Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, кастрычнік 2010 году

2010 2010-11-11T13:16:27+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/logo-ahliad-hronika1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

У кастрычніку ўдзельнікі маніторынгу “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адсочвалі за наступнымі этапамі выбарчай кампаніі – збор подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў ў прэзідэнты, які завяршыўся 29 кастрычніка, а таксама вылучэньне кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў, аднаго з ключавых механізмаў выбарчага працэсу, які непасрэдна ажыцьцяўляе арганізацыю галасаваньня і падлік галасоў. Шанцы на працяг удзелу ў выбарчай кампаніі маюць 11 прэтэндэнтаў, якія здалі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі больш за 100 000 подпісаў. Да апошняга дня тэрміну збору подпісаў назіральнікі фіксавалі факты парушэньняў адміністрацыямі прадпрыемстваў і ўстановаў выбарчага заканадаўства, згодна з якім «не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацый ў зборы подпісаў выбаршчыкаў у працоўны час, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў». Акрамя таго назіральнікі адзначылі асобныя выпадкі ціску на сябраў ініцыятыўных групаў у сувязі са здачай подпісаў. Вылучэньне кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў скончылася 31 кастрычніка. У іх увайшла толькі нязначная колькасьць кандыдатаў ад апазіцыйных партыяў (каля 1 000 з 84 024). Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі адмаўляюць назіральнікам у магчымасьці сачыць за працэсам праверкі сапраўднасьці подпісаў, сабраных у падтрымку прэтэндэнтаў.

Еўрапарламент зноў заклікаў Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта гаворыцца ў адным з пунктаў прынятай 7 кастрычніка рэзалюцыі, прымеркаванай да Еўрапейскага дня супраць сьмяротнага пакараньня 10 кастрычніка.  Акцыі, прымеркаваныя да гэтай даты, праходзілі не толькі па ўсёй Беларусі, але і ў суседніх дзяржавах. Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня" раздавалі мінакам улёткі, налепкі, буклеты. У цэнтры сталіцы каля Кастрычніцкай плошчы праваабаронцы і моладзевыя актывісты ў адмысловых майках з надпісам: “Скажы “НЕ” сьмяротнаму пакараньню” зладзілі інфармацыйны ланцуг. У Вільні адбыўся дабрачынны канцэрт супраць сьямротнага пакараньня, да кампаніі далучыліся актывісты недзяржаўнай арганізацыі Belarus Watch і Беларускі Дом правоў чалавека. Таксама ў кастрычніку да петыцыі супраць сьмяротнага пакараньня далучыліся намесьнік міністра замежных справаў Вялікабрытаніі Джэрэмі Браўн і апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы айцец Аляксандр Надсан. 8 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на тэматычнай кніжнай выстаўцы “Пакараньне сьмерцю: цана жыцьця і межы права” было прадстаўлена каля 50 дакументаў на расейскай, ангельскай і нямецкай мовах: кнігі, брашуры, перыядычныя выданьні. У гэты ж дзень у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося адкрыцьцё выставы “Сьмерць - гэта не правасудзьдзе”. На ёй прадстаўлена 100 плакатаў, адабраных у рамках конкурсу, які прайшоў пад патранажам генеральнага сакратара Рады Еўропы Турб'ерна Ягланда і прысьвечанага скасаваньню сьмяротнай кары. Экспазіцыя працягнецца да 11 сьнежня.

26 кастрычніка Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступілі з сумеснай заявай, у якой выказалі занепакоенасьць у сувязі з узмацненьнем рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў у дачыненьні да актывістаў анархісцкага і антыфашысцкага моладзевых рухаў. У заяве адзначана, што з боку сьледчых органаў былі зроблены дзеяньні, якія груба парушаюць законныя правы затрыманых. Так, у дачыненьні да некаторых затрыманых былі парушаныя іх правы на абарону. Напрыклад, адвакат затрыманага Аляксандра Францкевіча ня мог выявіць месцазнаходжаньне свайго падабароннага на працягу трох сутак. Таксама сталі вядомыя факты аказаньня псіхалагічнага ціску. У выніку, падчас аднаго з допытаў затрыманая паўторна Тацяна Семянішчава паспрабавала перарэзаць вены рук канцылярскія нажом. У сувязі са спробай падпалу будынка КДБ у Бабруйску ў ноч з 16 на 17 кастрычніка былі затрыманыя, а потым вызваленыя Павал Чарнышэнка і Сяргей Сьлюсар, які ў верасьні затрымліваўся па падозраньню да зьдзяйсьненьня нападу на расейскую амбасаду. Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека і ПЦ «Вясна» патрабуюць спыніць супрацьпраўныя дзеяньні і неадкладна вызваліць затрыманых.

25 кастрычніка Рада Еўрасаюзу працягнула да 31 кастрычніка 2011 году санкцыі ў дачыненьні да высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі. У сьпіс увайшлі 41 чалавек разам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Адначасова працягнуты і мараторый на санкцыі ў дачыненьні да 36 асобаў. Па-ранейшаму выключэньне складаюць старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, былы генпракурор Віктар Шэйман, былыя міністры ўнутраных спраў Уладзімер Навумаў і Юрый Сівакоў і былы камандзір менскага АМАПу Юрый Падабед, якія не падпадаюць пад мараторый і ня могуць патрапіць на тэрыторыю Еўрасаюзу. У дакуменце Рады ЕС утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў правесьці прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасьці з нормамі і стандартамі міжнароднага права.

У штогадовым рэйтынгу свабоды прэсы міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры бяз межаў", Беларусь заняла 154 месца з 178 краін-удзельніц. У прэс-рэлізе датычна нашай краіны паведамляецца наступнае: «Беларусь спрабуе захаваць адначасова два стратэгічных партнёрствы, з Расіяй і Еўрасаюзам, пры гэтым ня робіць крокаў насустрач грамадзянскай супольнасці і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў працягвае аказваць ціск на нешматлікія незалежныя СМІ».


  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

15 кастрычніка Гаспадарчы суд Менску прыняў рашэньне аб прыпыненьні рэгістрацыі інфармацыйна-кансалтынгавай установы «Правы альянс». Ліквідацыі ўстановы дамагаўся  Менгарвыканкам, абвінавачваючы яе ў нестатутнай дзейнасьці. Паводле словаў кіраўніка “Правага альянсу” Юрася Карэтнікава, чыноўнікі спасылаліся на раздрукоўкі з інтэрнэт-сайтаў, у якіх гаварылася, што арганізацыя перасьледуе палітычныя мэты. Між тым, «Правы альянс» вядомы сваёй сацыяльнай дзейнасьцю, бо праводзіў у Менску антыалкагольныя і антынаркатычныя пікеты.

12 кастрычніка Берасьцейскі абласны суд пакінуў у моцы рашэньне Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкаму, якое па фармальнай прычыне, а менавіта з-за тэхнічнай памылкі, дапушчанай упраўленьнем унутраных справаў, адмовілася зарэгістраваць рэгіянальную праваабарончую арганізацыю “Берасьцейская вясна”. Кіраўнік аб’яднаньня Уладзімір Вялічкін кажа, што такім чынам парушаныя правы 18 заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі.

21 кастрычніка Салігорскі райвыканкам у трэці раз адмовіў у рэгістрацыі першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) СТАА «Дэльта-Стыль». Чыноўнікі райвыканкаму спаслаліся на неадпаведнасьці ў пададзеных дакументах і парушэньні заканадаўства. На думку віцэ-старшыні БНП Мікалая Новіка, гэтыя прэтэнзіі  надуманыя і неабгрунтаваныя. У сувязі з чарговай адмовай у рэгістрацыі, што зьяўляецца парушэньнем правоў працаўнікоў на аб'яднаньне ў прафсаюз, кіраўніцтва БНП прыняло рашэньне зьвярнуцца ў суд і правесьці пікет у Салігорску. БКДП праінфармаваў Міжнародную арганізацыю працы (МАП) аб чарговым парушэньні правоў працоўных у Беларусі.

25 кастрычніка Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Сярод прычын адмовы дзяржаўнае ведамства прыводзіць недакладнасьці ў пададзеных дакументах, а таксама вынікі тэлефоннага апытаньня заснавальнікаў супрацоўнікамі міністэрства, падчас якога, як адзначаецца ў паведамленьні Мінюста, шэраг заснавальнікаў адмовіліся ад свайго удзелу ў БХД. Сустаршыня аргкамітэта партыі Павал Севярынец назваў чарговую, ужо трэцюю, адмову ў рэгістрацыі палітычна матываванай і заявіў пра ціск на заснавальнікаў партыі. Акрамя таго, Міністэрства дало адказ са спазьненьнем, што з’яўляецца парушэньнем заканадаўства. Дакументы на рэгістрацыю БХД падала ў Мінюст 19 верасьня.

12 кастрычніка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні дзяржаўнай рэгістрацыі дасьледча-асьветніцкай установы "Рух наперад", якая праводзіць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду!”. Раней дырэктар установы і прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімер Някляеў заяўляў, што грамадзянская кампанія “Гавары праўду!” будзе працягвацца ў любым выпадку.

 

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 19 кастрычніка ў Савецкім раённым судзе Менску завяршыўся разгляд крымінальнай справы актывіста кампаніі «Гавары праўду» Міхася Башуры за нібыта паўторную падробку даведкі аб прыбытках для атрыманьня жонкай льготнага крэдыту на будаўніцтва жыльля. Напярэдадні пракурор Галіна Корнева запатрабавала для абвінавачанага 6 месяцаў арышту, а адвакат Тамара Сідарэнка прасіла суд апраўдаць М. Башуру, бо лічыць, што ягоная віна не была даказаная. Аднак суд прызнаў яго вінаватым па двьвюх частках арт. 380 КК РБ і пакараў штрафам у памеры 500 базавых велічыняў, што складае 17 млн. 500 тыс. руб (звыш 5700 $). Праваабаронцы лічаць гэтую справу палітычна матываванай. 

26 кастрычніка ў Менгарсудзе разглядалася абскарджваньне рашэньня Цэнтральнага райсуду сталіцы адносна меры стрыманьня ў дачыненьні да студэнта паліталогіі ЕГУ Мікалая Дзядка. Скарга задаволеная не была, і абвінавачваемы застаўся пад вартай. Акрамя таго, следства працягнута да трох месяцаў – да 24 сьнежня. М.Дзядок быў затрыманы на пачатку верасьня па падазрэньні ў нападзе на амбасаду Расіі ў Менску, аднак 1 кастрычніка яму прад’явілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў дэманстрацыі пратэсту каля Генштабу Міністэрства абароны, накіраванай супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад–2009» ў 2009 годзе. 24 верасьня з ізалятару часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна М. Дзядка перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага, дзе ён чакае суду па гэтай справе. ПЦ “Вясна” лічыць, што згаданая дэманстрацыя, хаця і суправаджалася нязначным парушэньнем грамадзкага парадку (кіданьнем на тэрыторыю Геншатабу адным з удзельнікаў дымавой шашкі), у цэлым насіла мірны характар. Яе ўдзельнікі выказвалі сваё меркаваньне і пратэст шляхам дэманстрацыі. У зьвязку з гэтым праваабаронцы ня згодныя з кваліфікацыяй дадзеных дзеяньняў паводле ч.2 арт.339 (хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў) і лічаць затрыманьні М.Дзядка і іншых асобаў па падозраньні ва ўдзеле ў акцыі пратэсту адвольнымі. Асаблівую ўвагу праваабаронцы зьвяртаюць на той факт, што М. Дзядок быў затрыманы на 21 суткі (перазатрымліваўся на трое сутак 7 разоў!) і ўтрымліваўся ў ІЧУ без прад’яўленьня абвінавачаньня. ПЦ “Вясна” лічыць затрыманьні асобаў без дакдладна ўстаноўленага тэрміну грубым парушэньнем дзеючага працэсуальнага заканадаўства і законных правоў затрыманых.

Былы міністр знешнеэканамічных сувязяў, былы амбасадар Беларусі ў Латвіі, удзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2001 году і былы палітвязень Міхаіл Марыніч атрымаў паведамленьне з Камітэту ААН па правах чалавека (КПЧ). Міжнародная інстанцыя прызнала, што суд над палітыкам, які ў сьнежні 2004 года адбыўся ў Менску і прысудзіў Марыніча да пяці гадоў пазбаўленьня волі за нібыта крадзеж аргтэхнікі, якая належала амбасадзе ЗША, ня быў справядлівым і незалежным. На думку КПЧ гэты працэс строга адсочваўся беларускімі сьпецслужбамі, судзьдзі тэндэнцыйна ацэньвалі сабраныя падчас расьследаваньня факты і паказаньні сьведак, і крымінальная справа, па сутнасьці, была палітычнай расправай. Акрамя таго, Камітэтам прызнана, што ў дачыненьні да палітыка ўжываліся катаваньні і бесчалавечнае, прыніжаючае годнасьць абыходжаньне. Зараз беларуская дзяржава абавязана забясьпечыць М.Марынічу «належнае лячэньне, уключаючы выплату адпаведнай кампенсацыі, і правядзеньне крымінальнага працэсу для ўстанаўленьня адказнасьці за неналежнае абыходжаньне».


  1. Перасьлед грамадзкіх актывістаў

 Сябра партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя Яўген Якавенка, які ў чэрвені гэтага году быў асуджаны да 1 году абмежаваньня волі за ўхіленьне ад мерапрыемстваў вайсковага прызыву па пацыфіскіх перакананьнях і амніставаны ў сувязі з 65-годзьдзем Перамогі, па патрабаваньню ваенкамату ў кастычніку праходзіў медыцынскую камісію. Яго зноў намагаюцца прызваць у войска. У сувязі з гэтым прызыўнік накіраваў лісты ў Міністэрства абароны, Палату прадстаўнікоў і Генеральную пракуратуру, у якіх зьвярнуў увагу, што ў Беларусі працягваецца практыка прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці грамадзян, якія хацелі б праходзіць замест тэрміновай службы альтэрнатыўную. Я.Якавенка ў сваіх запытах прасіў разабрацца ў сітуацыі і прыняць меры, спасылаючыся на распараджэньне прэм’ер-міністра аб падрыхтоўцы законапраекту “Аб альтэрнатыўнай службе”. У адказ прызыўнік атрымаў звычайныя адпіскі. Так, у лісьце за подпісам вайсковага камісару Гомельскага гарвыканкаму палкоўніка Яфімчыка прызыўніку паведамляецца, што "перапіска з ім па дадзеным пытаньні спыняецца", бо раней ужо быў дадзены вычарпальны адказ. Таксама Я.Якавенка зьвяртаўся ў суд Савецкага раёну Гомеля са скаргай на адмову Гомельскага гарадзкога ваеннага камісарыяту прадставіць яму канстытуцыйнае права на праходжаньне альтэрнатыўнай службы. Аднак 21 кастрычніка суд адмовіў ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы са спасылкай на п. 2 арт. 246 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу (ГПК), бо “не выкананы парадак папярэдняга пазасудовага вырашэньня справы”. У адказе, які прызыўнік атрымаў ад старшыні Камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Лаўрукевіч гаворыцца, што інфармацыяй аб тэрмінах унясеньня законапраекту “Аб альтэрнатыўнай службе” у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу камісія не валодае.

 

  1. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 1 кастрычніка судзьдзя Ленінскага райсуду Магілёву Станіслаў Шандаровіч прызнаў праваабаронцу і журналіста Валерыя Шчукіна вінаватым па арт. 22.9 ч. 2 КаАП (“Выраб, дастаўка і распаўсюд друкаванай прадукцыі, вырабленай з парушэньнем беларускага заканадаўства”) і пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. руб). Міліцыянты затрымалі В. Шчукіна 8 жніўня, у аўтамабіле яны знайшлі і канфіскавалі 24 тысячы асобнікаў газеты аднайменнай грамадзянскай кампаніі “Наш дом”, а таксама пяць з паловай тысяч брашур, прысьвечаных правам жанчын.

8 кастрычніка ў Віцебскай вобласьці супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамабіль Віктара Рамнёва, дырэктара прыватнага прадпрыемства «Витебский корунд», што выдае недзяржаўную газету "Витебский курьер". В. Рамнёў дастаўляў са Смаленскай друкарні наклад чарговага нумару газеты, якая распаўсюджваецца на Віцебшчыне, але зарэгістраваная ў Расіі як перыядычнае выданьне. У выніку 11 тысячаў асобнікаў былі канфіскаваныя. 12 кастрычніка судзьдзя Лёзненскага райсуду Антаніна Афанасьева прызнала В. Рамнёва вінаватым па ч.2 арт. 22.9 КаАП у незаконным распаўсюдзе "Витебского курьера". Падчас судовага разгляду былі адхіленыя каля дзесяці хадайніцтваў падсуднага, не дапушчаны да ўдзелу ў працэсе праваабаронца Павел Левінаў у якасці грамадзкага прадстаўніка і адмыслоўца ў дадзенай справе. На знак пратэсту В. Рамнёў разам з паплечнікамі пакінулі судовую залу, і прысуд у выглядзе штрафу памерам у 35 базавых велічынь (1 млн. 225 тыс. руб) судзьдзя зачытала ў іх адсутнасьць. Варта дадаць, што толькі за апошнія паўгады В. Рамнёў неаднаразова быў пакараны за распаўсюд недзяржаўных выданьняў буйнымі штрафамі. Распаўсюдам міліцыя, а затым суды лічаць перавозку друкаванай прадукцыі аўтатранспартам.

27 кастрычніка ў Жодзіне супрацоўнікі міліцыі з’явіліся на працу да актывіста Андрэя Зубры і даставілі яго спачатку ў пастарунак, а затым у суд, дзе адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па абвінавачаньні ў незаконным распаўсюдзе сродкаў масавай інфармацыі. Месяц таму міліцыянты затрымалі А. Зубра з 216 асобнікамі незалежнага выданьня «Тут і цяпер», склалі адміністрацыйны пратакол па ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ. Разгледзеўшы матэрыялы справы, судзьдзя Жодзінскага райсуду Грынкевіч вынес пастанову, згодна з якой міліцэйскі пратакол не адпавядае сутнасьці выкладзенага ў ч.2 арт. 22.9 КаАП правапарушэньня. Такім чынам, матэрыялы справы былі накіраваныя ў Жодзінскі ГАУС на дапрацоўку.


  1. Парушэньне права на свободу мірных сходаў

 Мясцовыя ўлады забаранілі недзяржаўным прафсаюзам ладзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 7 кастрычніка – Сусьветнага дня барацьбы за годныя ўмовы працы. У Магілёве, напрыклад, выканкам спаслаўся на пастанову, згодна з якой вызначаны пералік месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а заяўленыя прафсаюзамі месцы ў гэтым пераліку ня значацца. Свабодны прафсаюз металістаў зьбіраўся зладзіць акцыю ў Менску ў раёне вуліцы Ванеева, побач з паркам 50-годзьдзя Кастрычніка. Аднак на думку чыноўнікаў Менгарвыканакаму, удзельнікі пікету маглі стварыць перашкоды транспартнаму руху, што і паслужыла нагодай для адмовы. Полацак стаў адзіным горадам Беларусі, дзе ўлады дазволілі незалежнаму прафсаюзу правесьці ў Міжнародны дзень барацьбы за годную працу вулічную акцыю.

11 кастрычніка ў Менску прайшла акцыя, прымеркаваная да дня «Камінг аўт» (англ. coming out), які адзначаюць геі і лесьбіянкі ўсяго свету. Напярэдадні  актывісты ЛГБТ-руху падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне публічнага мерапрыемства, але сталічныя ўлады яе не задаволілі. У несанкцыянаванай акцыі ўзялі ўдзел дзесяць чалавек. Яны прайшлі з вясёлкавай сімволікай ад станцыі метро "Купалаўская" да Нямігі і назад. Адзін з актывістаў Сяргей Прадзед застаўся на Кастрычніцкай плошчы. Ён трымаў плакаты, на якіх былі выпіскі з Канстытуцыі арт. 35 пра свабоду сходаў, паперы пра адмову Менгарвыканкаму, і распавядаў мінакам пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Праз некаторы час супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі С. Прадзеда, адвезьлі ў пастарунак і склалі адміністрацыйны пратакол. Судовы разглял справы адбыўся на наступны дзень, ноч ЛГБТ-актывіст правёў на Акрэсьціна ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. 12 кастрычніка Цэнтральны райсуд Менску прызнаў С. Прадзеда віноўным у правапарушэньні, прадугледжаным ч. 3 арт. 23.34 КаАП (“Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства”) і пакараў штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (700 тыс. рублёў).


  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

2 кастрычніка на плошчы Незалежнасьці ў Менску каля Чырвонага касьцёлу міліцыянты затрымалі чатырох маладафронтаўцаў, якія раздавалі запрашэньні на штодзённую акцыю абароны касьцёла сьвятога Язэпа. Афіцыйная падстава затрыманьня – дзеля высьвятленьня асобаў. У Маскоўскім РУУС у актывістаў узялі тлумачэньні, ніякія пратаколы не складаліся, тым ня менш у пастарунку іх пратрымалі больш за 3 гадзіны. У дзеяннях маладафронтаўцаў не было выяўлена складу злачынства, аднак міліцыянты выклікалі бацькоў затрыманых ды пагражалі праблемамі на працы, вучобе. Актывісты падалі скаргі на супрацьпраўныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.  


  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

 14 кастрычніка ў пратэстанцкай царкве «Новае Жыцьцё» прайшоў круглы стол у абарону канстытуцыйнага права вернікаў на свабоду веравызнаньня. У ім прынялі ўдзел кіраўнікі царквы, юрысты, праваабаронцы, палітыкі і журналісты. Удзельнікі круглага стала заклікалі беларускія ўлады спыніць ціск на Вячаслава Ганчарэнку, пастара менскай царквы і яе вернікаў. У прынятай рэзалюцыі ўдзельнікі пасяджэньня заклікалі ўлады забясьпечыць рэалізацыю канстытуцыйнага права на свабоду сумленьня і веравызнаньня, а міжнародныя арганізацыі і праваабарончыя структуры – да салідарнасьці з прыхаджанамі абшчыны, а таксама з усімі беларускімі грамадзянамі, якія адстойваюць сваё права на свабоду сумленьня і веравызнаньня. Вырашана, што рэзалюцыя будзе накіравана ў Адміністрацыю прэзідэнта, Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Дакумент таксама будзе накіраваны ў Еўрапарламент, офіс АБСЕ ў Менску і міжнародныя праваабарончыя структуры. 


  1. Сьмяротнае пакараньне

 5 кастрычніка на памежным пункце “Каменны Лог” былі затрыманыя актывісткі кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” Ірына Тоўсьцік і Паліна Сьцепаненка. Іх высадзілі з аўтобусу “Вільня-Менск”. Супрацоўнікі Ашмянскай мытні затрымалі інфармацыйныя матэрыялы кампаніі, якія везьлі актывісткі, на праверку, аднак так і не вярнулі.

4 кастрычніка Сьвятлана Жук, маці расстралянага ў сакавіку па прысуду Андрэя Жука, абскардзіла ў Ленінскім райсудзе сталіцы адмову Дэпартаменту па выкананьню пакараньняў МУС паведаміць пра месца пахаваньня яе сына. З гэтай прозьбай яна зьвярталася ў Міністэрства ўнутраных справаў. Дэпартамент па выкананьню пакараньняў спаслаўся на арт.175 КК, згодна з якім “цела для пахаваньня не выдаецца, пра месца пахаваньня не паведамляецца".

Жыхарка Берасьця, маці траіх дзяцей Сьняжана Неўдах у кастрычніку двойчы пісьмова зьвярталася да прэзідэнта Беларусі, каб ён дапамог атрымаць Сьвятлане Жук зьвесткі пра месца пахаваньня расстралянага сына. Яна лічыць, што такі крок можна было б назваць гуманным у дачыненьні да жанчыны.

Берасьцейскі юрыст-праваабаронца Раман Кісляк атрымаў адказ з МЗС Беларусі на сваю заяву, у якой намагаўся адмяніць закон аб таямніцы часу расстрэлу і месцы пахаваньня прысуджанага да сьмяротнага пакараньня. Р. Кісляк лічыць, што такі адпаведны артыкул Крымінальна-выканаўчага кодэксу супярэчыць сёмаму артыкулу Міжнароднага пакту, дзе сказана, што таямніца наконт часу расстрэлу, нявыдача цела і таямніца пра месца пахаваньня – гэта негуманная трактоўка родных. Аднак намесьнік міністра Сяргей Алейнік, які падпісаў адказ юрысту, такой праблемы не бачыць.

 

  1. Парушэньні выбарчых правоў грамадзянаў

 З 16 верасьня кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ажыцьцяўляе незалежны маніторынг выбарчага працэсу з пункту гледжаньня беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, шырока інфармуе пра выяўленыя парушэньні, а таксама даводзіць свае высновы да беларускай грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці. У тыднёвых аналітычных аглядах, а таксама этапных справаздачах, якія зьмяшчаюцца на сайтах ПЦ “Вясна” і БХК, прыводзяцца галоўныя высновы, зробленыя прадстаўнікамі маніторынгу. Напрыклад, ад пачатку выбарчай кампаніі толькі з дапамогай юрыстаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» былі пададзены 238 скаргаў, з якіх па стане на 31 кастрычніка задаволены толькі 9 (3,8%) – некаторыя з тых, што тычыліся рашэньняў мясцовых выканкамаў аб месцах, дзе забаронены пікеты па зборы подпісаў. Цэнтральная і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не задаволілі ніводнай скаргі на парушэньні выбарчага заканадаўства інцыятыўнай групай Аляксандра Лукашэнкі.


  1. Умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня

Асуджанаму на 5 гадоў пазбаўленьня волі ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу так і не аказалі медыцынскую дапамогу па пратэзаваньню зубоў. Палітвязень неаднаразова зьвяртаўся па гэтым пытаньні да адміністрацыі калоніі, аднак яно застаецца нявырашаным. Гэта стала вядома пасьля ягонай сустрэчы ў калоніі з жонкай, якая перадала М.Аўтуховічу блэндэр, бо без разьмяльчэньня ён ужо ня можа есьці.   


  1. Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычных матывах

 20 кастрычніка кіраўніцтва недзяржаўнай газеты «Вечерний Бобруйск» прапанавала журналісту, сябру ГА «БАЖ» Дзьмітрыю Растаеву напісаць заяву на адпачынак. Прычынай паслужала «настойлівае пажаданьне» Бабруйскага гарвыканкаму. Намесьнік старшыні і адказны за «ідэалагічны накірунак» паказаў заснавальніку падборку раздруковак з ЖЖ і рэспубліканскай «Белгазеты», з якой супрацоўнічае журналіст, і заявіў: «Альбо Растаеў перастае друкавацца дзе-кольвек, акрамя як у вас, альбо самі разумееце… Падумайце пра газету». На думку журналіста, адпачынак, хутчэй за ўсё, акажацца “бестэрміновым”.

 

  1. Парушэньні працоўных правоў грамадзянаў

25 на дрэваапрацоўчай фабрыцы «Холдынгавай кампаніі" Пінскдрэў» адбылося надзвычайнае здарэньне. Прычына аварыі, па зьвестках прэс-службы МНС, выбух пылапаветранай сумясі на ўчастку вытворчасьці драўняна-паліўных гранулаў з-за парушэньня рэжыму эксплуатацыі абсталяваньня. Па факце аварыі на фабрыцы абласная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па ч.2 ст.302 КК РБ ("Парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бясьпекі на выбуханебясьпечных прадпрыемствах"). Па словах працаўнікоў прадпрыемства, яны неаднаразова зьвярталіся да кіраўніцтва з пытаньнямі пра бясьпеку працы з-за высокай канцэнтрацыі драўлянага пылу ў паветры. Аднак супрацоўнікі лабараторыі казалі, што ўсе паказчыкі ў норме. Па стану на 1 лістапада ў медустановах засталося шасьцёра пацярпелых, 14 чалавек загінулі.

1 лістапада з заявай “Трагедыя нацыянальнага маштабу на фоне бязмоўя ўлады” выступіла Рада «Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў» (БКДП). «Мы ня лічым гэтую трагедыю выпадковым збегам акалічнасьцяў. Ажыцьцяўляючы пастаянны маніторынг вытворчасьцяў, умоў бясьпекі працы на іх, мы сёньня маем усе падставы заявіць - Беларусь стаіць на парозе тэхнагеннай катастрофы», - гаворыцца ў заяве. БКДП выказаў спачуваньні сем'ям і блізкім загінулых.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international