viasna on patreon

Праверка подпісаў паказала… (звесткі з рэгіёнаў)

2010 2010-11-07T23:44:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/papery.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Слуцк: Дадаткова правяраліся подпісы за вылучэнне Цярэшчанкі і Рымашэўскага

На паседжанні Слуцкай раённай выбарчай камісіі 5 лістапада былі агучаны вынікі праверкі падпісных лістоў, здадзеных ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку васьмі прэтэндэнтаў у кандыдаты на пост прэзідэнта.

Больш за ўсё працы Слуцкай раённай камісіі дала ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, якая здала 12 852 подпісаў. З 2570 подпісаў, правераных камісіяй, несапраўднымі былі прызнаны 12, што складае 0,5 %. Былі выяўлены выпадкі, калі подпісы ў падтрымку Лукашэнкі ставілі жонка за мужа, маці за дачку.

Ініцыятыўная група Уладзіміра Некляева здала 1627 подпісаў, з якіх 1610 былі прызнаны сапраўднымі. У Яраслава Раманчука Слуцкая раённая камісія забракавала 16 подпісаў, і ў выніку 1408 прызнаны сапраўднымі. У “скарбонцы” Алеся Міхалевіча - 1341 подпіс случчан. Рыгор Костусев заручыўся падтрымкай 1179  слуцкіх выбаршчыкаў. З 1006 подпісаў у падтрымку вылучэння Андрэя Саннікава тэст на сапраўднасць прайшлі 997.

Дадатковай праверцы былі падвергнуты подпісы ў падтрымку Віктара Цярэшчанкі. У выніку з 17 паступіўшых подпісаў адна была прызнана несапраўднай. Таксама на паседжанні дадаткова правяраліся подпісы ў падтрымку Віталя Рымашэўскага: 40 подпісаў з 42 камісія злічыла сапраўднымі.

На паседжанні Слуцкай РВК прысутнічалі двое назіральнікаў і журналіст рэгіянальнай газеты “Інфа-Кур’ер”.

 

Пінск: Не адбракаваны подпісы толькі за Някляева

6 лістапада адбылося паседжанне Пінскай гарадской камісіі по выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паводле інфармацыі, агучанай старшынём камісіі, толькі ва Уладзіміра Някляева ўсе здадзеныя подпісы аказаліся сапраўднымі, у іншых прэтэндэнтаў пэўная колькасць подпісаў не вытрымала праверкі: нават у дзеючага кіраўніка дзяржавы, Аляксандра Лукашэнкі знайшлі 13 несапраўдных подпісаў. У Алеся Міхалевіча каля 2% подпісаў прызналі несапраўднымі, у Рыгора Кастусёва больш за 14 % подпісаў адбракавалі. Асноўныя памылкі – гэта неправільна аформленыя самімі зборшчыкамі падпісныя лісты.  Некалькі пінчукоў напісалі заявы ў выбаркам аб прызнанні іх подпісаў несапраўднымі, у асноўным гэта тычылася  Уладзіміра Цярэшчанкі.

На паседжанні Пінскай ТВК прысутнічаў назіральнік Віктар Ярашук, якога загадзя запрасілі на паседжанне, дзе былі агучаны вынікі праверкі подпісаў. Спадар Ярашук адзначыў, што яму была дадзеня ўся цікавіўшая яго інфармацыя.

 

Бялынічы: За Міхалевіча будуць подпісы правяраць дадаткова

7 лістапада ў гарадскім пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці адбылося пазачарговае паседжанне раённай камісіі па выбарах прэзідэнта. Неабходнасць яго правядзення тлумачылася тым, што падчас праверкі подпісаў выбаршчыкаў, аддадзеных у падтрымку Алеся Міхалевіча ў Бялыніцкім раёне, колькасць несапраўдных подпісаў перавысіла 15 %.

Вылучэнне Алеся Міхалевіча ў Бялыніцкім раёне падтрымалі 65 выбаршчыкаў. Падчас папярэдняга пасяджэння Бялыніцкай раённай камісіі, якое прайшло 30 кастрычніка, для праверкі былі адабраны чатыры падпісныя лісты з 13 подпісамі выбаршчыкаў, што склала 20 % ад агульнай колькасці пададзеных подпісаў.

Падчас праверкі подпісаў, якую праводзілі члены камісіі Таццяна Балдушэўская і Лідзія Пруднікава з дапамогай спецыяліста пашпартна-візавай службы Ігнатовіч, высветлілася, што ў адным з падпісных лістоў маюцца два несапраўдныя подпісы, аддадзеныя людзьмі, якія не пражываюць па ўказаных у падпісных лістах адрасах, што склала 15,4 % ад агульнай колькасці подпісаў, адабраных для праверкі. На пасяджэнні камісіі 7 лістапада было вырашана адабраць для праверкі яшчэ 10 подпісаў, аддадзеных у падтрымку Алеся Міхалевіча ў Бялыніцкім раёне. Праверка подпісаў павінна ажыццяўляцца 7 і 8 лістапада.

8 лістапада зранку адбудзецца паседжанне Бялыніцкай раённай камісіі, на якім будуць падведзены вынікі праверкі подпісаў, аддадзеных за ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты ў Бялыніцкім раёне.

Нагадаем, што ўсяго ў Бялыніцкую раённую камісію паступілі падпісныя лісты ад сяброў ініцыятыўных груп шасці прэтэндэнтаў: Рыгора Кастусёва, Аляксандра Лукашэнкі, Алеся Міхалевіча, Віталія Рымашэўскага і Андрэя Саннікава.

 

Драгічын: Несапраўдныя подпісы – толькі ў Лукашэнкі

Па колькасці сабраных подпісаў у Драгічынскім раёне лідзіруе Аляксандр Лукашэнка -- за яго іх сабрана каля 9 тысяч. Аднак пры праверцы высветлілася, што падпісныя лісты за вылучэнне дзеючага кіраўніка дзяржавы ўтрымліваюць недахопы, і ў выніку праверкі былі забракаваны 6 подпісаў.

Не забракаваны ніводзін подпіс у падпісных лістах за вылучэнне Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава і Рыгора Кастусёва: подпісы сабраны акуратна, ніхто з падпісантаў пры праверцы не адмовіўся ад свайго подпісу.

Супрацоўнікаў райвыканкама найбольш здзіўляла тое, што за Някляева падпісаліся аж  348 чалавек: відаць, яны не чакалі такога ад сваіх людзей.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства