viasna on patreon

Што адкажа Прэзідэнт Лукашэнка на зварот Сьняжаны Неўдах?

2010 2010-10-13T15:01:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sviatlana_juk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
фота belapan.com

фота belapan.com

Маці траіх дзяцей пісьмова зьвярнулася да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, каб ён дапамог атрымаць маці растралянага па прысуду суда Андрэя Жука звесткі пра месца пахаваньня сына.

Жыхарка Берасця Сьняжана Неўдах лічыць, што дапамогу Святлане Жук  можна было б назваць гуманным крокам з боку Прэзідэнта.

Прыводзім гэты ліст цалкам:

“Добры дзень, паважаны Аляксандр Рыгоравіч!
Піша Вам Сняжана Неўдах з горада Брэста. Хоць я разумею, што адрасаваную вам карэспандэнцыю праглядаеце не Вы асабіста, аднак спадзяюся, што просьба мая будзе пачутая, і рашэньне прымеце Вы. Я вельмі хачу дапамагчы адной жанчыне - Святлане Жук, якая жыве ў горадзе Салігорску. Яе сын Андрэй Жук быў асуджаны да выключнай меры пакараньня - сьмяротнага пакараньня ў ліпені 2009 года. Прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў сакавіку гэтага года.
Мне складана зразумець, якое пакараньне палохае асуджанага больш - сьмерць або пажыцьцёвае зняволеньне, але тыя, хто прыводзіць прысуд у выкананьне, па сутнасьці, здзяйсняюць тое ж, што і асуджаныя. Я іх не асуджаю, але і не разумею. Сына Святланы ўжо не вернеш, яго асудзілі, прысуд прывялі ў выкананьне. Для маці страта сына - гэта гора. Але Святлана Жук пакутуе яшчэ і таму, што ёй не выдалі цела яе дзіцяці, якога яна выносіла пад сэрцам, выгадавала і так жудасна страціла, пакутуе ва ўспамінах, што ж яна зрабіла не так, бо ў радзільным доме з нараджэньнем дзіцяці інструкцыю па выхаваньню ніхто не прыкладае, і кожная маці выхоўвае, як ёй здаецца, правільным і як падказвае ёй сэрца.
Сын ужо пакараны за зробленае, навошта караць ўсіх яго блізкіх? Я ведаю, што па законе цела не выдаюць, толькі прычына мне невядомая. Але калі выдаць цела немагчыма, то маці хоча ведаць хоць бы месца пахаваньня сына. Бо гэта адзінае месца, дзе яна зможа з ім развітацца і паплакаць над яго магілай, а не ў пустэчу, якая раздзірае яе сэрца і душу.
Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, вельмі Вас прашу дапамагчы гэтай сям'і! Мне хочацца ёй дапамагчы, але я не ведаю як!? Бачна, што Вы адзіны, хто можа вырашыць гэтае пытаньне. Няхай Святлана здабудзе часцінку згубленага спакою і душэўнай раўнавагі. Няхай маці смуткуе аб страце сына над яго магілай, бо гэта самае малое, што яна можа атрымаць на шляху да пакоры з рэальнасьцю, якая раптам увайшла ў яе жыцьцё, якую ніхто не чакае і пра якую ніхто не думае. Балюча глядзець у яе сумныя вочы, з якіх здрадліва выкатваюцца слёзы, адлюстроўваючы ўсю боль, якая як гаспадыня пасялілася ў яе душы.
Аляксандр Рыгоравіч, калі ласка, дапамажыце Святлане!
З павагай, Сняжана Неўдах”

Нагадаем, што раней Сьвятлана Жук зьвярталася ў Міністэрства ўнутраных спраў з просьбаю паведаміць пра месца пахаваньня яе сына. Але ёй  у гэтым было адмоўлена. Дэпартамент па выкананьню пакараньняў МУС спаслаўся на артыкул 175 Крымінальнага кодэксу, згодна якога “цела для пахаваньня не выдаецца, пра месца пахаваньня не паведамляецца".

4 кастрычніка маці Андрэя Жука абскардзіла рашэньне Дэпартамента ў судзе Ленінскага раёна Мінска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства