viasna on patreon

У Віцебску затрымалі ўдзельнікаў агітацыйнага пікету за Мілінкевіча

2006 2006-02-20T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла радыё Свабода, 19 лютага аб 11-й раніцы пікетоўцы ўладкаваліся каля будынка чыгуначнага вакзалу, паставілі стэнд з партрэтам кандыдата Аляксандра Мілінкевіча і пачалі адказваць на пытаньні мінакоў. Праз 15 хвілін да іх падышлі супрацоўнікі мясцовага аддзяленьня міліцыі. Пераканаўшыся, што пікет не замінае руху людзей па Прывакзальнай плошчы, міліцыянты адышлі. Але неўзабаве зьявіліся іхныя калегі з Чыгуначнага райаддзелу, а праз некаторы час пад'ехаў і сам начальнік раённага аддзелу міліцыі. Ён выказаў сумневы, што сябры ініцыятыўнай групы маюць права праводзіць агітацыю менавіта ў гэтым месцы.

Пікетоўцаў Улада Токарава і Канстанціна Перагуда папрасілі паехаць у пастарунак, дзе яны мусілі напісаць тлумачэньні.
На разьбіральніцтва з агітатарамі за Аляксандра Мілінкевіча запрасілі кіраўніка справамі Чыгуначнага райвыканкаму і супрацоўніка ідэалагічнага аддзелу. Яны засьведчылі, што ўдзельнікі пікету парушылі адміністрацыйнае заканадаўства, бо праводзілі агітацыю ў неналежным месцы. Чыноўнікі паказалі пералік вызначаных дзеля гэтага месцаў, прычым высьветлілася, што на ўвесь Чыгуначны раён іх усяго тры і што яны прызначаныя не для правядзеньня агітацыйных пікетаў, а толькі для разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў, да прыкладу, у вітрынах крамаў.

Як патлумачылі прадстаўнікі Чыгуначнае адміністрацыі, адмысловыя месцы для агітацыі даўно прызначаныя райвыканкамамі вобласьці. Але пра гэта нідзе шырока не паведамлялася, што пацьвердзіў назіральнік пра абласной выбарчай камісіі Канстанцін Смолікаў: "Пра тое, што існуюць адмыслова адведзеныя пад агітацыю месцы, ніякае інфармацыі няма. Пра гэта мы даведаліся толькі сёньня, калі быў затрыманы пікет з інфармацыяй пра Аляксандра Мілінкевіча. Кіраўнік справамі Чыгуначнага раёну прынёс пастанову, датаваную яшчэ 4-м студзеня. Гэта адбылося ўжо даўно, але інфармацыі не было ні ў перыядычным друку, ні ўвогуле ў камісіях нам пра гэта не казалі".

У агітатараў за Аляксандра Мілінкевіча забралі інфармацыйны стэнд, склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі і выклікалі на пасяджэньне адміністрацыйнай камісіі 22-га лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства