viasna on patreon

Скандальныя вынікі праверкі подпісаў у Салігорску: прызнаны несапраўднымі подпісы за вылучэнне Міхалевіча, Някляева, Саннікава і Уса

2010 2010-11-09T10:23:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saligorsk-tvk-podposy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8-га лістапада адбылося паседжанне Салігорскага выбаркаму, на якім былі агучаны вынікі праверкі сапраўднасці подпісаў выбарцаў у падтрымку патэнцыяльных кандыдатаў. Па выніках праверкі подпісы толькі пяці з дзевяці прэтэндэнтаў былі прызнаны сапраўднымі. З 3534 подпісаў, здадзеных за Віктара Цярэшчанку, забракавана было 12,49%, і ў выніку засталося 3446 подпісаў. За Аляксандра Лукашэнку было здадзена 9206 подпісаў: з іх забракавана ўсяго толькі два. У Мікалая Статкевіча з 1269 несапраўднымі было прызнана 37 подпісаў, што склала 14,74% ад колькасці, вызначанай для праверкі, і засталося 1218. Усе подпісы за вылучэнне Віталя Рымашэўскага Салігорскім выбаркамам былі прызнаны сапраўднымі, праўда, было іх усяго 59. У Яраслава Раманчука праверка подпісаў выявіла толькі 2,6% несапраўдных, і ў выніку з 4130 былі прыняты 4108 подпісаў.

Сенсацыяй жа сталася прызнанне несапраўднымі па Салігорскім раёне подпісаў моцных прэтэндэнтаў. З 2590 подпісаў за Алеся Міхалевіч агулам пасля двух праверак 18,92% былі прызнаны несапраўднымі, што перавышае 15%-ы бар'ер. У выніку ўсе подпісы былі прызнаны несапраўднымі. Аналагічная сітуацыя з подпісамі Уладзіміра Някляева: пасля паўторнай праверкі 16% ад 6290 подпісаў былі прызнаны несапраўднымі і, адпаведна, усе подпісы былі зняты. У Андрэя Саннікава з 3592 подпісаў забракавалі болей за 20%, што таксама азначае скасаванне ўсіх сабраных па салігоршчыне подпісаў. Былі скасаваныя і 323 подпісы за Дзмітрыя Уса, сярод якіх выявілі больш за 15% несапраўдных.

Аднак казаць пра адпаведнасць гэтых вынікаў рэчаіснасці мясцовыя назіральнікі не могуць, паколькі працэс праверкі подпісаў адбываўся ў таямніцы ад іх. Нягледзячы на неаднаразавыя афіцыйныя звароты ў Салігорскую раённую камісію па выбарах, назіральніка ад БХК ніводнага разу не запрасілі на працэс праверкі подпісаў. Былі праігнараваныя і адпаведныя звароты членаў ініцыятыўнай групы Уладзімера Някляева.

Праваабаронца Леанід Мархотка, якога запрасілі толькі на выніковае паседжанне па агучванню канчатковых лічбаў, адзначае закрытасць дадазенага этапу выбараў:

- На выніковым паседжанні я зрабіў заяву аб прадстаўленні мне для азнаямлення матэрыялаў праверкі, бо падчас працы камісіі па праверцы подпісаў прысутнічаць мне магчымасці не далі. Гэтае пытанне двойчы ставілася на галасаванне і абодва разы яго адзінагалосна адхілялі. Ключавы этап выбараў па праверцы подпісаў адбываўся не адкрыта і не галосна, што наўпрост парушае артыкул 13 Выбарчага кодэкса.

Просьбу прадставіць магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах праваабаронца перадаў у Салігорскую выбарчую камісію таксама ў пісьмовым выглядзе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства