрам камісіі не з’яўляецца. Месца, у якім яны знаходзіліся, Галіне Сямдзянавай не паведамілі, удалося трапіць на прыём подпісаў толькі пасля тэлефанавання старшыні гарадской камісіі і ў ЦВК.

Як канстатавала ў сваім выступе на паседжанні мінскай ТВК Галіна Сямдзянава,  гарадская камісія вырашыла фармальна падыйсці да праверкі : не вызначыла, якую колькасць подпісаў павінна праверыць і засведчыць  іх  даставернасць. Па яе словах, праверка подпісаў у раённых камісіях праводзілася без адзінаабразнага падыходу да прэтэндэнтаў, без уліку роўнасці прэтэндэнтаў перад законам. Не правяралася выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса і выкарыстанне ксеракопій замест арыгіналаў. Не ўлічваліся выпадкі, калі збор подпісаў праводзіўся не сябрамі ініцыятыўных групаў. У Галіны Георгіеўны ёсць сумнеў, што некаторыя кандыдаты маглі сабраць  абвешчаную колькасць подпісаў.

“Засведчыць сапраўднасць пазначаных у пратаколах лічбаў – не магу, -- заявіла Г.Сямдзянава, -- бо тое, што я бачыла пры азнаямленні з падпіснымі лістамі  за вылучэнне кандыдатамі ў Прэзідэнты А.Лукашэнка і А.Саннікава, гаворыць пра тое, што камісіі  ўважліва правяралі подпісы прэтэндэнта Саннікава і дапускалі  недаравальныя памылкі  пры праверцы подпісаў за дзеючага Прэзідэнта.”  Тут і падпісныя лісты неўстаноўленага ўзору, і недакладныя даты падпісання,  шматлікія выпраўленні і неўлік несапраўдных подпісаў, працягвае сябра гарадской камісіі.

Засталося няясным: як камісіі змаглі ўпэўніцца, што подпісы сабраныя менавіта сябрам ініцыятыўнай групы таго ці іншага прэтэндэнта на прэзідэнцтва? Ці заўсёды падпісныя лісты падпісваў той сябра ініцыятыўнай групы, які сабраў подпісы на ім? “Вось я, напрыклад, не знайшла ў складзе ініцыятыўнай групы А.Лукашэнкі Балвановіча Яраслава Ігаравіча (Маскоўскі раён). Можа, дрэнна шукала…” – паінфармавала ТВК Г.Сямдзянава. Па-другое, запыталася яна, кім і калі выконвалася пастанова ЦВК ад 5 лістапада аб праверцы подпісаў на прадмет таго, копія гэта ці арыгінал?  Ці праводзілася, акрамя графалагічнай экспертызы, праверка подпісаў шляхам непасрэднага звароту да выбаршчыкаў? Ці правяралі раённыя камісіі подпісы, сабраныя парушальнікамі Хмылём, Атаманавым, Шаўцовым? (Як паведамлялася раней, разглядаючы спушчаную ЦВК скаргу на дзеянні Атаманава і Хмыля,  мінская ТВК сама ж рэкамендавала раённым камісіям улічваць, што подпісы сабраны з парушэннем закону). У Ленінскім раёне подпісы за А.Лукашэнку збіраліся таксама ў абыход закона, у працоўны час, па графіку аўтарства начальніка аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы раённага Упраўлення адукацыі А.Н. Насковай – як прайшла праверка тых подпісаў? І нарэшце, “чаму раптам у пятніцу, калі ніякія эксперты не працуюць, узнікла пастанова аб неабходнасці экспертызы і якім чынам яна звязана з выказваннямі старшыні ЦВК, што кандыдаты здаюць ксеракопіі?” Прычым размова пра гэта, нагадвае Галіна Георгіеўна, ішла ажно напачатку кампаніі па збору подпісаў... 

“Гэта было шараговае паседжанне, але я заўважыла ветлівае, аж занадта ветлівае стаўленне да сябе з боку старшыні камісіі спадара Карпенкі, -- кажа назіральнік Валянціна Свяцкая, якая прысутнічала на паседжанні мінскай ТВК па выніках падліку галасоў. – Мяне таксама здзівіла стаўленне да сяброў камісіі, вылучаных дэмакратычнымі арганізацыямі – Галіны Сямдзянавай, Юрыя Хадыкі і Аляксея Сігаева. Да іх ставіліся так, быццам бы яны ўвесь час збіраюцца ставіць нейкія шпількі ў працу камісіі. Юрыя Хадыку адзін з сяброў ТВК назваў “непорядочным”, на што ён і Сямдзянава адказалі: мы працуем строга ў рамках Выбарчага кодэксу і не робім нічога супрацьзаконнага”.  Назіральнік таксама звяртае ўвагу, што менавіта “непорядочные”, а насамрэч – законапаслухмяныя сябры камісій знайшлі памылкі ў падпісных лістах Фрунзенскага і Цэнтральнага раёнаў, а спадарыня Сямдзянава – “відавочныя памылкі пры зборы подпісаў за Лукашэнку”. Яна ж агучыла камісіі думку, што менавіта подпісы за апазіцыйных кандыдатаў правяралі надзвычай пільна, ствараючы ім няроўныя ўмовы, дадае В.Свяцкая

Валянціну Свяцкую вельмі здзівіла інфармацыя ад старшыні адной з раённых камісій пра тое, што пры праверцы здадзеных у камісіі подпісаў не праводзілася…  злічэння саміх подпісаў. Пасля звароту старшыні раённай камісіі ў МУС яго прадстаўнікі адмовіліся правяраць, ці адпавядаюць подпісы арыгіналам. Прычынай праваахоўнікі назвалі… адсутнасць у органаў МУС (!) дадзеных. “Гэта для мяне вельмі дзіўная навіна”, -- уражана В.Свяцкая. Агульнавядома, што менавіта ў органах МУС кожны грамадзянін распісваецца пры атрыманні пашпарту. Раней, кажа спадарыня Валянціна, працэдура злічэння подпісаў была абавязковай на выбарах.

Дзіўным таксама выглядае сама колькасць прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, незвычайна вялікая для прэзідэнцкай кампаніі. Назіральнік Валянціна Свяцкая агучвае думку, што, мяркуючы па актыўнасці ініцыятыўных груп і выбаршчыкаў, па Мінску рэальна сабраць патрэбную колькасць подпісаў маглі толькі тры прэтэндэнты – Я.Раманчук, У.Някляеў і А.Саннікаў. Але ці так гэта на самай справе, праверыць практычна немагчыма.         

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства