viasna on patreon

Каардынатры Хартыі'97 Андрэя Саньнікаў, Людміла Гразнова й Зьміцер Бандарэнка зьвярнуліся ў Офіс АБСЭ ў Менску з афіцыйным лістом на адрас офісу Эбэргарда Хайкэна

2003 2003-04-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сваім пасланьні актывісты Хартыі, якія тыдзень таму выйшлі на свабоду пасьля 15 сутак арышту за арганізацыю Народнага Маршу, просяць супрацоўнікаў АБСЭ наведаць прыёмнік-разьмеркавальнік ГУУС Менгарвыканкаму. У гэтай "установе" адбываюць арышты усе, хто асуджаны паводле артыкулаў Адміністратыўнага Кодэксу, у тым ліку - удзельнікі масавых акцыяў. "Паводле нашых ацэнак, умовы ўтрыманьня ў дадзеным прыёмніку-разьмеркавальніку шмат у чым горшыя, чым у турмах і калёніях Беларусі. Грамадзяне, асуджаныя па адміністратыўных артыкулах, аказваюцца больш бяспраўнымі, чым вязьні, асуджаныя па крымінальных артыкулах", - пішуць палітыкі, прызнаныя пасьля арышту вязьнямі Сумленьня. Тэкст ліста падаем цалкам.
Хартыя'97
Паважаны спадар Хайкен!
Мы, актывісты грамадзянскай ініцыятывы Хартыя'97, зьвяртаемся да Вас з просьбай наведаць адмысловы прыёмнік-разьмеркавальнік Кіраваньня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму (Менск, вул. Акрэсьціна, 36) і абсьледаваць ўмовы ўтрыманьня грамадзянаў, затрыманых да суда і асуджаных паводле артыкулаў Адміністратыўнага Кодэксу РБ.
Паводле нашых ацэнак, умовы ўтрыманьня ў дадзеным прыёмніку-размеркавальніку шмат у чым горшыя, чым у турмах і калёніях Беларусі. Грамадзяне, асуджаныя паводле адміністратыўных артыкулаў, аказваюцца больш бяспраўнымі, чым вязьні, асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў. У гэтым прыёмніку-разьмеркавальніку за гады кіраваньня Лукашэнкі адбылі пакараньні тысячы актывістаў апазыцыі - удзельнікаў масавых акцыяў пратэсту. Пры гэтым мы назіраем небясьпечную тэндэнцыю -- колькасьць абвінаваўчых прысудаў адносна нязгодных з уладаю павялічваецца. Апошнія заявы Лукашэнкі аб узмацненьні ідэалягічнай працы ў краіне сьведчаць - рэпрэсіі будуць узмацняцца.
Офіс АБСЭ, які працуе сёньня ў Менску, зьяўляецца для ўладаў сур'ёзным фактарам, якія перашкаджае разгортваньню шырокамаштабнага перасьледу іншадумцаў. Незалежнае назіраньне за захаваньнем правоў і свабодаў чалавека, галоснасьць, выкрыцьцё парушэнняў у праваабарончай сфэры, увага аўтарытэтных міжнародных арганізацыяў -- як паказвае досьвед, гэта прымушае ўлады рэагаваць.
Просім Вас, спадар Хайкен, давесьці інфармацыю аб умовах утрыманьня вязьняў да адпаведных структураў АБСЭ і паставіць пытаньне аб паляпшэньні гэтых умоваў перад беларускім ўладамі. Гэта можа рэальна дапамагчы людзям, што адбываюць пакараньне за нязгоду з рэжымам Лукашэнкі ва ўмовах, якія інакш як КАРЦЭРАМ назваць нельга. Бо яшчэ сёньня ў засьценках знаходзіцца каля дзесяці чалавек, якія маюць патрэбу ў дапамозе, падтрымцы й салідарнасьці.
Ніжэй прыкладаем сьпіс найбольш жахлівых парушэньняў утрыманьня ў сьценах прыёмніка-разьмеркавальніка:
1. Затрыманым да суда і адміністратыўна асуджаным грамадзянам не паведамляюца іхныя правы. Інфармацыя аб правах асуджаных у камерах не вывешваецца.
2. Тэмпература ў камерах знаходзіцца ніжэй за ўсе належныя нормы- 5-7 градусаў цяпла. Летам камеры награваюцца да 30-35 градусаў.
3. Адсутнічае мэдычны агляд пры паступленьні. Хворыя на сухоты, пэдыкулёз, часотку, псыхічна хворыя знаходзяцца ў агульных камерах. Туды ж зьмяшчаюцца людзі пасьля доўгіх запояў, у якіх бываюць выпады агрэсіі і неадэкватных паводзінаў.
4. Зьняволеныя пазбаўленыя шпацыраў на сьвежым паветры. Пры гэтым у камерах адсутнічае нармальная вэнтыляцыя.
5. Не дазваляецца тэлефанаваць. Многія зьняволеныя ня могуць паведаміць родным, дзе яны знаходзяцца.
6. Цьмянае асьвятленьне ў камеры амаль не дазваляе нармальна існаваць і шкодзіць зроку арыштанта.
7. Якасьць і колькасьць ежы для зьняволеных не вытрымлівае ніякай крытыкі.
8. Спаць зьняволеным даводзіцца на голых дошках - у камерах няма ні падушак, ні коўдраў, ні пасьцельнай бялізны.
9. У камерах няма радыё й тэлевізара, у арыштаваных канфіскоўваюцца гадзіньнікі і прылады для пісьма. Зьняволеныя пазбаўленыя права на перапіску.
Асобна зьвяртаем увагу на тое, што ў камерах вядзецца схаванае відэаназіраньне, пра якое зьняволеных не папярэджваюць. Несанкцыянаваная відэазьёмка вядзецца круглыя суткі, у тым ліку ў камерах, дзе ўтрымліваюцца жанчыны. Дзяжураць каля відэакамераў выключна мужчыны.
Менск
02.04.2003 году
З павагаю, каардынатары Хартыі'97
Андрэй Саньнікаў, Людміла Гразнова, Зьміцер Бандарэнка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства