viasna on patreon

БТ верны абранаму курсу -- курсу дэзінфармацый і правакацый

2006 2006-02-28T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

'26 лютага у праграме “Ў цэнтры ўвагі” на БТ былі паказаныя сфальшаваныя пратаколы апытаньняў, нібыта знойдзеныя ў офісе незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Партнёрства”. Супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі дэманстравалі “вынікі экзыт-полу”, якія нібыта былі падрыхтаваны літоўскім аддзяленьнем амэрыканскага сацыялягічнага Інстытуту Гэлапа. На пратаколах апытаньня выбарцаў была прастаўленая дата — 19 сакавіка. Паводле прыведзенага тэксту, кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч набраў 53,7% галасоў, Аляксандар Лукашэнка — 41,3%, старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандар Казулін — 3,8%, а лідэр лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч — 1,2%. У камэнтары да сюжэту гучалі словы пра тое, што апазыцыя “папярэдне рыхтуецца да масавай фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня”. А кіраўнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Валеры Надтачаеў сьцьвярджаў, што фінансуе дзейнасьць ініцыятывы “Партнэрства”, нібыта, амэрыканскі Нацыянальны дэмакратычны інстытут праз сваё кіеўскае аддзяленьне.

Дырэктарка літоўскага аддзяленьня Інстытуту Гэлапа Раса Алішаўскене называе гэты сюжэт па беларускім тэлебачаньні фальшыўкай: "Гэта сапраўдная фальшыўка. Быў паказаны нейкі бланк, але ён ня наш. Называлі нашае імя, але з намі гэта нічога агульнага ня мае. Там ужо стаяць нейкія даты, я так разумею, што бачыла па тэлебачаньні, дня выбараў. Гэтая фальшыўка ня мае да нас ніякага дачыненьня”. Раса Алішаўскене таксама сказала, што ўстанова, якой яна кіруе, не зьбіраецца праводзіць экзыт-полаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Літоўскае аддзяленьне Інстытуту Гэлапа ўжо накіравала ў СМІ ў гэтай справе адмысловы прэсавы рэліз.

Дырэктар ліквідаванага ў Беларусі і зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прафэсар Алег Манаеў лічыць гэты сюжэт правакацыяй: "Я вельмі добра ведаю гэтых людзей, гэтую інстытуцыю. Мы супрацоўнічалі з імі некалькі гадоў. Гэта вельмі паважаная і прафэсійная арганізацыя. Таму папярэдне падрыхтаваць гэтыя пратаколы для іх абсалютна немагчыма. Таму я абсалютна ўпэўнены, што гэта чыстай вады правакацыя з боку нейкіх беларускіх спэцслужбаў”.

21 лютага супрацоўнікі КДБ затрымалі ў Менску чатырох актывістаў ініцыятывы “Партнэрства” — Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую, Аляксандра Шалайку і Цімафея Дранчука. Усе яны знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Іх падазраюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў. Гэты артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне ад шасьці месяцаў да трох гадоў пазбаўленьня волі. Справу перадалі ў пракуратуру Менску, мерай стрыманьня абраны арышт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства