Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: тыднёвы аналітычны агляд (8-14 лістапада)

2010 2010-11-15T11:22:38+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

1. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) пагадзілася з прапановай кампаніі партыйнага назірання «За справядлівыя выбары» і шэрагу прэтэндэнтаў на статус кандыдата ў Прэзідэнты (Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча, Уладзіміра Няклеява, Віталя Рымашэўскага і Яраслава Раманчука), якая датычылася ўключэння ў Метадычныя рэкамендацыі аб арганізацыі выбараў нормы аб «прадастаўленні назіральнікам рэальнай магчымасці ажыццяўляць назіранне ва ўмовах, якія забяспечваюць бачнасць працэдуры падліку галасоў». Акрамя таго, ЦВК дазволіла кіруючым органам палітычных партый і рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў накіроўваць назіральнікаў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў (як гэта было ў 2001 і 2006 гадах, але выключалася вераснёўскай пастановай ЦВК № 49).

2. У той жа самы час ЦВК не прыняла іншыя прапановы згаданых прэтэндэнтаў і кампаніі «За справядлівыя выбары», рэалізацыя якіх спрыяла б транспарэнтнасці і справядлівасці выбарчага працэсу – фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій (УВК) у першую чаргу з прадстаўнікоў палітычных партый, правядзенне тэледэбатаў кандыдатаў у прамым эфіры, дакладнае апісанне працэдуры падліку галасоў, абарона бюлетэня для галасавання ад падробак ды інш. Паводле меркавання кампаніі «За справядлівыя выбары», нежаданне ЦВК прыняць гэтыя прапановы амаль поўнасцю абясцэньвае пазітыўны характар паляпшэння ўмоваў для назірання.   

3. З 85 скаргаў на неўключэнне 413 чалавек у склад УВК, суды адмовілі ў 83 выпадках (2 скаргі застаюцца неразгледжанымі). Суды праігнаравалі довады аб дыскрымінацыйным падыходзе выканкамаў да прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і абгрунтавалі свае адмовы тым, што фармальныя працэдуры стварэння УВК былі выкананыя.

4. Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць павелічэнне колькасці выпадкаў непасрэднага і ўскоснага ціску на сяброў ініцыятыўных груп асобных кандыдатаў і актывістаў незалежнай грамадзянскай супольнасці.

5. Дзяржаўныя СМІ працягваюць удзяляць больш увагі надыходзячаму чацвертаму Усебеларускаму народнаму сходу, чым выбарам, і масава друкуюць вынікі апытання, аўтары якого сцвярджаюць, што больш за 80% выбаршчыкаў не вераць у перамогу апазіцыйных кандыдатаў і не давяраюць ім.

 

 

I. РАЗГЛЯД ЦВК ПРАПАНОВАЎ АБ УДАСКАНАЛЕННІ ВЫБАРЧАГА ПРАЦЭСУ

5 лістапада Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) прыняла некалькі пастановаў, што датычацца арганізацыі выбарчага працэсу.

Пастанова № 93 датычыць вынікаў разгляду шасці праектаў пастановаў ЦВК, прапанаваных кампаніяй партыйнага назірання «За справядлівыя выбары» і пяццю прэтэндэнтамі на пасведчанне кандыдата ў Прэзідэнты (Рыгорам Кастусёвым, Алесем Міхалевічам, Уладзімірам Няклеявым, Віталем Рымашэўскім і Яраславам Раманчуком). Гэтыя праекты прадугледжвалі:

• фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій (УВК) у першую чаргу з прадстаўнікоў палітычных партый;

• магчымасць для ўсіх кандыдатаў у Прэзідэнты адначасова ўдзельнічаць у сустрэчах з выбаршчыкамі незалежна ад таго, хто арганізуе гэтыя сустрэчы;

• дадатковае тлумачэнне парадку выкарыстання дзяржаўных СМІ (гарантыі тэледэбатаў кандыдатаў у прамым эфіры);

• прадаўстаўленне назіральнікам гарантаванай магчымасці знаходзіцца падчас падліку галасоў на такім месцы, дзе яны маглі б бачыць змест бюлетэняў;

• растлумачэнне працэдуры падліку галасоў;

• абарону бюлетэня для галасавання ад падробак (вадзяныя знакі, серыйныя нумары, галаграмы).

Усе прапановы, акрамя адной, былі адхіленыя ЦВК на падставе п. 3 арт. 33 Выбарчага кодэксу (ВК). Згодна з адказам, які быў аформлены пастановай № 93, ЦВК мае права даваць тлумачэнні толькі тых нормаў, якія ўтрымліваюцца ў ВК. Пры гэтым ЦВК «не мае права тлумачэння нормаў ВК і ўсталёўваць новыя».

У сувязі з гэтым трэба адзначыць, што некаторыя прапановы датычылі пытанняў, не ўрэгуляваных ВК. Напрыклад, арт. 55 ВК не ўтрымлівае нормаў, якія б усталёўвалі спосаб падліку бюлэтэняў сябрамі выбарчых камісій. Раней старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына неаднаразова заяўляла, што кожная ўчастковая камісія самастойна вырашае, якім спосабам яна будзе праводзіць падлік бюлетэняў. Аднак, ніякіх спецыяльных тлумачэнняў у Метадычных рэкамендацыях па арганізацыі і правядзенні выбараў на гэты конт няма. На думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», тлумачэнне працэдуры падліку галасоў знаходзіцца цалкам у межах кампетэнцыі ЦВК і разам з усталяваннем дадатковых мераў па абароне бюлетэню для галасавання ад падробак (вадзяныя знакі, серыйныя нумары, галаграмы), спрыяла б значнаму павышэнню транспарэнтнасці выбарчага працэсу.

ЦВК згадзілася толькі з адной з названых прапаноў – «прадастаўленне назіральнікам рэальнай магчымасці ажыццяўляць назіранне ва ўмовах, якія забяспечваюць бачнасць працэдуры падліку галасоў». Згодна з пастановай ЦВК № 95, менавіта такой фармулёўкай будзе дапоўнены адпаведны абзац Метадычных рэкамендацыяў. Пры гэтым трэба адзначыць, што адсутнасць дакладна прапісанай працэдуры (спосабу) падліку бюлэтэняў участковымі камісіямі наўрад ці дазволіць паўнавартасна ажыццяўляць назіранне за такім падлікам.

ЦВК таксама задаволіла скаргу Беларускага Хельсінкскага камітэта, якая была пададзена ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары», на пастанову ЦВК № 49 ад 15 верасня, згодна з якой кіруючыя органы палітычных партый і рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў пазбаўляліся магчымасці накіроўваць назіральнікаў на пасяджэнні ТВК і на ўчасткі для галасавання. У выніку (пастанова ЦВК № 94), кіруючыя органы палітычных партый і рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў атрымалі права накіроўваць назіральнікаў на выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. Такім чынам, ЦВК зняла нічым не абгрунтаваныя абмежаванні і вярнулася да практыкі накіравання назіральнікаў, якая існавала пры правядзенні выбараў Прэзідэнта ў 2001 і 2006 гадах.

II. ЗАЯВЫ І СКАРГІ, ЗВЯЗАНЫЯ З ФАРМІРАВАННЕМ УВК 

Па звестках юрыстаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», на рашэнні выканкамаў аб утварэнні УВК усяго было пададзена 85 скаргаў. У скаргах гаворыцца аб незаконнасці і неабгрунтаванасці неўключэння ў склад УВК 413 чалавек. У асноўным, скаргі падаваліся палітычнымі партыямі (больш за 35% – скаргі ад БПЛ «Справядлівы свет», каля 30% – ад АГП і каля 15% – ад партыі БНФ). Былі скаргі і ад груп выбаршчыкаў (у Брэсце, Віцебску і іншых гарадах).

Па стане на 12 лістапада разгледжаны 83 скаргі. Усе яны не былі задаволеныя. Яшчэ дзве скаргі, пададзеныя 5 лістапада Гомельскай абласной арганізацыі БПЛ «Справядлівы свет» ў суды Чыгуначнага і Цэнтральнага раёнаў г. Гомеля, да цяперашняга часу не разгледжаны, пры тым, што паводле арт. 34 ВК яны павінны былі быць разгледжаны да 8 лістапада.

Ва ўсіх выпадках суды абмежаваліся даследаваннем працэдуры прыняцця рашэнняў аб утварэнні УВК: ці былі камісіі створаны правамоцнымі органамі, ці быў вытрыманы кворум, ці ва ўстаноўленыя ВК тэрміны прайшлі пасяджэнні выканкамаў і г.д. У большасці рашэнняў судоў паказваецца, што УВК сфарміраваны ў строгай адпаведнасці з арт. 34 ВК, паколькі сфарміраваныя камісіі на адну траціну складаюцца з прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб'яднанняў і ў іх не ўваходзяць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Пры гэтым у большасці выпадкаў скаргі датычыліся не парушэнняў працэдуры стварэння УВК, а дыскрымінацыйнага падыходу ў адносінах да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Апошнія ў большасці выпадкаў мелі досвед працы ў выбарчых камісіях рознага ўзроўню, аднак у склад УВК уключаны не былі. У той жа час, напрыклад, ва УВК уключаліся многія прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якія такога досведу не маюць.

Довады заяўнікаў аб дыскрымінацыйным характары рашэнняў аб утварэнні УВК судамі пакінутыя без увагі. Больш таго, у некаторых выпадках судамі яны наогул не вывучаліся. Ні ў адным з 83 рашэнняў няма ніякай згадкі пра тое, што скаргі датычыліся дыскрымінацыі прадстаўнікоў асобных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

Паказальным з’яўляецца рашэнне суда Цэнтральнага раёна г. Мінска ад 6 лістапада, прынятае па скарзе Мінскай гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) на дзеянні адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Менска па фарміраванні УВК. У рашэнні суда ўказана, што «ацэнка матыву ўключэння ці неўключэння ў склад камісій тых ці іншых прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб’яднанняў не адносіцца да кампетэнцыі суда». Суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы (Брэсцкая вобл.) у сваім рашэнні ад 9 лістапада па скарзе Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны аб дыскрымінацыйным падыходзе да яе прадстаўнікоў пры утварэнні УВК, заявіў, што «суд у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам не абмяркоўвае пытанні аб перавазе аднаго кандыдата перад іншым».

Юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць выпадкі, калі рашэнні па розных скаргах з’яўляюцца практычна ідэнтычнымі, нягледзячы на тое, што разглядаліся рознымі судамі. Так, відавочным з’яўляецца падабенства фармулёвак і структуры рашэння суда Кастрычніцкага раёна г. Віцебска па скарзе Віцебскай абласной арганізацыі БПЛ «Справядлівы свет» і рашэння суда Першамайскага раёна г. Віцебска па іншай скарзе гэтай жа партыі, нягледзячы на тое, што абодва рашэнні прымаліся ў адзін дзень, 9 лістапада. Можна з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, што ўзоры судовых рашэнняў па скаргах аб неўключэнні у склад УВК былі падрыхтаваныя загадзя.  

III. ЦІСК НА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць павелічэнне колькасці выпадкаў непасрэднага і ўскоснага ціску на сяброў ініцыятыўных груп асобных кандыдатаў і актывістаў незалежнай грамадзянскай супольнасці.

Так, напрыклад, 3 лістапада з Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута (г. Мінск) быў адлічаны студэнт 5-га курса завочнага аддзялення Уладзімір Кумец, сябар ініцыятыўнай групы У. Някляева. Паводле афіцыйнай версіі – «за сістэматычныя пропускі заняткаў і акадэмічную непаспяховасць». У іскавой заяве, падрыхтаванай юрыстамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў суд Ленінскага раёна г. Мінска гаворыцца, што раней У. Кумец ні разу не прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці за пропускі заняткаў. У заяве таксама сцвярджаецца, што па стане на 6 кастрычніка 2010 года (апошні дзень экзаменацыйнай сесіі) усе экзамены і залікі У. Кумцом былі здадзены. Гэта пацвярджаецца даведкай, падпісанай дэканам факультэта і адзнакамі ў заліковай кніжцы. У заяве ў суд У. Кумец просіць аднавіць яго на 5-м курсе Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута, а таксама прызнаць загад рэктара названай навучальнай установы незаконным і дыскрымінацыйным па палітычных падставах.

10 лістапада ўступіла ў сілу рашэнне Гаспадарчага суда г. Мінска аб ліквідацыі ўстановы «Рух наперад». Апеляцыйная калегія суда адмовіла ў задавальненні скаргі прадстаўнікоў установы на рашэнне гэтага ж суда аб ліквідацыі ўстановы. Афіцыйная падстава ліквідацыі – несапраўднасць дамовы з арэндадаўцам і, адпаведна, адсутнасць юрыдычнага адрасу. Варта нагадаць, што менавіта ўстанова «Рух наперад» з’яўлялася афіцыйным ініцыятарам кампаніі «Гавары праўду», лідэрам якой з’яўляецца У. Някляеў – адзін з прэтэндэнтаў на пасведчанне кандыдата ў Прэзідэнты.

Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічаць, што з ліквідацыяй ўстановы «Рух наперад», лідэры і актывісты кампаніі аказваюцца пад пагрозай крымінальнага пераследу за ажыццяўленне дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі па арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса. Нягледзячы на тое, што на працягу апошніх двух гадоў улады не выкарыстоўваюць гэты артыкул, яго наяўнасць у Крымінальным кодэксе ўсё яшчэ стварае небяспеку яго прымянення, асабліва, у перыяд выбараў.

IV. CРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ

Для дзяржаўных СМІ выбары застаюцца малазначнай падзеяй. Па-ранейшаму ў сувязі з выбарамі тыражуюцца кароткія афіцыйныя паведамленні БелТА.

Рэгіянальныя дзяржаўныя друкаваныя СМІ ўпершыню за ўвесь перыяд выбарчай кампаніі падалі прозвішчы асоб, якія могуць стаць кандыдатамі ў Прэзідэнты. У публікацыях на грамадска-палітычныя тэмы дамінуе тэма падрыхтоўкі да Усебеларускага сходу і выбараў дэлегатаў на гэтае мерапрыемства.

Большасць рэгіянальных дзяржаўных газет надрукавала матэрыял БелТА «Прадстаўнік апазіцыі не мае шанцаў перамагчы на выбарах Прэзідэнта Беларусі – сацапытанне». У матэрыяле падаюцца дадзеныя сацыялагічнага апытання Аналітычнага цэнтра EcooM (кастрычнік 2010 года). Паводле EcooM, 81% апытаных лічаць, што апазіцыя на выбарах перамагчы не можа, і што ў яе шэрагах няма вартых кандыдатаў, 82,6% не давяраюць апазіцыі.

____________________________________________________________________________

Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://belhelcom.org).

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international