Выбары Прэзідэнта: тыднёвы аналітычны агляд (25-31 кастрычніка)

2010 2010-11-02T12:37:44+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

1. Вылучэнне кандыдатаў у склад 6 346 участковых выбарчых камісій (УВК) на тэрыторыі Беларусі, якое скончылася 31 кастрычніка, было аналагічным вылучэнню ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК): нязначная колькасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый (каля 1 000 з 84 024) і татальны кантроль мясцовых уладаў над вылучэннем астатніх кандыдатаў незалежна ад спосабу іх вылучэння.

2. ТВК адмаўляюць назіральнікам у магчымасці назіраць за працэсам праверкі сапраўднасці подпісаў, сабраных у падтрымку прэтэндэнтаў, што ў спалучэнні з фіксаваннем ТВК толькі колькасці здадзеных падпісных лістоў (без дакладнага падліку колькасці здадзеных подпісаў) не выключае магчымасці маніпуляцый з колькасцю як здадзеных подпісаў, так і подпісаў, якія будуць прызнанымі сапраўднымі.  

3. З 238 скаргаў, складзеных з дапамогай юрыстаў кампаніі, па стане на 31 кастрычніка задаволеныя толькі 9 (наконт рашэнняў выканкамаў аб месцах, забароненых для правядзення пікетаў па збору подпісаў). Цэнтральная і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не задаволілі ніводнай скаргі на парушэнні выбарчага заканадаўства інцыятыўнай групай Аляксандра Лукашэнкі.

4. Шанцы на працяг удзелу ў выбарчай кампаніі маюць 11 прэтэндэнтаў, якія здалі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі больш за 100 000 подпісаў.

 

I. ФАРМІРАВАННЕ участковых выбарчых камісій

У адпаведнасці з ч. 7 арт. 34 Выбарчага кодэкса, участковыя выбарчыя камісіі (УВК) утвараюцца раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі, а ў гарадах з раённым дзяленнем – мясцовымі адміністрацыямі ў складзе 5-19 сяброў камісіі. Згодна з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, вылучэнне прадстаўнікоў у склад УВК і прадстаўленне адпаведных дакументаў у органы, якія іх ўтвараюць, павінна адбывацца не пазней за 31 кастрычніка ўключна, а ўтварэнне УВК – не пазней за 3 лістапада ўключна.

Вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад УВК могуць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні (кіруючыя органы іх структурных арганізацыйных структур), працоўныя калектывы і грамадзяне, якія маюць права накіраваць свайго прадстаўніка ў склад участковай камісіі. Заява аб такім накіраванні павінна быць падпісана не менш чым 10 грамадзянамі, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на тэрыторыі ўчастка для галасавання.

Усяго, паводле інфармацыі ЦВК, будзе ўтворана 6 390 участковых камісій, у тым ліку, 280 – у стацыянарных лячэбных і лячэбна-прафілактычных установах, 52 – у  вайсковых часцях, і 44 – у дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой.

Апазіцыйныя палітычныя партыі і рухі вылучылі каля 1 000 сваіх прадстаўнікоў у склад УВК, пры гэтым некаторая частка кандыдатаў была вылучана шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Усяго, па дадзеных ЦВК, у склад 6 346 УВК, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, былі вылучаны 84 024 кандыдаты.     

Інфармацыя, якой валодаюць назіральнікі, дае падставы меркаваць, што ў некаторых населеных пунктах склад УВК быў зацвержданы яшчэ да сканчэння тэрміна вылучэння кандыдатаў у камісіі (31 кастрычніка). Напрыклад, пры сустрэчы назіральніка Мікалая Петрушэнкі з дырэктарам Коханаўскага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Міхаілам Гаўрычэнкам, якая адбылася 14 кастрычніка, апошні заявіў, што будзе старшынёй камісіі ўчастка для галасавання № 24 у г.п. Коханава (Талачынскі р-н Віцебскай вобласці). 21 кастрычніка ў Аршанскім гарвыканкаме на нарадзе, прысвечанай фарміраванню ўчастковых камісій, старшыня гарвыканкама Мікалай Лісоўскі  паведаміў, што на ўсіх участках камісіі ўжо гатовыя.

У г. Магілёве на дошцы аб’яваў у Ленінскім райвыканкаме размясцілі аб’яву аб разнарадцы для ўстаноў і прадпрыемстваў горада, куды і колькі накіраваць чалавек для ўключэння ў склад участковых выбарчых камісій.

 

II. ЗБОР ПОДПІСАЎ

29 кастрычніка завяршыўся перыяд збору подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў ў Прэзідэнты.

Да апошяга дня тэрміну збору подпісаў назіральнікі фіксавалі факты парушэння адміністрацыямі прадпрыемстваў і ўстаноў выбарчага заканадаўства аб парадку збору подпісаў выбаршчыкаў, згодна з якім «не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацый ў зборы подпісаў выбаршчыкаў у працоўны час, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў». Так, у г.п. Глуску (Магілёўская вобласць) сябра ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі, намеснік галоўнага ўрача раённай бальніцы А. Дзядзюля збіраў подпісы ў падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы на працоўным месцы ў працоўны час. Кіраўніцтва прадпрыемства «Мастоўская райсельгастэхніка» (Гродзенская вобласць) збіралі подпісы за вылучэнне А. Лукашэнкі таксама ў працоўны час, прычым у падпісныя лісты папярэдне былі ўнесеныя ўсе звесткі працаўнікоў.

Назіральнікі адзначаюць асобныя выпадкі ціску на сяброў ініцыятыўных груп у сувязі са здачай подпісаў. Так, згодна з паведамленнем каардынатара ініцыятыўнай групы У. Някляева па Слуцку і Слуцкім раёне (Мінская вобласць) Анатоля Юрэвіча, адзін з сяброў ініцыятыўнай групы адмовіўся здаваць у Слуцкую раённую выбарчую камісію ўжо запоўненыя ім падпісныя лісты з прычыны ціску на яго з боку дырэктара сярэдняй школы, у якой ён працуе настаўнікам. Па словах каардынатара ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса ў Баранавічах Яраслава Грышчэні, 29 кастрычніка яму патэлефанавала невядомая асоба, якая прыгразіла, што ён не павінен здаваць сабраныя подпісы, калі хоча спакойна жыць у краіне.

Парадак прыёму падпісных лістоў тэрытарыяльнымі камісіямі рэгулююць метадычныя рэкамендацыі Цэнтрвыбаркама[1], згодна з якімі ў журнале ўваходных дакументаў фіксуецца толькі колькасць падпісных лістоў, а не колькасць подпісаў: «пералік колькасці зданых падпісных лістоў робіцца адным з сяброў камісіі да ўнясення запісу ў журнал уваходных дакументаў. Выдача даведак аб прыёме падпісных лістоў Выбарчым кодэксам не прадугледжана». Такім чынам, дзеючая працэдура не выключае магчымасці маніпуляцый з колькасцю здадзеных подпісаў.

Назіральнікі таксама адзначаюць выпадкі адмовы ТВК прымаць лісты з подпісамі, якія былі сабраныя не тымі асобамі, што здавалі лісты. Напрыклад, Свіслацкая раённая ТВК (Гродзенская вобласць) адмовіліся прымаць подпісы ў падтрымку вылучэння Р. Кастусёва ад сябра яго ініцыятыўнай групы Анатоля Валюка, матывуючы сваю адмову тым, што ён прынёс не толькі свае подпісы. Толькі пасля звароту А. Валюка у ЦВК, старшыня камісіі папрасіла яго прынесці подпісы і прыняла іх.

На працягу дзесяці дзён з моманту заканчэння збору подпісаў ТВК будуць ажыццяўляць праверку іх сапраўднасці. У сувязі з гэтым сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў: «некаторыя з патэнцыйных кандыдатаў па-свойму зразумелі ліберальны падыход Цэнтрвыбаркама да працэсу збору подпісаў. Ёсць верагоднасць, што некаторыя для пераадолення жаданай мяжы ў 100 тысяч выкарысталі розныя базы дадзеных аб насельніцтве Беларусі для запаўнення падпісных лістоў»[2].

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічыць, што праверка сапраўднасці подпісаў павінна праходзіць максімальна транспарэнтна, у прысутнасці зацікаўленых прэтэндэнтаў, іх давераных асоб і назіральнікаў. Аднак ТВК амаль паўсюдна адмаўляюць назіральнікам у магчымасці назіраць за працэсам праверкі подпісаў, спасылаючыся на тое, што магчымасць назірання за правркай подпісаў не пазначаная у Выбарчым кодэксе. Напрыклад, адмову назіральнікам у магчымасці прысутнічаць пры праверцы сапраўднасці подпісаў старшыня Барысаўскай ТВК Васіль Бараннік матываваў так: «артыкулам 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь не прадугледжана права назіральнікаў назіраць за працэдурай праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах, здадзеных сябрамі ініцыятыўных груп». ТВК Ленінскага раёна г. Гродна і ТВК Гродзенскага раёна адмовілі назіральнікам з тае прычыны, што «ўдзел назіральнікаў у праверцы сябрамі раённай камісіі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах заканадаўствам не прадугледжаны». Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” лічыць, што сваімі адказамі ТВК уводзяць дадтковыя абмежаванні правоў назіральнікаў у параўнанні з вычарпальным спісам гэтых абмежаванняў, што ўтрымліваецца ў арт. 13 Выбарчага кодэкса. 

Адзінаццаць чалавек – Рыгор Кастусёў, Аляксандр Лукашэнка, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Правальскі, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Ус, Віктар Цярэшчанка – здалі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі больш за 100 000 подпісаў выбаршчыкаў. Тры прэтэндэнты – Сяргей  Гайдукевіч, Юры Глушакоў і Сяргей Рыжоў – напісалі  афіцыйныя заявы аб адмове ад удзелу ў выбарах. Яшчэ тры прэтэндэнты – Пётр Барысаў, Сяргей Іваноў і Іван Кулікоў – не здалі подпісаў ў тэрытарыяльныя камісіі.

 

III. ЗАЯВЫ І СКАРГІ, ЗВЯЗАНЫЯ З ВЫБАРАМІ

У выбарчыя камісіі розных узроўняў і іншыя дзяржаўныя органы працягваюць паступаць скаргі ад грамадзянаў і іншых суб'ектаў выбарчага працэсу (палітычных партый, сяброў ініцыятыўных груп). Ад пачатку выбарчай кампаніі толькі з дапамогай юрыстаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» былі пададзены 238 скаргаў, з якіх па стане на 31 кастрычніка задаволены толькі 9 (3,8%) – некаторыя з тых, што тычыліся рашэнняў мясцовых выканкамаў аб месцах, дзе забаронены пікеты па зборы подпісаў.

Асноўная колькасць скаргаў датычылася фактаў парушэнняў выбарчага заканадаўства сябрамі ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі, удзелу адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў у яго падтрымку і ўдзелу ў зборы подпісаў за А. Лукашэнку асобамі, якія не з’яўляюцца сябрамі яго ініцыятыўнай групы. Як і раней, ЦВК і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, не знаходзіць парушэнняў у дзеяннях ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі.

27 кастрычніка 2010 года ЦВК разгледзела скаргу Валянціна Стэфановіча па факце публікацыі на сайце «Еўрапейскага радыё для Беларусі» графіка ўдзелу ў пікеце па зборы подпісаў у падтрымку А. Лукашэнкі, які быў складзены і распаўсюджаны па адукацыйных установах Ленінскага р-на г. Мінска. Пад дадзеным графікам было пазначана прозвішча кіраўніка аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы Упраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага р-на Анжэлы Насковай. На сайце «Еўрарадыё» таксама было змешчана інтэрв’ю з А. Насковай, у якім апошняя пацвердзіла, што давяла названы дакумент да адукацыйных устаноў, падначаленых Упраўленню. Па словах Насковай, яна распрацавала яго па ўказанні выбарчага штаба А. Лукашэнкі.

Паводле ЦВК, дадзеныя факты сведчаць пра перавышэнне службовых паўнамоцтваў з боку А. Насковай, у сувязі з чым ЦВК звярнулася да старшыні адміністрацыі Ленінскага р-на г. Мінска з просьбай разгледзіць пытанне аб прыцягненні А. Насковай да дысцыплінарнай адказнасці. У той жа час ЦВК не ўгледзела ў дадзенай сітуацыі парушэння арт. 61 Выбарчага кодэкса паколькі «А. Наскова не кіруе ўказанымі ў графіку ўстановамі адукацыі і ў гэты перыяд у працоўным адпачынку, а ў графіку ў ліку прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, якія праводзілі пікет па зборы подпісаў, указаныя толькі сябры ініцыятыўнай групы». Такім чынам ЦВК не знайшла падставаў для вынясення папярэджання ініцыятыўнай групе А. Лукашэнкі.

Не знайшла парушэнняў Выбарчага кодэкса і Мінская гарадская камісія пры разглядзе скаргі Мікіты Краснова і Вячаслава Дыянава па факце збору подпісаў у падтрымку А. Лукашэнкі асобамі, якія не з’яўляюцца сябрамі яго ініцыятыўнай групы падчас пікетаў, якія адбываліся 6 кастрычніка каля ГУМа і «Дома мэблі» па вуліцы В. Харужай у Мінску. Факт збору подпісаў быў устаноўлены падчас разгляду дадзенай скаргі. Гэты факт не адмаўлялі і сябры ініцыятыўнай групы А. Хмыль і Г. Атаманаў, якія «курыравалі» дадзеныя пікеты. Аднак, па іх словах, дадзеныя выбаршчыкаў уносіліся ў падпісныя лісты «па просьбе выбаршчыкаў». Мінская гарадская камісія вырашыла азнаёміць з вынікам разгляду скаргі мінскія раённыя камісіі, якія будуць ажыцяўляць праверку сабраных А. Хмылём і Г. Атаманавым подпісаў. З вынікамі праверкі была азнаёмлена ЦВК, сакратар якой Мікалай Лазавік заявіў: «Запаўняць падпісны ліст, пісаць прозвішча, імя і імя па бацьку, пашпартныя дадзеныя мае права і памочнік сябра ініцыятыўнай групы».

Такім чынам, сакратар ЦВК прыўнёс у выбарчыя працэдуры непрадугледжанае заканадаўствам паняцце «памочнік сябра ініцыятыўнай групы» і надзяліў яго насуперак заканадаўству пэўнымі паўнамоцтвамі. Такая трактоўка супярэчыць Выбарчаму кодэксу, які ўстанаўлівае імператыўнае патрабаванне аб зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты (дэпутаты) выключна сябрамі ініцыятыўных груп. ВК не толькі не прадугледжвае дэлегаванне трэцім асобам паўнамоцтваў сябра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў, але і абавязвае выбарчыя камісіі прызнаваць несапраўднымі ўсе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі яны былі сабраныя асобай, якая не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы (п. 8 арт. 16 ВК).

Найбольш паказальным у плане стаўлення выбарчых камісій да скаргаў на дзеянні ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі з’яўляецца адказ ЦВК на скаргу Ў. Някляева ад 25 кастрычніка. У скарзе прыводзіліся шматлікія факты збору подпісаў людзьмі, якія не ўваходзяць у ініцыятыўную групу А. Лукашэнкі, збору подпісаў ў месцах, дзе гэта забаронена заканадаўствам. ЦВК лічыць, што інфармацыя, выкладзеная ў скарзе, “альбо носіць агульны характар і праверыць яе немагчыма, альбо не знайшла свайго пацьверджаньня ў ходзе праведзеных праверак”.

 

_________________________________________________________________________

Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://belhelcom.org).



[1] Методические рекомендации. Организационно-правовые вопросы подготовки и проведения выборов Президента Республики Беларусь в 2010 году (постановление Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов № 43 от 15 верасня 2010 года).

[2] www.belta.by.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international