viasna on patreon

Моладзь змагаецца з рэжымам: новыя графіці зьяўляюцца штодзённа ў розных рэгіёнах Беларусі

2006 2006-03-01T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларуская моладзь з дапамогай вулічных графіці працягвае выказваць свой рашучы пратэст супраць пануючай у краіне дыктатуры. Апошнім часам на фасадах дамоў у сталіцы і іншых гарадах Беларусі зьяўляецца шмат надпісаў палітычнага зьместу. На цэнтральных вуліцах гарадоў пачалося больш пільнае патруляваньне. Міліцыі ўдалося затрымаць некалькіх актывістаў з розных моладзевых рухаў. У выніку распачатыя крымінальныя справы. Нягледзячы на гэта, палітычныя графіці робяцца масавай зьявай, паведаміла Радыё Свабода.

Графіці палітычнага зьместу зьяўляюцца штодня. Актывіст незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт» Артур Фінькевіч знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары за надпісы: “Мы хочам новага!” і “Достал!”. Яго затрымалі разам з Аляксеем Янушэўскім. З Аляксея ўзялі падпіску пра нявыезд. Хлопцаў абвінавацілі ў злосным хуліганстве.

Артыкул за графіці не прадугледжвае знаходжаньня пад вартай. Паплечнікі Артура і Аляксея лічаць, што ўлады наўмысна не ўжываюць палітычных артыкулаў супраць маладых апазыцыянэраў, каб грамадзкая сьвядомасьць успрымала іх як звычайных хуліганаў.

9 сакавіка ў Цэнтральным судзе пачнуць судзіць за графіці актывістаў супраціву “Зубр” з Барысава Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра. Хлопцаў затрымалі ўначы 28 сьнежня пасьля таго, як яны зрабілі надпісы на будынку Цэнтральнага суду. Іх абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня.

Нягледзячы на судовы перасьлед, жадаючых рабіць палітычныя графіці становіцца ўсё болей.

“Нягледзячы на ўсе крымінальныя справы, сябры розных моладзевых рухаў будуць працягваць рабіць графіці, распаўсюджваць інфармацыю, вывешваць расьцяжкі – працягваць барацьбу за вольную дэмакратычную Беларусь,” – сказала «Радыё Свабода» актывістка супраціву “Зубр” Кацярына Ляскавец.

“Улады бачаць, што моладзь ужо мае настрой да пераменаў. І крымінальнымі справамі яе не спыніць,” – заявіў прэсавы сакратар руху “Зубр” Аляксандр Атрошчанкаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства