viasna on patreon

Каларыстыка ўчастковых камісій Мінска і Мінскага раёна

2010 2010-11-09T16:09:39+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziarz-sciag.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мясцовыя СМІ Мінска і Мінскага раёна аператыўна апублікавалі інфармацыю аб складзе утвораных участковых выбарчых камісій. Хутчэй за ўсіх праінфармаваць грамадскасць здолеў сайт Мінскага райвыканкама, дзе пра склад камісій можна было прачытаць ужо 5 лістапада. Сайт Мінгарвыканкама раніцай 8 лістапада змяшчаў інфармацыйнае паведамленне пра публікацыю ў гарадской газеце “Минский курьер”,  якая ў гэты дзень надрукавала на сваіх старонках склад участковых камісій усіх раёнаў Мінска. Верагодна, розніца ў тэрмінах публікацый у сталіцы і прысталічным раёне была звязаная найперш з розным аб’ёмам інфармацыі, прызначанай для апублікавання. Варта адзначыць, што афіцыйныя СМІ і сайты праінфармавалі пра склад участковых камісій своечасова (згодна з заканадаўствам, яны мусілі гэта зрабіць у сямідзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння). Асобна можна адзначыць толькі мінскую раённую газету “Прысталічча”. На яе сайце ўвогуле няма ні рубрыкі пра выбары Прэзідэнта, ні спасылак на гэтую тэму. Змешчана толькі спасылка на афіцыйны сайт дзеючага кіраўніка дзяржавы. Да таго ж, вельмі актыўная друкуюцца матэрыялы пра вылучэнне на Ўсебеларускі сход. Нават у рубрыцы “Афіцыйна” сайт выдае толькі два загалоўкі – “Сваіх прадстаўнікоў назвалі ветэраны” і “Абраныя дэлегаты ад Мінскага раёна”.

Склад участковых камісій у горадзе Мінску адрозніваецца большым ахопам грамадскіх арганізацый, чым у раёне. У сталічным наваколлі абсалютная большасць сяброў камісій была вылучана альбо ад грамадзян шляхам падачы адпаведнай заявы, альбо ад працоўных калектываў. Прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб’яднанняў толькі час ад часу “разбаўляюць” іхні склад. Такая карціна назіраецца, напрыклад, у раёне Бараўлян, пасёлка Лясны, вёскі Ляскоўка, дзе месціцца многа медычных устаноў, і ў камісіі ўключана шмат работнікаў медыцыны. У пераважнай жа большасці камісій раёна абавязкова, быццам па разнарадцы, прысутнічаюць хоць бы па адным сябру БРСМ, “Белай Русі” і Беларускага саюза жанчын. Да іх часта дадаюцца прадстаўнікі арганізацый ветэранаў, саюзу афіцэраў, Чырвонага Крыжа, Беларускага фонду міра. Вялікая доля ў складзе камісій прыпадае на лаяльныя да ўлады прафсаюзы – найчасцей гэта прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, а таксама работнікаў аграпрамысловага комплексу. Палітычныя партыі амаль не прадстаўлены – у спісе зрэдку мільгае толькі Кампартыя Беларусі.

У камісіях Мінска нашмат менш тых, хто вылучаны ад грамадзян, і значна больш вылучэнцаў ад праўладных грамадскіх аб’яднанняў. Да прадстаўнікоў ужо згаданых вышэй арганізацый у горадзе дадаюцца таксама сябры Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў. Прафсаюз работнікаў АПК змяняецца прафсаюзамі буйных прадпрыемстваў. Акрамя таго, у горадзе большым выглядае  ўплыў некаторых палітычных партый, пераважна левага толку: КПБ, сацыяльна-спартыўнай партыі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Сярод цэлага букету назваў гэтых арганізацый, што заўсёды падтрымліваюць прэзідэнта А.Лукашэнку, як іголка ў стозе сена зрэдчас мільгае назва апазіцыйных партый – АГП альбо партыі “Справядлівы свет”…      

Калі правесці эксперымент -- пакласці перад сабой спісы камісій, замаляваць чырвоным прадстаўнікоў праўладных арганізацый, а зялёным – вылучэнцаў паслухмяных уладзе прафсаюзаў, мы атрымаем наглядную карціну таго, які сапраўдны вынік ужо закладзены ў выбарах. Прынамсі, у Мінску мы атрымаем такія ж прапорцыі колераў, як дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг. Аднак тое, што колер раёна атрымаецца збольшага белым, не гарантуе, што людзі, вылучаныя ў камісіі не ад праўладных арганізацый, будуць працаваць без уплыву ўлады. Якія людзі хаваюцца за фармулёўкамі “ад грамадзян” і “ад працоўных калектываў”, ці здольныя яны выканаюць любы загад улады, ці палічаць галасы выбаршчыкаў сумленна – адказаць адназначна немагчыма.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства