viasna on patreon

ЦВК вынес папярэджанне ініцыятыўнай групе Уладзіміра Някляева

2010 2010-10-14T16:32:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nekliaev.jpg

Цэнтральная выбарчая камісія вынесла папярэджанне ініцыятыўнай групе па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі лідара кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміра Някляева.

Гэта першае папярэджанне, вынесенае ЦВК ініцыятыўнай групе прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта на сёлетніх выбарах.

Як зазначалася 14 кастрычніка на пасяджэнні ЦВК, у камісію паступіла шмат скаргаў на дзеянні ініцыятыўнай групы Някляева. Сярод зафіксаваных парушэнняў — распаўсюджванне агітацыйнай друкаванай прадукцыі пра Някляева, вырабленай за мяжой (у Расіі), у той час як агітацыя ў перыяд збору подпісаў забаронена, збор подпісаў непаўналетнімі, што забаронена законам, а таксама перадача пасведчанняў членаў групы іншым асобам. Апрача таго, у непаўналетніх членаў групы было знойдзена каля 50 агітацыйных улётак, паведамілі ў ЦВК.

У адказ на гэта кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што лідар кампаніі "Гавары праўду!" не даваў даручэнняў непаўналетнім збіраць подпісы ў яго падтрымку.

Дзмітрыеў таксама адмаўляў факт перадачы пасведчанняў трэцім асобам.

Што тычыцца распаўсюджвання агітацыйных улётак пра Някляева, то, паводле слоў Дзмітрыева, штабу пра гэта вядома. Гэтыя дзеянні ён назваў правакацыяй. Ініцыятыўная група лідара кампаніі "Гавары праўду!", паводле слоў Дзмітрыева, не рабіла заказу на выраб гэтых улётак і не займалася іх распаўсюджваннем.

Аднак прадстаўнікі ЦВК, у тым ліку кіраўнік камісіі Лідзія Ярмошына, палічылі відавочнымі факты парушэння выбарчага заканадаўства групай Някляева.
"Даўно вядома, што група парушае заканадаўства, прычым з ведама Някляева. Адназначна, ваша група напрошваецца на санкцыі. Група цікавая, але закон ёсць закон", — заявіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Як заявіла журналістам пасля заканчэння пасяджэння Ярмошына, аднаго папярэджання дастаткова, каб адмовіць Някляеву ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, калі парушэнні будуць працягвацца.

"Адмова ў рэгістрацыі — гэта вельмі жорсткі шлях. Мы такую перспектыву зараз не разглядаем", — сказала кіраўнік ЦВК.

Яна выказала надзею на выпраўленне ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева.

Ярмошына таксама паведаміла, што Цэнтрвыбаркам не звяртаўся ў расійскую друкарню, дзе былі надрукаваны агітацыйныя матэрыялы пра Някляева. "Мы маем вопыт зносінаў з камерцыйнымі арганізацыямі. Як правіла, ніводзін з такіх запытаў не выконваецца", — сказала яна.

"Не мае вялікага значэння вызначэнне, хто з'яўляецца канкрэтным заказчыкам матэрыялаў, — дадала кіраўнік ЦВК. — Галоўнае — распаўсюджванне гэтых агітацыйных матэрыялаў ішло сіламі ініцыятыўнай групы Някляева. Гэта галоўная падстава для прынятага намі рашэння аб вынясенні папярэджання".

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства