Шклоў: На дзеянні сябраў ініцыятыўнай групы Лукашэнкі пададзена скарга

2010 2010-10-13T09:36:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На малой радзіме кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Шклоўскім раёне пачалась рэгістрацыя назіральнікаў пры Шклоўскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведаміла ў артыкуле “В деловой обстановке” раённая газета “Ударны фронт”, заснавальнікамі якой з’яўляюцца Шклоўскі райвыканкам і Шклоўскі раённы Савет дэпутатаў.

У прыватнасці, газета паведамляе, што, па дадзеных сакратара раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Інэсы Бугаевіч, на канец мінулага тыдня ў камісіі зарэгістравана пяць назіральнікаў, і гэты працэс працягваецца. Сярод зарэгістраваных назіральнікаў ёсць прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і назіральнікі, якія атрымалі такое права па заявах грамадзян.

Таксама ў артыкуле пішацца пра тое , што ў горадзе Шклове і іншых населеных пунктах раёна зараз актыўна працуюць члены ініцыятыўных груп па збору подпісаў у падтрымку  кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Яны праводзяць гэту працу шляхам абыходу кватэр і дамоў, арганізоўваюць пікеты ў грамадскіх месцах. А на інтэрнэт-сайце газеты www.udarnyfront.by у гэтым жа артыкуле (толькі ён ужо носіць назву “В спокойной деловой обстановке”) дадаткова пішацца пра тое, што пікеты праводзяцца не бліжэй 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў і што працэс збору подпісаў праходзіць у спакойнай дзелавой абстаноўцы без парушэнняў заканадаўства аб выбарах.

Па нашых звестках, подпісы за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты ў Шклоўскім раёне збіраюць ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Рыгора Кастусёва, Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава і Віталія Рымашэўскага. Пікет па збору подпісаў у горадзе Шклове пакуль выстаўляла толькі ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, што назіральнік пры Шклоўскай раённай камісіі Міхаіл Кучарэнка 7 кастрычніка падаў у камісію скаргу на дзеянні менавіта членаў гэтай групы. У скарзе, у прыватнасці, гаворыцца пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за дзеючага кіраўніка краіны, а таксама пра тое, што пікет па збору подпісаў ініцыятыўня група Аляксандра Лукашэнкі выстаўляла ў месцы, якое ўваходзіць у пералік забароненых згодна з рашэннем Шклоўскага райвыканкама.

У чацвер, 14 кастрычніка, Шклоў павінен наведаць прэтэндэнт у кандыдаты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які шмат гадоў жыў і працаваў у гэтым горадзе. Чакаецца, што ў гэты дзень яго прыхільнікі арганізуюць у Шклове першы пікет па збору подпісаў у яго падтрымку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international