viasna on patreon

Карэспандэнт газэты "Камсамольская праўды ў Беларусі" застаецца ў шпіталі, разам з сястрой яны будуць дамагацца пакараньня вінаватых

2006 2006-03-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Журналіст Алег Улевіч быў зьбіты 2 сакавіка, калі фатаграфаваў дзеяньні людзей у цывільным, якія затрымлівалі сваякоў і паплечнікаў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Са зламаным носам ён быў дастаўлены ў 9-ы шпіталь, дзе яму зрабілі аперацыю.

На пытаньне карэспандэнта "Свабоды" пра стан здароўя Алег Улевіч адказаў, што адчувае сябе яшчэ вельмі кепска, увесь час кружыцца галава, цяжка згадаць, хто са знаёмых прыходзіў наведаць. Журналіст лічыць, што зьбілі яго не выпадкова: "Я мяркую, гэта было сьвядома, бо я дастаў сваё пасьведчаньне прэсы, крычаў гэтым людзям, што я з прэсы, і менавіта ў гэты момант я атрымаў вельмі моцны ўдар па галаве, у мяне ўсё паплыло, я згубіў прытомнасьць. Потым атрымаў удар з другога боку па галаве… У аўтобусе ў мяне спрабавалі забраць фотаапарат, я яго не аддаў. Там я наогул стаў сябе вельмі цяжка адчуваць, згубіў шмат крыві".

Паводле Алега Ўлевіча, да яго ў шпіталь ўжо прыходзілі міліцыянты. Прадстаўнікі міліцэйскіх прэс-цэнтраў Менгарвыканкаму і МУС. Яны прасілі прабачэньня. А таксама прадстаўнікі міліцыі Маскоўскага раёну Менску. Алег Улевіч ужо напісаў заяву пра сваё зьбіцьцё невядомымі ў цывільным, а міліцыянты заявілі, што будуць шукаць вінаватых у здарэньні.

Штодня побач з Алегам знаходзіцца ягоная сястра Вольга Ўлевіч, яна зьяўляецца намесьніцай галоўнага рэдактара "Камсамольскай праўды ў Беларусі" і так пракаментавала падзеі: "Я лічу, што гэта была дэманстрацыя сілы. І мне, як рэдактару, цяпер нашмат менш сьмеласьці пісаць пра тое, што адбываецца ў краіне. А паколькі да выбараў яшчэ два тыдні, а пісаць мы ўсё роўна будзем, бо гэта наша прафэсія, пісаць пра тое, што адбываецца… А газэт у гэтай краіне засталося наогул зусім мала… Мне крыху страшнавата, бо я нясу адказнасьць за здароўе нашых супрацоўнікаў. Гледзячы на Алега кожны дзень, я разумею, што ніводнага з іх больш не хачу бачыць у шпіталі".
"У нас спрабуюць адабраць прафэсію", - падсумавала Вольга Ўлевіч

Цяпер Вольга пачынае ўсе неабходныя юрыдычныя захады на пошук вінаватых у зьбіцьці: "Алег цяпер узгадвае, што ўсё гэта здымалася на відэакамэру. І справа толькі ў тым, жадаюць улады пакараць вінаватых, альбо не жадаюць”.

У адмысловай заяве з патрабаваньнем знайсьці вінаватых у рэпрэсіях супраць журналістаў “Беларуская асацыяцыя журналістаў нагадала пра тое артыкул 39 закону "Аб друку і іншых СМІ" прадстаўляе журналістам права прысутнічаць у раёнах стыхійнага бедства, аварый і катастроф, ваенных дзеяньняў, мясцовасьцях, дзе абвешчана надзвычайнае становішча, мітынгах, дэманстрацыях, на месцы іншых грамадзка значных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства