viasna on patreon

У Магілёве ўлады дазваляюць выбаршчыкам сустракацца з даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча Сяргеем Калякіным толькі на ўскрайку гораду

2006 2006-03-07T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напярэдадні правядзеньня сустрэчы выбаршчыкаў Магілёва з даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча Сяргеем Калякіным кіраўнік абласнога штабу Ўладзімер Шанцаў зьвярнуўся ў гарвыканкам і паведаміў, што яны зьбіраюцца правесьці сустрэчы ў працоўных калектывах і вышэйшых навучальных установах. Аднак яму патлумачылі, што паводле рашэньня гарвыканкаму сустрэчы можна праводзіць толькі ў гарадзкім Доме культуры альбо ў адкрытым акцыянэрным таварыстве "Задняпроўе".

Паводле Сяргея Калякіна, сустрэчы з выбарцамі на ўскрайку гораду не адпавядаюць выбарчаму заканадаўству: "Можа ў лесапаркавай зоне прызначаць", – ягоныя словы выклікалі сьмех удзельнікаў сустрэчы.

Таму 6 сакавіка ў Магілёве сустрэча выбаршчыкаў з даверанай асобай адзінага кандыдата ад дэмсіл адбылася ў цэнтры гораду. Паслухаць вядомага палітыка прыйшло больш як сто пяцьдзесят магілёўцаў. У цэнтры гораду мінакам раздавалі ўлёткі Аляксандра Мілінкевіча. Выбарцы задавалі пытаньні пра кантракты, лёс зьніклых палітыкаў, правамоцнасьць прэзыдэнцкага фонду, пэрспэктывы празрыстых і дэмакратычных выбараў.
Сустрэча выклікала пільную цікавасьць кіраўнікоў Ленінскага раённага аддзелу міліцыі, якія назвалі яе несанкцыянаваным мітынгам. Два міліцыянты спрабавалі спыніць сустрэчу, але Сяргей Калякін паказаў пасьведчаньне даверанай асобы, людзі выказалі свой пратэст, і яны мусілі пайсьці. Але ўжо пасьля заканчэньня сустрэчы, калі магілёўцы разышліся, Сяргея Калякіна і Ўладзімера Шанцава спынілі некалькі палкоўнікаў міліцыі на чале з начальнікам Ленінскага райаддзелу міліцыі спадаром Сямёнавым. Ім прад'явілі абвінавачаньне ў правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу і патрабавалі, каб яны праехалі з імі.
Паводле Ўладзімера Шанцава, яны прасядзелі ў раённым аддзеле міліцыі дваццаць хвілінаў і, не дачакаўшыся міліцыянтаў, самастойна пакінулі памяшканьне, паведаміла радыё Свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства