viasna on patreon

Вэтэраны Аўганістану супраць сьледчых па справе Аўтуховіча

2010 2010-11-09T15:46:27+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вэтэраны вайны ў Аўганістане патрабуюць прыцягнуць да адказнасьці сьледчую групу, якая вяла расьсьледаваньне справы Мікалая Аўтуховіча. Адпаведная заява перададзена ў Генэральную пракуратуру 8 лістапада.

Аб гэтым паведаміў праваабаронца Алег Волчак. У заяве адзначаецца, што 8 лютага 2009 году Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў былі арыштаваныя паводле падазрэньня ва ўчыненьні падпалаў маёмасьці былога начальніка Ваўкавыскага РУУС Сяргея Кацубы і мясцовага падатковага інспэктара Сяргея Мандзіка. Зь імі быў таксама арыштаваны былы падатковы інспэктар Уладзімер Асіпенка. "Па інкрымінаваных ім злачынствах у 2005 годзе вінаватыя ўжо былі асуджаныя. Пацярпелыя з новымі заявамі ў праваахоўныя органы ў дачыненьні да названых асоб не зьвярталіся", — гаворыцца ў заяве.

"Падчас сьледзтва затрыманым былі прад'яўленыя новыя абвінавачаньні — падрыхтоўка тэракту супраць старшыні Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту Ўладзімера Саўчанкі і замах на намесьніка міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Васіля Камянко. На падставе прысуду судзьдзі Аляксея Цяцюхіна па гэтых абвінавачаньнях прадпрымальнікі былі апраўданыя: у судзе сталі набыткам галоснасьці факты штучнага стварэньня доказаў абвінавачаньня — прымус сьведак да дачы непраўдзівых паказаньняў, катаваньне ў дачыненьні да затрыманых і подкуп. Таксама судовым сьледзтвам было ўстаноўлена, што сьледчыя незаконна затрымлівалі ні ў чым не вінаватых людзей з мэтай атрыманьня патрэбных сьледзтву паказаньняў пад пагрозай прыцягненьня іх да крымінальнай адказнасьці", — гаворыцца ў заяве.

На думку падпісантаў заявы, гэтыя факты можна расцэньваць як злоўжываньні сьледзтва і адвольныя затрыманьні. Усе гэтыя супрацьпраўныя дзеяньні ажыцьцяўляліся сьледчай групай пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўленьня па раскрыцьці асабліва цяжкіх злачынстваў мінулых гадоў МУС Беларусі Віктара Клачко. У дзеяньнях кіраўніка сьледчай групы і іншых сьледчых бачацца прыкметы злачынстваў, прадугледжаныя артыкуламі 424 і 426 КК (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і перавышэньне ўлады).

На падставе гэтага вэтэраны вайны ў Аўганістане патрабуюць распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да прадстаўнікоў сьледзтва, дзяржаўнага абвінавачаньня і суду, вінаватых у незаконным пазбаўленьні волі Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі.

Заяву падпісалі сустаршыні аргкамітэту па стварэньні Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня вэтэранаў баявых дзеяньняў у Аўганістане "Абаронцы Айчыны" Алег Волчак і Аляксандр Камароўскі, а таксама яшчэ 12 вэтэранаў баявых дзеяньняў у Аўганістане.

Прыгаворы па так званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў былі абвешчаныя ў Вярхоўным судзе Беларусі ў траўні 2010 году. Аўтуховіча прыгаварылі да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму, Асіпенку — да трох гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Яшчэ двое абвінавачваных — былы работнік фірмы Аўтуховіча Аляксандр Ларын і падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў — былі прыгавораныя адпаведна да трох гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму без пазбаўленьня права займаць кіруючыя пасады.

Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўваньні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, Асіпенка і Ларын — у захоўваньні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, Казлоў — у тым, што ведаў аб знаходжаньні на тэрыторыі школы-ліцэя № 1 Гродна гранатамёта, але не паведаміў аб гэтым.

Праваабаронцы лічаць асуджаных па гэтай справе палітзьняволенымі, указваючы на сур'ёзныя працэсуальныя парушэньні, зафіксаваныя ў ходзе суда.

56-гадовы Ўладзімер Асіпенка 8 лістапада быў вызвалены зь івацэвіцкай папраўчай калёніі № 22.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства