viasna on patreon

У МЕНСКУ ЗАТРЫМАНЫЯ І ЗЬБІТЫЯ ПРЫХІЛЬНІКІ АЛЯКСАНДРА КАЗУЛІНА І ЖУРНАЛІСТЫ

2006 2006-03-02T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каля 60 чалавек затрымалі сёньня ў Менску супрацоўнікі праваахоўных органаў і сьпецслужбаў.
Міліцыянты затрымалі каля ўправы міліцыі Кастрычніцкага раёну Менска, дзе цяпер знаходзіцца Аляксандар Казулін, актывістаў яго перадвыбарчага штабу, а таксама фотакарэспандэнтаў газэты 'Наша ніва' Юлію Дарашкевіч, агенцтваў "Associated Press" Сяргея Грыца і "Reuters" Васіля Фядосенку.
У карэспандэнтаў забралі фотакамэры. Празь нейкі час іх адпусьцілі.
Юлія Дарашкевіч паведаміла Радыё Свабода, што каля пастарунку міліцыі гучалі стрэлы.
Асобы ў цывільным стралялі па машыне.

Яшчэ 11 актывістаў штабу Аляксандра Казуліна і фотакарэспандэнта 'Белгазэты' Дзьмітрыя Брушко адвезьлі ва ўправу міліцыі Ленінскага раёну. Падчас затрыманьня міліцыянты моцна зьбілі двух актывістаў каманды Казуліна. У Івана Лабачова паламаныя рэбры, а Ўладзімеру Севярыну акрамя рэбраў яшчэ разьбілі галаву.

Зьбіты і затрыманы карэспандэнт 'Камсамольскай правды' Алег Улевіч ды супрацоўнік прэсавай службы Казуліна Андрэй Максімаў.

Да зьбітага Аляксандра Казуліна не пусьцілі ягоную жонку і дачок, а толькі адваката Дзьмітрыя Гарачка. Да яго ў пастарунак была выкліканая хуткая дапамога. Як паведаміла дачка спадара Казуліна Юлія, празь нейкі час лекары выйшлі, але нічога не сказалі пра тое, як адчувае сябе кандыдат на прэзыдэнта. Толькі далі зразумець яго родным, што з Аляксандрам Казуліным нібыта ўсё добра.

Цяпер жонка Казуліна Ірына разам з дочкамі знаходзяцца у памочніка генэральнага пракурора Беларусі, дзе пішуць заяву з патрабаваньнем неадкладна вызваліць свайго бацьку і мужа.

Зьбіты падчас інцыдэнту ў Палацу культуры чыгуначнікаў тэлеапэратар агенцтва "Reuters" Дзьмітры Мадорскі, знаходзіцца ў 10 шпіталі Менска. У яго пашкоджанае вока.

Тым часам камандзір спэцназу МУС Дзьмітры Паўлічэнка, які зьбіваў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна заявіў агенцтву "Інтэрфакс", што той яго абразіў. Таму Паўлічэнка 'пагаварыў з Казуліным па-мужчынску'.

З заявай салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным выступіў кандыдат на прэзыдэнта ад аб'яднай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Казуліна Мечыслаў Грыб накіраваў на імя генпракурора Пятра Міклашэвіча, міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава і старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, а таксама ў прадстаўніцтва АБСЭ, у місію назіральнікаў СНД і ў замежныя амбасады ліст.
У ім спадар Грыб патрабуе неадкладна завесьці крымінальную справу па факце 'бандыцкага нападу на кандыдата ў прэзыдэнты' і вызваліць Аляксандра Казуліна. Мечыслаў Грыб таксама заклікаў праваахоўчыя структуры 'абараніць грамадзянаў ад дзеяньняў некантраляваных бандыцкіх фармаваньняў', а міжнародную супольнасьць адрэагаваць, на тое, што адбываецца сёньня ў Менску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства