“Паўстае шмат пытанняў да Міністра адукацыі А.Радзькова, які кіруе ініцыятыўнай групай А.Лукашэнкі”

2010 2010-10-28T20:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/valiancin_stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Гэтымі днямі грамадскія актывісты Мікіта Красноў і Вячаслаў Дзіянаў накіравалі ў Цэнтральную камісію яшчэ адну скаргу па факту збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты А.Лукашэнкі не сябрамі ініцыятыўнай групы з ліку студэнтаў БДУІР. Пазней высветлілася, што сябра ініцыятыўнай групы, які “курыраваў” збор подпісаў студэнтамі, Хмыль А.А. з’яўляецца прарэктарам па вучэбнай працы БДУІР. Гэты яскравы прыклад выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу стаў нагодай для падачы новай скаргі ў ЦВК. Як Міністр адукацыі А.Радзькоў патлумачыць масавы ўдзел студэнтаў у пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне А.Лукашэнкі ў вучэбны час? Такім чынам пытанне ставіць аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч.

Факт, выкладзены ў папярэдняй скарзе грамадскіх актывістаў Краснова і Дзіянава, аб тым, што ў пікеце каля “Дома мэблі” па вуліцы Веры Харужай у Мінску прымалі ўдзел студэнты БДУІР, Аляксандр Хмыль пацвердзіў пры разглядзе скаргі ў Мінскай гарадской камісіі 23 кастрычніка. Атрымліваецца, што студэнты гэтай навучальнай установы ў вучэбны час прымалі ўдзел у пікеце (па словах Краснова, ён назіраў іх дзесьці напрацягу 11.00 - 15.00 гадзінаў), а сябра ініцыятыўнай групы – прарэктар іх універсітэта, у прамым падначаленні якога гэтыя студэнты знаходзяцца.

У сувязі з гэтым Мікіта Красноў задаецца пытаннем: на якіх падставах студэнты БДУІР у вучэбны час удзельнічаюць у пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты А.Лукашэнкі? І ў гэтым пытанні актывіста цалкам падтрымліваюць праваабаронцы.

Валянцін Стэфановіч лічыць выкладзеныя ў скарзе М.Краснова і В.Дзіянава факты яскравым прыкладам выкарыстання адміністратыўнага рэсурса, што, у сваю чаргу, з’яўляецца парушэннем ч.3 арт. 73 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якое заключаецца ў незаконным прыцягненні да дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню, асобаў, якія знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаванні.

- А  што датычыць удзелу студэнтаў у зборы подпісаў у вучэбны час, то ўсе мы ведаем, што ва ўніверсітэтах вядзецца ўлік наведвання студэнтаў і пропускі заняткаў з’яўляюцца парушэннем правілаў унутранага распарадку вну і могуць стаць падставай для адлічэння студэнтаў, - звяртае ўвагу праваабаронца.

У сувязі з гэтым, В.Стэфановіч узгадвае выпадак з прэс-сакратаркай “Маладога Фронту” Таццянай Шапуцька. За удзел у Форуме грамадзянскай супольнасці праграмы “Усходняе партнёрства”, які праходзіў у Бруселі 16 – 17 лістапада 2009 года, паспяховая студэнтка была адлічана з юрыдычнага факультэта БДУ. На ўдзел беларускіх студэнтаў у міжнародных мерапрыемствах патрэбны дазвол Міністэрства адукацыі, якога Т.Шапуцька не мела, таму яе адлічылі “за парушэнне правілаў унутранага распарадку”. З такой жа матывацыяй у 2006 годзе была адлічана з чацвёртага курса факультэта міжнародных адносінаў БДЭУ студэнтка Таццяна Хома - пасля ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі ў Францыі “Нацыянальныя студэнцкія аб’яднанні Еўропы”.

- Хацелася б запытацца ў кіраўніка ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, як ён патлумачыць масавы ўдзел студэнтаў у пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне А.Лукашэнкі менавіта ў вучэбны час. Бо такі факт не толькі каля Дома мэблі зафіксаваны. “Праваабаронцы за свабодныя выбары” неаднаразова фіксавалі выпадкі ўдзелу студэнтаў у вучэбны час у пікетах за вылучэнне Лукашэнкі ў цэнтры Мінска, - адзначае В.Стэфановіч.

Улічваючы тое, што Міністр адукацыі кіруе ініцыятыўнай групай А.Лукашэнкі, праваабаронца звяртае ўвагу яшчэ на некаторыя факты, зафіксаваныя як у Менску, так і па краіне, наконт якіх хацеў бы пачуць каментары Аляксандра Радзькова.

- Узгадаю, у прыватнасці, графік, які патрапіўся журналістам “Еўрапейскага радыё для Беларусі”. Дакумент, распрацаваны Упраўленнем адукацыі Ленінскага раёна Мінска, быў распаўсюджаны сярод адукацыйных установаў з просьбай да кіраўнікоў дзіцячых садкоў і школаў прадаставіць “маладых і ініцыятыўных работнікаў” для ўдзелу ў пікетах у Серабранцы. Зноўку ж паўстае пытанне да Міністра адукацыі Радзькова: якое дачыненне мае Упраўленне адукацыі Ленінскага раёна да выбарчага штаба Лукашэнкі і правядзення пікетаў за яго вылучэнне? Як можна было задзейнічаць Упраўленне адукацыі ў мэтах, што спрыяюць вылучэнню кандыдата ў прэзідэнты? Таксама пытанне – хто аплочвае працоўны час супрацоўнікам адукацыйных установаў, якія знаходзяцца на такіх пікетах? Таму што ў адпаведнасці з тым жа графікам, на пікетах яны знаходзяцца з 10.00 да 15.00 і з 15.00 да 19.00. Ім за гэта адгулы прадастаўляюць ці прэміі выдаюць? – цікавіцца В.Стэфановіч.

У працяг праваабаронца ўзгадвае прыклад, калі ў Гомелі прарэктар па выхаваўчай працы  БелДУТ, якая з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы А.Лукашэнкі, збірала подпісы ў будынку ўніверсітэта ў сваіх студэнтаў. У дадзеным выпадку анекдатычным выглядае адказ гомельскай ТВК пра тое, што Галіна Чаянкова збірала подпісы падчас адпачынку – нібыта гэта мяняе пытанне падпарадкаваннасці студэнтаў прарэктару вну.  

- Гэта ўсё чысцейшыя праявы адміністратыўнага рэсурсу. Калі заканадаўцы ўносілі норму - арт.61 ВК РБ - аб тым, што забараняецца ўдзел адміністрацыі ў зборы подпісаў, яны мелі на ўвазе, у першую чаргу, пытанне падпарадкаванасці і выключэнне магчымасці выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу, - тлумачыць В.Стэфановіч. - Адміністрацыя не павінна выкарыстоўваць сваё службовае становішча ў мэтах прыцягнення сваіх непасрэдных падначаленых да ўдзелу ў мерапрыемствах, якія спрыяюць вылучэнню ці абранню пэўнага кандыдата. Гэта забаронена дзеючым заканадаўствам. І абурае тое, што Цэнтральная камісія ўхіляецца ад дачы прававой ацэнкі ўсім гэтым фактам, скідаючы ўсе атрыманыя скаргі на ўзровень тэрытарыяльных камісій.  

Тое, што прадстаўнікі ўлады у сваіх мэтах выкарыстоўваюць найменш абароненыя колы насельніцтва - тых жа выхавацеляў дзіцячых садкоў, якія працуюць на кантрактах і трымаюцца за сваю працу, студэнтаў - ведаючы, што гэтыя людзі не могуць адмовіцца, праваабаронца лічыць сведчаннем  бессаромнасці і цынічнасці дзеючай улады.   

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international