Выбары Прэзідэнта: папярэдняя справаздача па выніках назірання за фарміраваннем участковых выбарчых камісій

2010 2010-11-05T11:17:22+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

 

1. 3 лістапада скончылася фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій (УВК) – аднаго з ключавых механізмаў выбарчага працэсу, які непасрэдна ажыццяўляе арганізацыю галасавання і падлік галасоў.

2. Некаторыя пазітыўныя новаўвядзенні ў выбарчым заканадаўстве ў студзені 2010 года)[1] не змянілі сутнасць працэсу фарміравання УВК: татальны кантроль з боку выканкамаў, якія з’яўляюцца часткай уладнай «вертыкалі» дзеючага Прэзідэнта.

3. З 84 084 прадстаўнікоў, вылучаных у склад 6 346 УВК палітычнымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі, працоўнымі калектывамі і групамі грамадзян, толькі 1 073 вылучаліся апазіцыйнымі палітычнымі партыямі. Вылучэнне астатніх кандыдатур адбывалася пад кіраўніцтвам мясцовых уладаў, якія вызначалі адпаведныя «квоты» для прадпрыемстваў і ўстановаў і ўзгаднялі прапанаваныя кандыдатуры яшчэ да заканчэння працэсу вылучэння прадстаўнікоў.

4. Пасяджэнні выканкамаў і мясцовых адміністрацый па фарміраванню УВК (з 1 па 3 лістапада) адбываліся ва ўмовах адноснай адкрытасці для назіральнікаў, але мелі выключна фармальны характар. У большасці выпадкаў яны зводзіліся да хуткага і безальтэрнатыўнага зацвярджэння спісаў складу камісій, падрыхтаваных напярэдадні пасяджэнняў у закрытым рэжыме.

5. Відавочна дыскрымінацыйнае стаўленне выканкамаў да прадстаўнікоў ад апазіцыйных партый: з 1 073 прадстаўнікоў ад гэтых партый у склад УВК увайшлі толькі 183 чалавекі, ці 17,1%. У той жа самы час сярэднестатыстычная «праходнасць» прадстаўнікоў у склад УВК склала 84,3% (70 815 чалавек з 84 024 прэтэндэнтаў); прадстаўнікоў ад лаяльных уладзе партый – 87,7% (1 586 з 1808), а прадстаўнікоў ад 4 буйнейшых праўрадавых грамадскіх аб’яднанняў і 1 такога ж прафсаюза – 93,2% (23 689 з 25 419).

6. У выніку прадстаўнікі апазіцыйных партый складаюць 0,25% ад агульнай колькасці сяброў сфарміраваных УВК і будуць прадстаўлены менш чым ў 3% участковых выбарчых камісій. Гэта пазбаўляе іх эфектыўнай магчымасці ўплываць на працу камісій і, адпаведна, на ключавы момант выбараў – арганізацыю галасавання і падліку галасоў.   

7. Большасць з сяброў створаных УВК хаця б аднойчы былі ў складзе УВК на мінулых мясцовых, парламенцкіх ці прэзідэнцкіх выбарах, якія не з’яўляліся ні свабоднымі, ні справядлівымі.

8. Па дадзеным кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», пададзены 77 скаргаў на рашэнні выканкамаў аб фарміраванні УВК. Адсутнасць крытэрыяў, якім павінны адпавядаць сябры УВК, фармальны разгляд скаргаў судамі і той факт, што ні адна са скаргаў на неўключэнне ў склад ТВК не была задаволена, робяць абскарджанне неэфектыўным інструментам забеспячэння справядлівасці выбарчага працэсу.

9. Такім чынам, працэс фарміравання УВК практычна нічым не адрозніваўся ад працэсу фарміравання ТВК. З пункту гледжання адпаведнасці нацыянальнаму заканадаўству, ён адбываўся ў цэлым без значных парушэнняў, але яго вынік не дазваляе лічыць створаныя УВК бесстароннімі і неперадузятымі.    

 


[1] Абмежаванне колькасці дзяржаўных служачых ў складзе камісій, гарантыя ўключэння ў склад камісіі не менш за траціну прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама магчымасць судовага абскарджання рашэнняў аб утварэнні камісій.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international