viasna on patreon

Гродна: гарадскія суды “адфутболілі” скаргі партый БСДГ і БНФ

2010 2010-11-10T16:53:31+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадказальна скончыўся разгляд скаргаў партый БСДГ і БНФ на неўключэнне іх прадстаўнікоў у склад участковых камісій у судах Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў г. Гродна.

Гродзенская абласная арганізацыя БСДГ падала 3 скаргі ў суд Ленінскага раёна ў сувязі з тым, што ніхто з 10 вылучаных прэтэндэнтаў у склад участковых камісій па Ленінскім раёне не патрапіў. Падчас судовага паседжання і разгляду скаргі прадстаўнік заяўніка Уладзімір Хільмановіч даводзіў, што юрыдычна ўчастковыя камісіі ўвогуле не былі зацверджаны, паколькі не адбылося выніковае галасаванне. Таксама былі прыведзены пераканаўчыя факты дыскрымінацыі адных палітычных партый і прыярытэту іншых, у прыватнасці КПБ (ад якой былі ўключаныя ў камісіі 4 з 4 прадстаўнікоў). Аднак суддзя Ала Баўсук не палічыла гэтыя аргуманты падставай для адмены рашэння адміністрацыі. Галоўны юрысконсульт упраўлення справамі адміністрацыі Ленінскага раёну г. Гродна Кацярына Фядосенка так і не здолела адказаць на пытанне: у які момант паседжання адбылося галасаванне па зацверджанні ўчастковых камісій. Пракурор Ірына Дзятчэня не захацела разбірацца ў сітуацыі, сказаўшы ў сваім выступе, што сцверджанне пра незацверджанне ўчастковых камісій галаслоўнае. Хоць прадстаўнік заяўніка спасылаўся на сведчанні Віктара Сазонава і Сяргея Мальчыка, якія прысутнічалі на паседжанні адміністрацыі 3 лістапада як назіральнікі ад пачатку да канца. У выніку скаргі задаволены не былі.

Тое ж самае чакала і скаргі гарадской арганізацыі Партыі БНФ, разгляд якіх адбыўся пазней. 5 скаргаў на неўключэнне ў камісіі суддзёй Людміла Жукоўскай не былі задаволены. Інтарэсы Партыі БНФ прадстаўляў старшыня гарадской арганізацыі Вадзім Саранчукоў. Усяго гарадская партыя БНФ прапаноўвала 10 асобаў у склад камісій па Ленінскім раёне – аніводная кандыдатура не прайшла.

У судзе Кастрычніцкага раёна з 3 скаргамі БСДГ разбіраліся больш скрупулёзна. Працэс вяла суддзя Валянціна Мохань. Прадстаўнік заяўніка Віктар Сазонаў настойваў, каб суд прымусіў адміністрацыю сабрацца яшчэ раз і дадаць у камісіі неўключаных сябраў БСДГ, спасылаючыся на тое, што адсотак уключаных сяброў БСДГ у камісіях ніяк не можа параўноўвацца з праўладнымі арганізацыямі. Паседжанне цягнулася з перапынкамі ажно пяць гадзін. Але вынік для партыі БСДГ аказаўся такім жа адмоўным.

Не задаволена скарга і ў Свіслацкім раённым судзе, дзе аспрэчвалася неўключэнне ў склад участковай камісіі прадстаўніка БСДГ Віктара Дзесяціка.

11 лістапада ў Гродна і Астраўцы адбудзецца разгляд скаргаў АГП на прадмет неўключэння іх прадстаўнікоў у склад участковых камісій.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства