viasna on patreon

Адноўлена расследаванне справы аб забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай

2006 2006-02-24T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэтую інфармацыю пацвердзіў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў. На пытанне, што сталася нагодай для гэтага ці звязана гэта з утрыманнем пад вартай сына журналісткі Антона Філімонава, сп. Іваноў адказваць адмовіўся.
БАЖ нагадвае, што ў газеце "Рэспубліка" ад 17 лютага г.г. былі працытаваныя словы намесніка Генеральнага Пракурора РБ В. Пруса, які выказаў занепакоенасць тым фактам, што забойцы Веранікі Чаркасавай дагэтуль не прыцягнутыя да адказу. Ён рашуча адмовіў сувязь паміж следствам па справе аб забойстве журналісткі і затрыманнем яе сына. Ён таксама заявіў, што "нікому не дазволена" аказваць ціск на следства, - відавочна, маючы на ўвазе зварот да грамадскасці, распаўсюджаны ў Інтэрнэце блізкімі падлетка.
20 лютага бабуля і дзядуля Антона Філімонава Дыяна Чаркасава і Уладзімір Мялешка накіравалі зварот старшаму следчаму СУ ПР ГУУС Мінгарвыканкама Апарыну, які вядзе справу падлетка. У лісце яны цытуюць фрагменты сваёй перапіскі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў розных узроўняў, з якіх вынікае, што ў дачыненні да Антона ўсё ж такі праводзіліся дзеянні, "накіраваныя на праверку яго магчымай спрычыненасці да забойства Чаркасавай". Яны прыклалі да ліста шэраг адпаведных дакументаў з просьбай далучыць іх да крымінальнай справы аб фальшывых купюрах.
"Мы разумеем, што намеснік Ген. пракурора пагражае нам за тое, што мы нібыта ўмешваемся ў хаду расследавання, аказваем ціск на следства. І гэта - суцэльныя хітрыкі. З 30 снежня 2005 г. і да 13 лютага 2006 г. ніякіх следчых дзеянняў па справе аб фальшывых грашовых знаках не вялося, і ціснуць не было на што. Літсты, якія пісалі самыя розныя людзі (у тым ліку настаўнікі і аднакласнікі Антона), подпісы, якія людзі ставілі пад зваротам у пракуратуру, ніяк нельга назваць ціскам", - гаворыцца ў лісце блізкіх падлетка. "Віктара Пруса непакоіць, што забойцы Веранікі дагэтуль не прыцягнутыя да адказу. Адканасць кладзецца на праваахоўныя органы. Але навошта ж затыкаць свае "прорехи" лёсамі невінаватых людзей: падлетка, які згубіў маці, і двух старых людзей…" Як паведамілі БАЖ блізкія А. Філімонава, днямі следчы Апарын заявіў ім, што не збіраецца змяняць меры стрымання падлетку, хаця яшчэ ў часе допыту 13 лютага асабіста казаў Антону, што праз некалькі дзён адпусціць яго дахаты.
Нагадаем, што папярэдняе расследаванне справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай было прыпынена ў канцы снежня 2005 г. "у сувязі з неўстанаўленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага".
А. Філімонава затрымалі 27 снежня супрацоўнікі Першамайскага РУУС па падазрэнні ў вырабе беларускіх грашовых купюраў. У яго і яшчэ чатырох яго знаёмых знайшлі некалькі фальшывых купюраў, і ў дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 221 КК РБ. Усе пяцёра правялі некалькі сутак у следчым ізалятары часовага ўтрымання, аднак 30 снежня ўсіх, акрамя Антона, адпусцілі. Мера стрымання ў выглядзе ўтрыманныя пад вартай была прымененая толькі да яго. Ён дагэтуль утрымліваецца ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Мінску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства