ЦВК прыўнёс у выбарчыя працэдуры не прадугледжанае заканадаўствам паняцце «памочнік члена ініцыятыўнай групы» і надзяліў яго насуперак заканадаўству пэўнымі паўнамоцтвамі

2010 2010-10-31T07:40:40+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пункт 6 Пастановы Цэнтральнай камісіі ад 15 верасня 2010 года №47 відавочна супярэчыць п. 8 ч. 16 арт. 61 Выбарчага кодэкса

Пункт 6 Пастановы Цэнральнай камісіі па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК) «Аб тлумачэнні прымянення палажэнняў арт. 61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць парадак збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асобаў, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у 2010 г.» ад 15 верасня 2010 года №47 тлумачыць парадак запаўнення падпісных лістоў пры зборы подпісаў выбаршчкаў. Паводле Пастановы, звесткі аб выбаршчыку ў падпісным лісце могуць запаўняцца як самім выбаршчыкам, так і іншай асобай па ягонай просьбе, ці членам ініцыятыўнай групы.

Такім чынам, ЦВК сваёй Пастановай дазволіла запаўняць падпісныя лісты, асобам якія не з’яўляюцца членамі ініцыятыўнай групы. Трэба адзначыць, што пры правядзенні выбараў Прэзідэнта ў 2001 і 2006 гадах, а таксама парламенцкіх выбараў 2008 года ў аналагічных пастановах ЦВК не ўказвалася на магчымасць уносіць дадзеныя выбаршчыка ў падпісныя лісты іншым асобам па просьбе выбаршчыка. Упершыню фармулёўка, якая дазваляе ўносіць дадзеныя аб выбаршчыку ў падпісны ліст іншымі асобамі, з'явілася падчас правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў шостага склікання (п. 6 Пастановы Цэнтральнай камісіі ад 21.01.2010 г. № 10). Аднак, пры праверцы подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі, акруговыя камісіі адмаўлялі ў рэгістрацыі некаторым прэтэндэнтам у сувязі з тым, што подпісы аб іх вылучэнні былі сабраныя не членамі іх ініцыятыўных груп.

Так, выбарчая камісія Заводскага раёна адмовіла Мікіту Краснову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты таму, што подпісы за яго вылучэнне былі сабраны не членамі ініцыятыўнай групы. Дадзены факт сведчыць аб тым, што пры праверцы сабараных подпісаў акруговыя камісіі кіраваліся патрабаваннямі арт. 61 ВК.

23 кастрычніка 2010 года ў Мінскай гарадской камісіі разглядалася скарга М. Краснова і В. Дыянава на парушэнні працэдур збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам ў Прэзідэнты А. Лукашэнкі падчас пікетаў каля ГУМа і Дома мэблі па вул. В. Харужай у Мінску. Пры гэтым было ўстаноўлена, што збор подпісаў ажыццяўляўся асобамі, якія не з’яўляюццца членамі ініцыятыўнай групы. Гэтыя асобы ўдзельнічалі ў пікетах па збору подпісаў, у тым ліку ў той час, калі член ініцыятыўнай групы адсутнічаў пры правядзенні пікета працяглы час. Менавіта таму да іх звярталіся грамадзяне, каб пакінуць свой подпіс у падтрымку кандыдата. Такім чынам, асобы, якія не з’яўляліся членамі ініцыятыўнай групы, фактычна арганізоўвалі збор подпісаў, а не проста ўносілі дадзеныя выбаршчыка ў падпісныя лісты па просьбе выбаршчыка. Дадзены факт не адмаўляўся і самімі членамі ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі А. Хмылём і Г. Атаманавым, ад імя якіх такія подпісы збіраліся. Аднак Мінская гарадская камісія пры прыняцці рашэння па скарзе М. Краснова і В. Дыянава спаслалася на згаданы вышэй п.6 Пастановы ЦВК №47 і не ўстанавіла факта парушэння выбарчага заканадаўства.

Каментуючы дадзеную скаргу ў інтэрв’ю для “Еўрапейскага радыё для Беларусі” сакратар ЦВК М. Лазавік заявіў, што праглядзеў відэа, знятае М. Красновым: «Мы давалі тлумачэнні, што падчас збору подпісаў запаўняць падпісны ліст, пісаць прозвішча, імя і імя па бацьку, пашпартныя дадзеныя мае права і памочнік члена ініцыятыўнай групы». Такім чынам, сакратар ЦВК прыўнёс у выбарчыя працэдуры непрадугледжанае заканадаўствам паняцце «памочнік члена ініцыятыўнай групы» і надзяліў яго насуперак заканадаўству пэўнымі паўнамоцтвамі.

Такая практыка прымянення разглядаемай Пастановы ЦВК, на думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», наўпрост супярэчыць Выбарчаму кодэксу, які ўстанаўлівае імператыўнае патрабаванне аб зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты (дэпутаты) выключна членамі ініцыятыуных груп. Выбарчы Кодэкс дае падрабязнае рэгуляванне працэдуры стварэння і рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Таксама ВК не толькі не прадугледжвае дэлегаванне трэцім асобам паўнамоцтваў члена ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў, але і абавязвае выбарчыя камісіі  прызнаваць несапраўднымі ўсе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі яны былі сабраныя асобай, якая не з’яўляецца членам ініцыятыўнай групы (п. 8 ч.16 арт. 61 ВК).

Такое вольнае тлумачэнне парадку збору подпісаў выбаршчыкаў членамі ініціыятыўнай групы на практыцы стварыла падставы да масавага выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць вылучэння кандыдатам дзеючага Прэзідэнта. Назіральнікамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» былі зафіксаваныя шматлікія факты збору подпісаў за вылучэнне А. Лукашэнкі асобамі, якія не з’яўляюцца членамі  ініцыятыўнай групы, а таксама факты прымусу да ўдзелу ў такім зборы супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў. Так, у г. Мінску журналістам Еўрарадыё патрапіў графік, распрацаваны аддзелам ідэалагічнай і выхаваўчай працы Упраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска. Згодна з гэтым дакументам, указаныя ў ім установы адукацыі павінны былі прадставіць па два чалавекі для ўдзелу ў пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне А. Лукашэнкі, гэта значыць, для працы «памочнікам» члена ініцыятыўнай групы. Факт існавання дадзенага дакумента быў падцверджаны праверкай ЦВК.

Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» нагадваюць, што адпаведна з арт. 61 ВК удзел адміністрацыі ў арганізацыі збору подпісаў, прымус у працэсе збору подпісаў забаронены, а парушэнне гэтых забаронаў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. На думку экспертаў, гэтыя нормы распаўсюджваюцца і на выпадкі ўдзелу ў арганізацыі збору подпісаў падначаленых прадстаўнікоў адміністрацый, якія знаходзяцца ў адпачынку, бо яны ўсё роўна ўспрымаюцца падначаленымі як іх непасрэдныя кіраўнікі. У сувязі з гэтым эксперты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары” лічаць, што тлумачэнне аб дапусцімасці ўдзелу прадстаўнікоў адміністрацый аганізацый у зборы подпісаў у непрацоўны час, дадзенае ў  Метадычных рэкамендацыях “Арганізацыйна-прававыя пытанні падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, зацверджаных Пастановай ЦВК ад 15.09.2010 г. № 43, супярэчыць патрабаванням арт. 61 ВК і на практыцы спрыяла выкарыстанню адміністратыўнага рэсурсу на карысць вылучэння ў якасці кандыдата дзеючага Прэзідэнта.

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” звяртаюць увагу членаў тэрытарыяльных выбарчых  (раёных, гарадскіх, раёных у горадзе) камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на неабходнасць строгага выканання палажэнняў арт. 61 Выбарчага кодэкса пры правядзенні праверкі дакладнасці подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international