Улады Мінскага раёну фактычна адмянілі забарону на збор подпісаў у бальніцах і школах

2010 2010-10-11T17:00:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі раённы выканаўчы камітэт прымаў рашэнне аб пераліку забароненых для збору подпісаў месцаў двойчы. Абодва яны абсалютна адкрыта апублікаваныя на сайце органа мясцовай улады www.mrik.gov.by. Цяжка не звярнуць увагу на некаторыя змены, якія былі ўнесены другім рашэннем праз тыдзень пасля вынясення першага.

Першае рашэнне Мінрайвыканкаму, датаванае 23-м верасня, было прынята, як указана ў тэксце дакумента, на падставе не толькі часткі 4 арт. 65, часткі 9 арт. 61 Выбарчага кодэксу РБ, але і тэлеграмы аблвыканкама ад 21 верасня. Рашэнне раённай улады ад 30 верасня, у якім выкладзены змены ў першае, выглядае больш самастойным – прынамсі, ніякіх спасылак на дасланыя “зверху” інфармацыйныя дакументы ў ім не ўтрымліваецца. Што датычыць сутнасці зменаў, то раённая “вертыкаль”, па-першае,  адмяняе забарону на збор подпісаў “на адлегласці менш за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў”. А па-другое, пералік забароненых месцаў, які праіснаваў тыдзень, моцна скарачаецца за кошт тэрыторый установаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва.

Каб не быць галаслоўнымі, працытуем тэкст п. 1.2 рашэння райвыканкаму ад 23 верасня, якое было дзейсным на працягу 1 тыдня. У ім утрымлівалася забарона на збор подпісаў “на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энэргазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя ўстановы)”.  Другі варыянт рашэння мінрайвыканкама здымае забарону на ўсе ўстановы, указаныя ў пераліку ў дужках у цытаваным тэксце.

Як вядома, усё, што не забаронена заканадаўствам, - дазволена. Такім чынам, подпісы за вылучэнне кандыдатаў у прысталічным рэгіёне афіцыйна дазваляецца збіраць не толькі ў прыгарадных электрычках ці нешматлікіх падземных пераходах, што сустракаюцца ў асноўным у радыусе 1-3 кіламетраў вакол кальцавой дарогі. Паставіць пікеты ці хадзіць з падпіснымі лістамі, сцягам і партрэтам цалкам законна ў паліклініках і бальніцах – напрыклад, у Бараўлянах, - школах і дзіцячых садках, амаль каля кожнай буйной, па мерках мястэчка ці вёскі, установы, акрамя мясцовых саветаў. А калі ўлічыць, што аб’ектаў, звязаных з абаронай і дзяржбяспекай, у сельскай мясцовасці вакол сталіцы практычна няма, то можна сказаць, што прысталічча бярэ прыклад са сталіцы ў ліберальнасці.

Аднак, нажаль, якраз у Мінскім раёне (нават у яго буйных паселішчах, такіх, як Ждановічы, Бараўляны, іншыя цэнтры сельсаветаў, а таксама горад Заслаўе) актыўнасць ініцыятыўных групаў зараз практычна нулявая. У большасці вёсак ідзе толькі збор подпісаў за А.Лукашэнку намаганнямі супрацоўнікаў сельскіх саветаў. Між тым далёка не ўсе жыхары раёна гатовыя падтрымаць дзеючага прэзідэнта. Тым не менш, адмыслова ехаць у Мінск, толькі каб падпісацца за вылучэнне іншага прэтэндэнта на высокую пасаду, многія таксама не могуць альбо не хочуць.   

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international