Пікеты па зборы подпісаў за Лукашэнку ахоўваюць студэнты

2010 2010-10-22T14:35:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/minsk-piket-nekliaeu-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Карэспандэнт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прайшлася па палатачным гарадку, у які ператварыўся цэнтр Мінска

Цэнтральная частка сталіцы сёння – своеасаблівы невялікі палатачны гарадок. Толькі, у адрозненне ад мінулых прэзідэнцкіх выбараў, тут ідзе не мірная акцыя пратэсту, а яшчэ больш мірны збор подпісаў. Мір гэты парушаюць час ад часу толькі невядомыя мінакі, падобныя то на нязгодных з палітыкай, а то і проста на правакатараў.

Самая прыгожы мінскі намёт, ён жа самы першы – за Някляева каля ГУМа. Пытаюся ў палатачнікаў-першапраходцаў, як ідзе збор подпісаў, ці не разганяюць іх за выстаўленую палатку. Бадзёрыя жвавыя хлапцы, апранутыя  паверх куртак у камізэлькі з лагатыпам “За НякляеVа!”, адказваюць: маўляў, усё ў парадку, а калі што, і самі можам каго хочаш паганяць. На гэта моўчкі ўсміхаецца кардонная фотапостаць самога Уладзіміра Пракопавіча. Фігура здалёк выглядае як жывая, яна (прыблізна) у поўны рост. Цяпер паэт прэзідэнцкай кампаніі заўсёды прысутнічае побач са зборшчыкамі подпісаў…

Пікет за Раманчука, што месціцца праваруч ад някляеўцаў, выглядае больш сціпла – навідавоку, але без намёту. Затое леваруч ад белай палаткі і постаці Някляева – сіня-белая, крыху большая, з двума сцягамі “Еўрапейскай Беларусі”. Тут размясціліся сябры ініцыятыўнай групы Саннікава. Яшчэ лявей, бліжэй да ўваходу ў ГУМ, сціпла прытуліліся столік і стэнд Рымашэўскага. Як заўжды сярод дня, на праспекце Незалежнасці паўз ГУМ праходзяць вераніцы люду. Мінчукі спяшаюцца па справах, многія азіраюцца на стэнды і палаткі прэтэндэнтаў у кандыдаты, нехта, не збаўляючы хады, крочыць далей, нехта скіроўваецца на прыпынак аўтобуса.  Але сюд-тут ды набліжаюцца адзін, два, тры чалавекі да палатачнага міні-мястэчка, чытаюць, распытваюць, падпісваюцца. Паназіраўшы, раблю выснову, што часцей ідуць да Някляева, але яшчэ часцей абыходзяць усіх чатырох, і з палаткамі, і без. Дарэчы, някляеўцы перасталі крычаць у мегафоны: “Гавары праўду!”, як гэта яны рабілі на гэтым самым месцы ў першыя дні збору подпісаў.

“А дзе ж намёт Лукашэнкі? – пытаюся цяпер у зборшчыкаў подпісаў. – Яго што, прыбралі назаўсёды?” – “Ды не, вунь сабе стаіць!” Хлопцы махаюць у патрэбны бок. Але я не бачу намёту – бачу звычайную гандлёвую палатку. Летам падобная стаяла тут, я купляла ў ёй марожанае. Потым,пад восень, купляла ў такой самай сшыткі, алоўкі… Цяпер тут усё так звыкла, што, шчыра кажучы, першае ўражанне -- гандаль працягваецца! “Тавар” толькі змяніўся. А палатка знаёмая!

Такім чынам, нешта кшталту кіёска па збору подпісаў за дзеючага прэзідэнта стаіць крыху асобна ад іншых пікетаў – з іншага боку ад ўваходу ва  ўнівермаг. Побач праходжваюцца два маладыя хлапцы. “Вы студэнты?” – “Так”. -- “Сябры ініцыятыўнай групы?” – “Не”. Дык, пытаюся, як гэта вы тады подпісы збіраеце? Адказ нечаканы: “А мы не збіраем подпісы, нас адмыслова тут для іншага паставілі. Папрасілі адганяць асабліва буйных”. – “І што, іх так шмат?” Хапае, адказваюць яны. “Вось толькі што адзін быў…” – шматзначна дадаюць яны, і ў вачах з’яўляецца насцярожанасць. Убачыўшы фотаапарат у маіх руках, ахоўнікі адступаюць у бок. Кідаю позірк у палатку: мужчына стаіць каля ўваходу, у глыбіні сядзяць некалькі жанчын, адзінокія і невясёлыя. За ўвесь час маіх гутарак і здымкаў да жоўтай палаткі-кіёска, самай вялікай, што ўзвышаецца над усімі астатнімі, ніхто так і не падыйшоў…

Затое падыйшлі да мяне. Пасля яе фатаграфавання.

Не скажу, што гэта быў напад, не. Проста коратка стрыжаны мажны мужчына ў сіняй куртцы з дурашліва-паблажлівай усмешкай пачаў пытацца, як я сябе адчуваю. “Дзякуй, добра”, -- задумліва кідаю, наводзячы аб’ектыў з іншага ракурсу на іншы пікет. Мужчына наблізіўся ўшчыльную, працягнуў руку і адкрыў рот, каб нешта сказаць. Давялося быйсці яго некалькі разоў, каб не замінаў. Зразумеўшы, што мне лёгка зараз засняць яго твар, мужчына пачаў махаць рукамі з той жа дурацкай усмешкай. Згадваю бадзёрых някляеўцаў. Са спадзевам, што майго пераследніка яны зараз “паразганяюць”, шукаю паратунку. “Да мяне чапляецца нейкі маньяк! Махае рукамі на лічбавую тэхніку!” -- “Дзе ён? Пакажыце!” – някляеўцы гатовыя прыйсці на дапамогу. Але дзіўны чалавек у сіняй куртцы ўжо нібы скрозь зямлю праваліўся…

Апынуўшыся на станцыі метро “Маскоўская”, сустракаю знаёмы намёт Саннікава. Такі самы, як ля ГУМа, толькі еўрапейскіх сцягоў наверсе не два, а адзін. Палатка размешчана сімвалічна – каля “Еўрапейскага” універсама. У ёй сядзіць адзіны чалавек, але на выгляд моцны і сур’ёзны. Ён кажа, што перашкодаў па збору подпісаў няма. Тым не менш, працягвае, прыходзіў нейкі чалавек, спрачаўся, спрабаваў уцягнуць з сабой намёт. Удалося прагнаць яго… Размову перапыняе чалавек спартыўнага выгляду гадоў трыццаці, што подбегам набліжаецца ад аўтастаянкі ля крамаў.  “За каго аддаем галасы? – кажа ён. -- Спадзяюся, не за апазіцыю?” Пачуўшы адказ, што, вядома, за апазіцыю, чалавек надзіва хутка дастае пашпарт і без пытанняў падпісваецца за Саннікава.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international